viasna on patreon

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XIX. ПАМІЛАВАНЬНЕ “ДЗЕКАБРЫСТАЎ”

2020 2020-05-19T11:23:10+0300 2020-05-26T12:36:29+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzmitry_drozd_na_voli.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Не пасьпеў я яшчэ абжыцца ў 15-й камеры, як газеты прынесьлі нечаканую прыемную навіну. 11 жніўня, літаральна праз тыдзень пасьля маго арышту, памілавалі першых дзевяцёх палітычных зьняволеных! Валодзя, пачуўшы пра гэта, памаўчаў, а потым сказаў, пасьміхаючыся:

“Алесь, можаш і кешар не раскладаць, хутка і цябе выпусьцяць”.

Спадзяваньне ізноў зацяплілася ў мяне, хоць і абвінавачваньне прад’явілі, але ж хто яго ведае, справа палітычная, усё можа быць. Але я імкнуўся моцна ў яго ня верыць.

Было ж ужо такое, калі ў 2007 годзе амніставалі Міколу Статкевіча і Паўла Севярынца, а ў 2008 годзе памілавалі палітзьняволенага Аляксандра Казуліна. Пагроза паглыбленьня эканамічных санкцыяў і зараз змусіла беларускія ўлады адступіць. Хаця яны імкнуліся захаваць твар, аформіць усё “па закону”. Усіх абвінавачаных асудзілі, далі тэрміны, разаслалі па зонах і толькі потым усё ж вырашылі адпусьціць.

“Можа і са мной такое будзе”, – гадаў я.

У лісьце да Насты Лойкі ад 25 жніўня я пісаў:

“Вельмі добра, што выпусьцілі першых 9 чалавек. Меней клопатаў, і ёсьць спадзяваньне, што неўзабаве выпусьцяць і іншых”.

У першай дзявятцы быў вызвалены Васіль Парфянкоў.

Праўда, “дзекабрыстаў” адпускалі ня так, як ранейшых палітвязьняў. Абавязковай умоваю было напісаньне памілаванкі на імя прэзідэнта. Вызваленыя палітычныя распавялі, як гэта адбывалася.

Уладзімір Яроменак, які сядзеў на “Віцьбе-3”:

Да мяне прыехалі і проста сказалі, што, маўляў, ёсьць магчымасьць вызваліцца, напішыце прашэньне аб памілаваньні. Вядома, узгадалі і бацькоў – што ім цяжка. Карацей, ціснулі маральна”.

Аляксандр Квяткевіч з калоніі №22 “Ваўчыныя Норы”:

“Выклікала кіраўніцтва калоніі, прапанавала напісаць прашэньне аб памілаваньні. Я напісаў.
– А віну прызналі?
– Так”.

У бабруйскай калоніі №2, куды пасьля Валадаркі і Жодзінскага СІЗА патраплю я, сядзела аж чацьвёра “дзекабрыстаў”. Трое зь іх – Дзьмітры Дрозд, Сяргей Казакоў і Арцём Грыбкоў напісалі памілаванку.

dzmitry_drozd_na_voli.jpg
Дзьмітры Дрозд на волі. Фота "Наша Ніва"

Дзьмітры Дрозд распавёў:

“Чалавек, які прыяжджаў да нас у зону, не настойваў на нейкай пэўнай фармулёўцы. Ён прапанаваў нам тэкст, у якім было напісана, што я цалкам прызнаю сваю віну і раскайваюся, на што я сказаў, што не прызнаю сваю віну па-ранейшаму. Тады ён прапанаваў папрацаваць над фармулёўкай, якая нас усіх задаволіць. І я прапанаваў напісаць, што раскайваюся ў тым, што асабіста я зрабіў. Яго гэта задаволіла – маўляў, фармальнасьць, якую трэба выканаць. Мы выканалі, і літаральна праз 5 дзён мы былі ўжо на волі”.

Чацьвёрты з бабруйскіх “дзекабрыстаў”, Андрэй Пратасеня, адразу прозьбу аб памілаваньні не напісаў, і яго прытрымалі яшчэ на пару тыдняў, пакуль усё ж такі не дабіліся свайго. Андрэя і яшчэ трох іншых палітычных зьняволеных, у тым ліку і Алега Гнедчыка, выпусьцілі на волю 1-га верасьня.

Чаму прозьба аб памілаваньні была патрэбная ўладам? Маё меркаваньне: дзеля апраўданьня рэпрэсій. Пасьля вызваленьня 1-га верасьня 2011 году чарговай партыі палітзьняволеных прэс-служба Лукашэнкі паведаміла: “Асуджаныя заявілі, што раскайваюцца, прызнаюць віну і супрацьпраўны характар сваіх дзеянняў і гатовыя надалей строга трымацца заканадаўства Беларусі”.

Ганебная традыцыя выбіваць з палітычных памілаванку існавала яшчэ ў савецкія часы. Так зьнішчалі аўтарытэт палітзэкаў у вачах іхніх саратнікаў на волі. Хоць і мінула даволі часу, а кэдэбэшныя ўхваткі і прыёмы засталіся ўсё тыя ж.

Радыё Свабода па гарачых сьлядох першых памілаваных узяла каментар у вядомых дэсідэнтаў. Уладзімір Букоўскі, які адсядзеў у псіхушках і турмах дванаццаць гадоў, сказаў:

“Сытуацыю параўноўваць цяжка. У нашы часы ў людзей былі тэрміны па 10-15 гадоў. Але агульная маральная ацэнка была прынятая такая: чалавек мае права выйсьці з гульні. Калі ён адчувае, што не вытрымлівае, гэта яго права выйсьці, калі ён пры гэтым нікога не агаворвае, не пляжыць, не прадае. Калі ласка. Але гэта азначала, што ён выбываў з нашага кола, зь ім ужо мала хто камунікаваў. Гэта было не прынята.

Міхась Кукабака, наш беларускі дысідэнт, патрыярх турмаў і псіхушак, адказаў такім чынам:

Лукашэнка карыстаецца вопытам савецкіх кіраўнікоў, якія таксама выцягвалі з людзей памілаваньні, раскаіваньні, штурхалі людзей да здрадніцтва, каб яны здрадзілі сваім перакананьням. Пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі амаральная. Нельга так рабіць…Канечне, калі падпіша чалавек, значыць, дапусьціў нейкую слабасьць, некаторую капітуляцыю. Я так лічу, калі чалавек узяўся несьці крыж, ён павінен яго несьці да канца па магчымасьці. Але трэба сувымяраць сілы. Альбо ты не бярэшся, тады ты на тым узроўні, калі ў цябе сілы хапае, альбо калі ўзяўся, то не кажы, што ня можаш.

Дзядзька Міхась даваў гэтае інтэрвью ў сакавіку 2012 года. Я тады не чытаў яго, мяне толькі як перавезьлі ў бабруйскую калонію, але на ўласным вопыце і ад іншых зэкаў пачуў амаль слова ў слова: “Бяры на плечы роўна столькі – колькі зможаш панесьці”. Залатыя словы!

Сяргей Кавалёў, які адсядзеў сем гадоў у лагерах і тры гады ў ссылцы, быў больш лаканічным:

“Хто я такі, каб судзіць?”

Можа быць таму, што ягоны сын Іван Кавалёў, таксама дэсідэнт і палітзьняволены, адбыўшы ў лагерах некалькі гадоў, дзеля выратаваньня сваёй жонкі Тацьцяны Осіпавай, якая таксама сядзела ў лагеры, вымушаны быў напісаць памілаванку. Гэта, дарэчы, Тацьцяне не дапамагло, бо яна не напісала прашэньне аб памілаваньні.

Так, сапраўды, хто мы такія, каб іх судзіць.

14 верасьня была адпушчаная трэцяя партыя палітзьняволеных. На волю выйшла яшчэ адзінаццаць чалавек. Яшчэ праз два тыдні, 1-га кастрычніка, як я ўжо пісаў, быў памілаваны Дзьмітры Вус.

Да канца жніўня на Валадарцы сядзеў апошні “дзекабрыст” Сьвятаслаў Барановіч. За тры з паловай тыдні, пакуль мы там былі разам, нам не ўдалося перасякчыся, хоць я чуў пра яго. Пытаўся ў лісьце да Насты ад 25 жніўня:

“А як завуць апошняга, што тут сядзіць? І ці вядома, калі ў яго суд?”

Праз чатыры дні, 29 жніўня, у Сьвятаслава пачаўся суд: падзьмулі іншыя вятры, і яго выпусьцілі пад падпіску проста ў зале суда. На выхадзе ён атрымаў тры гады “хіміі”. Патрапіў у зьняволеньне ён значна пазьней за астатніх, у чэрвені, калі бальшыня ўжо была асуджаная. І дапамаглі яму ў гэтым… пільныя дэмакратычныя актывісты.

Крысьціна Шацікава з Магілёву, зараз ужо адыйшоўшая ад нас, была адная з тых, хто былі перакананыя, што біцьцё шыбаў і грукат у дзьверы Дому Ўраду зьяўляліся спланаванай правакацыяй. Падчас допытаў у магілёўскім КГБ і менскай ваеннай контрразьведкі КГБ (!) у лютым 2011-га, яна сама аддала фотаздымкі “пагромшчыкаў”, распавядала пра іх “чыста расійскі акцэнт”, дабівалася, каб іх знайшлі, спадзеючыся, што гэта дапаможа вызваліць тых, хто на той час сядзеў у турме.  У выніку, у чэрвені затрымалі… Сьвятаслава Барановіча, аднаго са звычайных удзельнікаў таго сьнежаньскага мітынгу. Так Крысьціна дапамагла КГБ вылічыць “правакатара”.

А яшчэ перад гэтым была гісторыя з так званым “навушнікам”. Ужо назаўтра пасьля мітынгу грамадзкі актывіст з Бабруйску Алесь Чыгір напісаў у livejournal:

Сярод людзей, як заўсёды, было шмат падобных паміж сабой маладых падонкаў, якія спачатку ў адзіным парыве выкрыквалі лозунгі, заклікалі да актыўных дзеянняў, а падчас разгону станавіліся на бок АМАПу. Упэўнены, што менавіта гэтае быдла і арганізавала выбіванне шкла ў Доме Ўрада”.

Ён быў не адзіны, хто так лічыў.

Ліхаманка пошуку “правакатараў” ахапіла таго-сяго з блогераў і журналістаў. Урэшце, правакатарам быў вызначаны гэтак званы “навушнік” – чалавек, які грукаў у дзьверы Дому Ўраду, а пасьля быў сфатаграфаваны з рукой, прыкладзенай да вуха, як быццам бы ці там, ці у рукаве, у яго быў схаваны навушнік ад рацыі.

hamichenka1.jpg
Уладзімір Хамічэнка, "навушнік"

“Правакатарам” аказаўся Ўладзімір Хамічэнка, чалавек непрытульны і неуладкаваны, які на плошчы апынуўся зусім выпадкова. У сакавіку 2011-га па тэлевізіі ў прапагандысцкім матэрыяле на пытаньне пра ягоную супрацу з сьпецслужбай ён тлумаўчыўся:

“Гэта няпраўда ўсё. Стопудова. Я не з якой не з сьпецслужбы. У мяне вуха баліць. Паспаў я на бетоне вухам гэтым, пасьля гэтага выйшаў – у мяне вуха забалела…”

І апошні, затрыманы ў чэрвені 2016-га, праз пяць з паловай гадоў пасьля Плошчы, “дзекабрыст” Уладзімір Кондрусь, таксама стаўся ахвяраю пільнасьці журналістаў з “Нашай Нівы”, якія шукалі правакатараў. Гэтыя шукалкі абыйшліся яму ў працяглую галадоўку, рэзаньне жылаў падчас судовага працэсу, у выніку кошт – пяць месяцаў СІЗА плюс пяць месяцаў “хатняй хіміі”. Цікава, ці папрасілі ў яго журналісты “Нашай Нівы” хаця б прабачэньня пасьля таго, як ён выйшаў з турмы?

Блог Алеся Бяляцкага: Турма. Забытыя людзі. Гісторыя: XVIII. СКАНДАЛ

А ў гэты час за тоўстымі мурамі Валадаркі кіпелі вострыя жарсьці. Пытаньне перадачы маіх банкаўскіх дадзеных беларускім уладам у Польшчы і Літве абмяркоўвалася на высокім узроўні.

Алесь Бяляцкі

Праваабаронца, эсэіст, літаратурны крытык. Звычайна пішу пра тое, што думаю і бачу.

14 ліпеня 2021 года Алесь Бяляцкі быў затрыманы ў межах крымінальнай "справы Вясны" і з таго часу знаходзіцца пад вартай. Алесю было прад'яўленае абвінавачванне ў несплаце падаткаў (арт. 243 КК), ён быў прызнаны палітычным зняволеным.

* Адказнасць за змест тэкстаў, як і за правапіс і пунктуацыю, нясуць выключна аўтары блогаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства