viasna on patreon

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верасень 2020

2020 2020-10-01T18:15:04+0300 2020-10-01T22:26:53+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vokladka_sept_2020.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Высновы:

  • на працягу месяца ўлады актыўна ўжывалі крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах. У месцах несвабоды працягвалі знаходзіцца 74 палітвязні, колькасць якіх працягвае павялічвацца. Агульная ж колькасць грамадзян, у дачыненні да якіх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы ў выбарчы і пост-выбарчы перыяд, склала 242 чалавекі;
  • улады працягнулі прымяненне супрацьпраўных практык гвалтоўнага выправаджэння з краіны непажаданых дзеячаў апазіцыі. Так, 7 верасня ў цэнтры Мінска была выкрадзеная, а пазней гвалтоўна вывезеная на беларуска-ўкраінскую мяжу сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава. Парваўшы на памежным пераходзе свой пашпарт, Марыя сарвала планы спецслужбаў па яе гвалтоўным выдварэнні з краіны;
  • 9 верасня былі затрыманыя адвакаты, сябры Каардынацыйнай рады Максім Знак і Ілля Салей. Пазней ім, а таксама Марыі Калеснікавай, было афіцыйна прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай;
  • улады працягваюць практыку прымянення гвалту, спецсродкаў і арыштаў удзельнікаў мірных акцый пратэсту, якія працягваюцца як у Мінску, так і іншых гарадах краіны. Усяго на працягу месяца прадстаўнікамі спецслужбаў МУС за ўдзел у дэманстрацыях пратэсту было затрымана не менш за 3 500 чалавек, з іх больш за 2 700 былі змешчаныя ў ізалятары;
  • працягваецца пераслед незалежных журналістаў, а таксама практыка блакавання Мінінфармам незалежных Інтэрнэт рэсурсаў. У перыяды правядзення дэманстрацый пратэсту назіраецца практыка адключэння мабільнага Інтэрнэту;
  • 17 верасня супрацоўнікамі ГУБАЗіК была затрыманая праваабаронца ПЦ "Вясна" Марфа Рабкова, якой было прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 293 КК (навучанне і іншая падрыхтоўка масавых беспарадкаў, а таксама фінансаванне такой дзейнасці) і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на два месяцы. Дадзены факт ацэньваецца сябрамі ПЦ "Вясна" як нічым не прыхаваны ціск на ўсю арганізацыю ў цэлым;
  • органамі пракуратуры і Следчым камітэтам так і не была ўзбуджана аніводная крымінальная справа па фактах сістэмных і масавых катаванняў затрыманых грамадзян у перыяд з 9 па 12 жніўня 2020 г. Такім чынам, Рэспубліка Беларусь не выконвае свае міжнародныя абавязацельствы па належным расследаванні ўсіх фактаў катаванняў, прадастаўленні іх ахвярам эфектыўных мераў правай абароны і аднаўленні іх парушаных правоў;
  • у цэлым, эксперты ПЦ "Вясна" адзначаюць узмацненне рэпрэсіяў і далейшае пагаршэнне крызісу правоў чалавека ў краіне.

Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед

Крымінальны пераслед грамадзян працягваецца заставацца адным з асноўных відаў рэпрэсіяў, якія ўжываюцца ўладамі Беларусі, што сведчаць аб працягу вострай фазы крызісу з правамі чалавека ў краіне.

Цягам месяца ўлады актыўна ўжывалі крымінальны пераслед грамадзянаў па палітычных матывах.

Органы следства працягваюць узбуджаць крымінальныя справы па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). Варта нагадаць, што эксперты ПЦ "Вясна" неаднаразова адзначалі, што не згодныя з кваліфікацыяй дэманстрацый пратэсту 9-12 жніўня як масавых беспарадкаў, паколькі дэманстранты не здзяйснялі дзеянняў, якія складаюць дыспазіцыю арт. 293 КК - падпалы, пагромы, знішчэнне маёмасці, не ажыццяўлялася збройнага супраціву супрацоўнікам міліцыі.

1 верасня сузаснавальніку партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя і палітвязню Паўлу Севярынцу прад'яўленае абвінавачванне па частцы 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).

Павел Севярынец быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі 7 чэрвеня па дарозе дадому. Пасля гэтага ў дачыненні да яго была вынесена, як мінімум, тры пастановы аб адміністрацыйных арыштах па 15 сутак кожны за ўдзел у перадвыбарчых пікетах і заклікі да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах.

У верасні ўлады працягнулі прымяняць практыку гвалтоўнага выправаджэння з краіны апазіцыйных дзеячаў, якую яны ўпершыню ўжылі ў дачыненні да кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у жніўні.

Так, 6 верасня стала вядома, што сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова, якая адбывала адміністратыўны арышт па арт. 23. 34 КаАП (арганізацыя альбо ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) у ЦІП ў г. Мінска, пакінула тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Як паведаміла Кавалькова на прэс-канферэнцыі ў Варшаве 6 верасня, яна была прымусова вывезеная з тэрыторыі краіны ў суседнюю Польшчу.

Паводле яе слоў, у перыяд яе знаходжання ў ЦІП яе наведалі прадстаўнікі аднаго з сілавых ведамстваў і сказалі, што калі яна не пакіне краіну, яна доўга не выйдзе з турмы, паклалі яе на задняе сядзенне, надзелі маску і капялюш на галаву і вывезлі да памежнага пераходу “Брузгі” каля Гродна. Мяжу яна праходзіла самастойна.

У МУС заявілі, што вызвалілі Кавалькову з ЦІП «па стане здароўя».

7 верасня ў цэнтры Мінска была выкрадзеная сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава. Відавочцы бачылі, як невядомыя ў цывільным схапілі Марыю і пасадзілі яе ў мікрааўтобус з надпісам «Сувязь».

У гэты ж дзень былі затрыманыя прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў і Іван Краўцоў.

Як пазней стала вядома, Калеснікава, Раднянкоў і Краўцоў была гвалтоўна прывезеныя на беларуска-ўкраінскую мяжу для выправаджэння з краіны.

Аднак, парваўшы свой пашпарт на памежным пераходзе і выскачыўшы з аўтамабіля, Марыя Калеснікава перашкодзіла рэалізаваць арганізаваную беларускімі спецслужбамі аперацыю па вывазу няўгодных грамадзян за межы краіны. Пасля гэтага пра месца знаходжання М. Калеснікавай суткі не было нічога вядома.

Пазней, ужо з СІЗА, М. Калеснікава звярнулася ў СК з заявай аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце яе выкрадання, пагрозах забойствам і спробы гвалтоўнага выправаджэння з краіны.

9 верасня былі затрыманыя сябры прэзідыума Каардынацыйнай рады адвакат Максім Знак і Ілля Салей. У іх кватэрах праведзеныя ператрусы.

У гэты ж дзень СК афіцыйна паведаміў, што ўсе трое затрыманыя ў якасці падазраваных па крымінальнай справе, узбуджанай па ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). Пазней ім было афіцыйна прад'яўленае абвінавачванне і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

Далейшыя рэпрэсіі ў дачыненні да сябраў прэзідыума Каардынацыйнай рады выклікалі шырокі грамадскі рэзананс не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з заявай аб прызнанні М. Калеснікавай, М. Знака і І. Салея палітвязнямі і патрабаваннямі іх неадкладнага вызвалення.

11 верасня чатыром раней затрыманым супрацоўнікам фірмы PandaDoc — галоўнай бухгалтарцы Юліі Шардыка, дырэктару Дзмітрыю Рабцэвічу, мэнэджару па прадукту Віктару Куўшынаву і НR Уладзіславу Міхалапу — былі прад'яўленыя абвінавачванні па ч. 4 арт. 209 КК (махлярства, здзейсненае групай асобаў, або ў асабліва буйным памеры).

Варта адзначыць, што заснавальнік кампаніі PandaDoc Мікіта Мікада адкрыта асуджаў палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Адразу пасля падзеяў 6-11 жніўня М. Мікада і яго партнёр па бізнесе С. Барысюк запусцілі ініцыятыву Protect Belarus для дапамогі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія пазбавіліся працы з-за адмовы выконваць злачынныя загады. За гэты час ініцыятыва атрымала больш за 500 заявак на такую ​​дапамогу, а некаторыя з такіх гісторый атрымалі шырокі грамадскі резанс.

Праваабарончая супольнасць прызнала ўсіх фігурантаў гэтай крымінальнай справы палітычнымі вязнямі.

Агульная колькасць палітвязняў у Беларусі працягвае пастаянна расці па меры з'яўлення новай інфармацыі пра фігурантаў палітычна матываваных крымінальных справаў.

Агульная колькасць фігурантаў крымінальных справаў, узбуджаных ў выбарчы і пост-выбарчы перыяд, па дадзеных ПЦ "Вясна", складае 242 чалавекі, большасць з якіх знаходзіцца пад вартай.

Ціск і пераслед праваабаронцаў

31 жніўня супрацоўнікамі ГУБАЗіК па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства па арт. 293 КК быў затрыманы валанцёр ПЦ "Вясна" Павел Гарбуз і змешчаны ў СІЗА № 1 г. Мінска.

Праз 10 дзён ён быў вызвалены і даў падрабязнае інтэрв'ю сайту ПЦ "Вясна", у якім распавёў пра ціск на яго з боку прадстаўнікоў ГУБАЗіК, у тым ліку пра пагрозы кардынатарцы Валанцёрскай службы Марфе Рабковай і ўсяму ПЦ "Вясна" ў цэлым.

17 верасня ў г. Мінску супрацоўнікамі ГУБАЗіК была затрыманая каардынатарка Валанцёрскай службы ПЦ "Вясна" Марфа Рабкова. Разам з Марфай быў затрыманы таксама яе муж Вадзім Жаромскі, які пазней быў вызвалены.

У кватэры, дзе яны жывуць, быў праведзены ператрус, канфіскавана тэхніка, асабістыя грошы і рэчы.

Пры затрыманні Рабковай паведамілі, што яна затрыманая ў рамках крымінальнай справы па ч. 3 арт. 293 КК (навучанне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне такой дзейнасці). Марфа была затрыманая па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства і змешчаная ў ІЧУ. 19 верасня стала вядома аб яе пераводзе ў СІЗА № 1 у г. Мінску.

Марфа Рабкова з'яўляецца сяброўкай ПЦ "Вясна", кардынатаркай Валанцёрскай службы арганізацыі. У рамках сваёй праваабарончай дзейнасці Марфа, разам з валанцёрамі ПЦ "Вясна", ажыццяўляла назіранне за правядзеннем мірных сходаў, прымала актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання "Праваабаронцы за свабодныя выбары", удзельнічала ў дакументаванні сведчанняў катаванняў і іншых жорсткіх відаў абыходжання ў адносінах да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту.

Трэба адзначыць, што на працягу ўсёй прэзідэнцкай кампаніі і пасля выбараў сябры ПЦ "Вясна" сутыкаліся з ціскам і пераследам з боку улады: спробамі крымінальнага пераследу, адміністрацыйнымі арыштамамі і затрыманнямі. У дзень выбараў, 9 жніўня, сем сябраў рэгіянальных аддзяленняў ПЦ "Вясна" былі падвергнутыя адвольнаму затрыманню ў сувязі з іх праваабарлнчай дзейнасцю.

25 верасня Марфе Рабковай было афіцыйна прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 293 КК і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на два месяцы.

Прадстаўнікі беларускай і міжнароднай праваабарончай супольнасці выступілі з асуджэннем пераследу Марфы Рабковай і запатрабавалі яе неадкладнага вызвалення, а таксама спынення ціску на ПЦ "Вясна".

Amnesty International прызнала Марфу Рабкову вязніцай сумлення.

Рада ПЦ “Вясна” заявіла, што разглядае крымінальны пераслед Марфы Рабковай як пераслед і ціск на ПЦ "Вясна" ў цэлым.

Парушэнне свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў

У першыя дні месяца ў некалькіх гарадах Беларусі прайшлі ініцыяваныя студэнтамі навучальных установаў пратэстныя акцыі супраць фальсіфікацыі выбараў і жорсткіх разгонаў акцый у паслявыбарчы перыяд. Затрымана больш за 150 чалавек, 55 з іх патрапілі ў ізалятары да разгляду справаў у судзе. Ужо з 2 верасня пачаліся судовыя пасяджэнні — у тым ліку праз відэаканферэнцыі.

Суддзі Акавітая, Шабуня, Ляўкоўская, Запаснік, Астапенка, Осіпчык, Чарапанава, Капцэвіч, Блізнюк, Ярохіна, Пісарэвіч, Галаўкова, Волк, Ахметава, Няборская, Царыкаў, Някрасава, Янкоўскт, Шаціла з раённых судоў г. Мінска каралі удзельнікаў пратэсту буйнымі штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі. Некаторыя справы накіраваныя на дапрацоўку.

Гэтыя і іншыя сталічныя суддзі, у тым ліку Кочык, Лейкоўская, Алейнікава, Жуковіч, Кацер, Трусевіч, Петраш, Калубака, Хвайніцкая, Рузенка, Кулік, і ў далейшым у канвеерным рэжыме ўдзельнічалі у рэпрэсіях у дачыненні да ўдзельнікаў мірных сходаў.

Асуджаныя многія ўдзельнікі акцый пратэсту і ў рэгіёнах Беларусі: буйныя штрафы і арышт прызначалі суддзі Казлоў, Салоўскі і Каўбеня з Гомеля, Каліна з Брэста, Літвіна і Ратнікава з Магілёва, Трусевіч з Гродна. Суддзі ў раённых гарадах былі больш стрыманыя ў вызначэнні памераў штрафаў, хоць некаторыя стараліся не адставаць ад калегаў з буйных гарадоў: Калядаў з Вілейкі і Кацуба з Рэчыцы прызначылі ўдзельнікам мірных сходаў арышт, а суддзя Максімовіч з Паставаў кампенсавала невялікія памеры штрафаў іх колькасцю.

Кожная нядзеля месяца была адзначаная шматтысячнымі акцыямі пратэсту.

6 верасня ў Мінску і рэгіёнах у другой палове дня прайшоў «Марш адзінства»; 13 верасня — «Марш герояў», у гэты дзень быў пастаўлены месячны рэкорд затрыманняў — 774 чалавекі; 20 верасня — «Марш справядлівасці», 27 верасня — «Народная інаўгурацыя». Гэтыя штотыднёвыя пратэстныя дэманстрацыі збіраюць сотні тысяч удзельнікаў.

5, 12, 19 і 26 верасня ў Мінску прайшлі жаночыя маршы — пратэстныя акцыі, у якіх кожны раз прымалі ўдзел некалькі тысяч чалавек, сотні з якіх былі затрыманыя міліцыяй.

Мірныя акцыі пратэсту, на якія збіралася ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх тысяч чалавек, прайшлі ў іншых гарадах Беларусі.

Пратэсты адбыліся і пасля праведзенай у Мінску ў абстаноўцы сакрэтнасці інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Таксама ў верасні працягнуліся невялікія лакальныя акцыі пратэсту і мірныя сходы гараджан у розных раёнах сталіцы і ў іншых гарадах; людзі паўсюдна вывешваюць нацыянальную сімволіку, у розных месцах з'яўляліся малюнкі і графіці пратэстнага характару.

Усяго за верасень, па дадзеных МУС, было затрымана не менш за тры з паловай тысячы удзельнікаў акцый пратэсту і іншых мірных сходаў, каля 2 700 з іх падвяргаліся працягламу адміністрацыйнаму затрыманню ў ізалятарах. Неаднаразова ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў ўжывалі фізічную сілу і спецсродкі, у тым ліку — слёзацечны газ і вадамёты, а таксама былі чутныя папераджальныя стрэлы са зброі.

Незвычайнай прыметай апошніх тыдняў сталі паведамленні прэс-службы МУС аб нейкіх міфічных акцыях «у падтрымку міру, бяспекі і спакою ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі», у якіх, паводле іх інфармацыі, часам ўдзельнічаюць «каля сарака тысяч чалавек», «больш за 50 тысяч чалавек» , часам сціпла — «каля 800 чалавек». Няма інфармацыі пра затрыманні на гэтых мерапрыемствах.

Пераслед журналістаў

У судзе Кастрычніцкага раёна Мінска ў рэжыме відэаканферэнцыі, г.зн. без асабістай прысутнасці асобаў, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс і ключавых сведак, 2 верасня былі разгледжаныя адміністрацыйныя справы супраць журналістаў, якіх затрымалі падчас студэнцкіх акцый пратэстаў у Дзень ведаў. Сярод іх — журналісты TUT.BY Аляксей Суднік і Надзея Калініна, журналісты "Комсомольской правды" Мікіта Дубалека (Недаверкаў), Марыя Эляшэвіч, Сяргей Шчогалеў (Святаслаў Зоркі), а таксама журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга. Усіх абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту па арт. 23.34 КаАП. Суддзі ўсталявалі недахопы, якія перашкаджаюць разгляду адміністрацыйных справаў, і вярнулі справы для дапрацоўкі ў РУУС. Журналісты, якія правялі больш за суткі ў РУУС, былі пераведзены ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

Праз два дні, 4 верасня, суддзі Аляксандр Рудзенка і Вольга Няборская ў парушэнне стандартаў справядлівага суда і нацыянальнага працэсуальнага заканадаўства, на падставе супярэчлівых паказанняў сведак у масках з засакрэчанымі дадзенымі пакаралі журналістаў трыма суткамі арышту, тым самым апраўдаўшы іх адвольнае затрыманне і пазбаўленне волі за прафесійную дзейнасць.

У судзе Цэнтральнага раёна горада Мінска 7 верасня адбылося судовае пасяджэнне па справе журналісткі-фрылансеркі Насты Захарэвіч. Паказанні сведкі Цітова (міліцыянта Цэнтральнага РУУС) не супалі з пратаколам і рапартам, падпісаным яго імем, аднак гэта не перашкодзіла суддзі Вікторыі Шабуні пакараць журналістку арыштам на 7 сутак па артыкуле 23.34 КаАП.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

Эксперты ААН па правах чалавека заклікалі Беларусь спыніць катаванні затрыманых і прыцягнуць да адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, якія, як паведамляецца, беспакарана прыніжалі і збівалі дэманстрантаў у месцах утрымання пад вартай.

Яны таксама заклікалі ўлады цалкам выконваць асноўныя гарантыі — неадкладную рэгістрацыю, судовы нагляд за затрыманнем і апавяшчэнне членаў сям'і, як толькі падазраваны пазбаўлены волі — з мэтай прадухілення гвалтоўных знікненняў.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі Хельсінкскі камітэт накіравалі ў інтарэсах 47 пацярпелых на мірных акцыях пратэсту зварот у Камітэт супраць катаванняў ААН аб правядзенні расследавання па факце сістэматычнага ўжывання катаванняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Камітэту прадастаўлены доказы, што на працягу некалькіх дзён, пачынаючы з 9 жніўня, па ўсёй краіне супрацоўнікамі праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь у розных установах праваахоўнай сістэмы (як у ходзе затрымання, так і ў перыяд утрымання затрыманых грамадзян) здзяйсняліся дзеянні, якімі грамадзянам наўмысна прычыняўся моцны боль, а таксама фізічныя і маральныя пакуты, якія выявіліся ў прычыненні цялесных пашкоджанняў рознай ступені цяжкасці і нанясенні псіхалагічных траўмаў.

Разам з тым, раённыя аддзелы Следчага камітэта не прымаюць працэсуальных рашэнняў аб распачынанні крымінальных справаў у дачыненні да садыстаў з сілавых ведамстваў, якія ў перыяд з 9 па 14 жніўня паўсюдна ажыццяўлялі катаванні і іншыя акты забароненага абыходжання ў дачыненні да затрыманых па палітычных матывах. Заяўнікам паведамляюць аб прыпыненні праверак; часта прычынай прыпынення праверкі названа адсутнасць заключэння экспертызы цялесных пашкоджанняў. Праваабаронцы "Вясны" лічаць такое становішча справаў недапушчальным і заклікаюць абскардзіць дзеянні следчых. Між тым,цалкам відавочна, што праверкі фактычна не вядзецца, а вышэйшыя службовыя асобы ўхваляюць злачынныя дзеянні па падаўленні пратэстных выступленняў любой цаной, ствараючы атмасферу страху ў грамадстве.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства