Вольга Кавалькова, якая адбывала арышт на Акрэсціна, пакінула межы Беларусі. Што кажа яна і МУС?
У суботу, 6 верасня, стала вядома, што сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова, якая адбывала адміністрацыйны арышт у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна паводле арт. 23.34 КаАП, пакінула тэрыторыю Беларусі. Цяпер яна знаходзіцца ў Варшаве.
Вольга Кавалькова: «Надзелі капюшон, далі маску і вывезлі з ізалятара»
Як распавяла Вольга Кавалькова на прэс-канфэрэнцыі, яна ўначы з 5 на 6 верасня вывезлі з Беларусі, піша "Радыё Свабода". Па яе словах, гэта было недобраахвотнае яе рашэнне.
«Калі я знаходзілася за кратамі, то да мяне прыйшлі прадстаўнікі ўлады і сказалі, што калі я не выеду, калі застануся ў краіне, то я вельмі доўга не выйду з турмы. Яны прыехалі да мяне ў ізалятар, пасадзілі ў сваю машыну, надзелі капюшон, далі маску, паклалі на задняе сядзенне і вывезлі з ізалятара». Паводле Вольгі Кавальковай, яе давезлі да памежнага пераходу ў Брузгах каля Горадні, там яна праходзіла пашпартны кантроль.
Яны (прадстаўнікі ўлады. — РС) перавезлі мае рэчы праз мяжу і на нейтральнай тэрыторыі прапанавалі мне выклікаць таксоўку. Але ехаў аўтобус на Варшаву, і польскія памежнікі папрасілі польскага кіроўцу, каб ён мяне падвёз», — распавядае Кавалькова.
Далей, па словах Кавальковай, ёй удалося скантактавацца з амбасадарам Польшчы ў Мінску Артурам Міхальскім, які і паспрыяў яе даезду да Варшавы.
МУС: «Вызвалілі па стане здароўя»
Увечары 6 жніўня МУС Беларусі паведаміў карэспандэнту «Интерфакс-Запад», што Вольгу Кавалькову адпусцілі з ізалятара на лячэнне.
«Кавалькову адпусцілі з ЦІП на Акрэсціна праз стан здароўя», — сказалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў.
Нагадаем, у канцы жніўня Кавалькову арыштавалі на 10 сутак за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі па арт. 23.34 КаАП. 3 верасня, ня выпусціўшы з-за кратаў, асудзілі яшчэ на 15 сутак.
«Пасля суду Кавалькову змясцілі зноў у ЦІП. Аднак там яна заявіла пра тое, што ёй патрэбна лячэнне», — сказалі ў МУС.