viasna on patreon

Новыя затрыманні 24 верасня. Пераслед у Беларусі Дапоўнена

2020 2020-09-24T22:21:00+0300 2020-09-25T16:04:16+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ivan_krasouski.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У чацвер, 24 верасня, праваабаронцам "Вясны" паведамляюць пра новыя факты пераследу па палітычных прычынах. 

Раніцай 24 верасня на акцыі салідарнасці ва Уруччы былі затрыманыя некалькі чалавек. Прозвішчы затрыманых і іх месцазнаходжанне высвятляюцца.

Магілёўскія праваабаронцы "Вясны" паведамляюць пра затрыманне пра ветэрана ваенна-марскога флоту Аляксандра Страха. Раней мужчыну ўжо затрымлівалі за ўдзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве. Тады яго аштрафавалі па арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі пратэсту — 270 рублёў.

Дачка Аляксандра Страха паведаміла, што ў кватэры таксама быў праведзены ператрус, а таксама затрыманы яе муж Р. Сталяроў:

"Уварваліся ў кватэру, заламалі бацьку. Два чалавекі былі ў рабочай форме, сказалі, што ўсталёўваюць інтэрнэт. Закрычалі: "Захоп". Потым падышлі два ў штатным, паказалі пасведчанне без прозвішча, сказалі, што чакаюць санкцыю пракурора. Мы выклікалі міліцыю, яны нічога не зрабілі, проста стаялі, мужа майго забралі за тое, што прасіў прад'явіць дакументы з прозвішчам.

Правялі ператрус, канфіскавалі ноўтбукі, тэлефоны, кіцель і фуражку. Дакументаў мне не далі ніякіх".

Паводле папярэдняй інфармацыі Аляксандр Страх і яго зяць Р. Сталяроў знаходзяцца ў Кастрычніцкім РАУС Магілёва.

У Светлагорску раніцай затрымалі актывістку са Жлобіна Інгу Гірыловіч. Затрыманне ажыццяўлялі супрацоўнікі ў цывільным на міліцэйскім аўтамабілі. Прычыны і падставы затрымання выствятляюцца.

Раніцай у Следчым камітэце ў межах крымінальнай справы па арт. 188 Крымінальнага кодэкса "Паклёп" ў адносінах да рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча дапыталі ягоную жонку, журналістку Адарʼю Гуштын. Але, як піша «Наша ніва», яна выйшла праз 10 хвілін, адмовіўшыся даваць падпіску аб невыдаванні. Нагадаем, раніцай 23 верасня ў кватэры Ягора Марціновіча правялі ператрус супрацоўнікі ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС. З кватэры канфіскавалі кампутэрную тэхніку, тэлефоны і лічбавыя носьбіты Ягора Марціновіча і яго жонкі журналісткі Tut.by Адарʼі Гуштын. Марціновіча пасля ператрусу даставілі для допыту ў Цэнтральным апараце Следчага камітэту. Потым змясцілі ў ізалятар на трое сутак.

Каля 20 гадзін каля ІЧУ на вуліцы Акрэсціна ў Мінску былі затрыманы журналісты Алесь Любенчук і Дзяніс Ганчарэнка. На міліцэйскім аўтобусе іх павезлі ў Маскоўскі РУУС. Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Увечары 24 верасня затрымалі чатырох жыхароў Смаргоні, у тым ліку Васіля Кашкеля, Руслана Валюка, Аляксандра Будая, піша Белсат. Іх даставілі ў РАУС. Таксама ў Кашкеля і Будая быў ператрус. Вынеслі ўсю тэхніку.

Пасля 21:00 міліцыянты прыйшлі з санкцыяй на ператрус ад пракурора Клышэвіча без пячаткі і подпісу пракурора. На працягу гадзіны ператрасалі ўсё: дзіцячае адзенне, цацкі, кожную кнігу. Забралі нават дыскі з музыкай, відэа з дзіцячага садка.

Падставай для ператрусу зʼяўляецца нібыта друкаванне і распаўсюд заведама хлуслівых звестак пра кіраўніка аддзелу аховы правапарадку Руслана Ткачова, які аддаваў злачынныя загады аб ілжэсведчанні на судзе, дапамагаў пазбегнуць адказнасці сваёй сястры, а таксама аб завучы па выхаваўчай рабоце 5-й школы Аксане Шаўлюк, якая нібыта якая сказіла вынікі галасавання на 6-м участку падчас прэзідэнцкіх выбараў.

peratrus_78.jpeg
Вобшук у Аляксандра Будая. Фота: Белсат

Увечары 24 верасня перастаў выходзіць на сувязь Іван Красоўскі. Раней ён казаў сваім сябрам, што за ім сочаць. Апошні раз напісаў сябрам у 19 гадзін, што каля яго знаходзяцца невядомыя людзі, і калі ён не дойдзе да іх, то магчыма, яго затрымалі. Пазней стала вядома, што Івана Красоўскага змясцілі ў ІЧУ на Акрэсціна.

Раней, Івана затрымлівалі 12 жніўня. Яго прымусілі падпісаць шмат папераў, сярод якіх — пратаколы, позва ў армію. Івана моцна збівалі ў РУУС і на Акрэсціна. На волі хлопец апынуўся ў інвалідным вазку. Суда па падпісанных Іванам пратаколам не было.

ivan_krasouski.jpeg
Іван Красоўскі. Скрын з відэа

Таксама ўвечары на Грушаўцы быў затрыманы кандыдат гістарычных навук Андрэй Мацук. Яго змясцілі на Акрэсціна да суда. У Мінску ўвечары быў затрыманы Уладзіслаў Калінін. З Партызанскага РУУС яго даставілі на Акрэсціна.

Стала вядома, што позна ўвечары ў Менску быў таксама затрыманы аператар Павел Патапаў, піша БАЖ.Журналіст здымаў падзеі на Партызанскім праспекце, куды прыехаў АМАП і ўсіх затрымаў. Ноч ён правёў на Акрэсціна, цяпер родныя чакаюць працэсу над журналістам у судзе Завадскога раёну.

У Віцебску была затрыманая актывістка і каардынатарка мясцовай ініцыятывы Closetfreevtb Сафія Цярэнцьева. Паведамляецца, што двое людзей у цывільным спачатку прыехалі да яе дадому, прымусілі маці падпісаць дакументы, не пакінулі іх копіі, а потым паехалі ва ўстанову адукацыі, дзе навучаецца Сафія. Пасля гэтага яна перастала выходзіць на сувязь. Увечары стала вядома, што яна знаходзіцца ў ІЧУ Віцебска. Чакаецца суд.

У Рэчыцы затрымана актывістка Алена Цыбульская. Дома прайшоў ператрус, канфіскавалі тэлефон і кампутар. Па словах маці, павезлі ў Завадскае РАУС Мінска.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.


Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 8413981
  • +375 17 377 55 40.
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Хроніка судовых працэсаў на ўдзельнікамі акцый за 24 верасня

24 і 25 верасня праваабаронцы з дапамогай валанцёраў адосчваюць судовыя працэсы над затрыманымі дэманстрантамі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства