Human Rights Watch: АБСЕ і Савет па правах чалавека ААН павінны расследаваць збіццё і катаванні затрыманых дэманстрантаў
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 г. беларускімі сілавікамі былі адвольна затрыманыя тысячы пратэстоўцаў, сотні чалавек падвергліся сістэматычным катаванням і іншаму недазволенаму абыходжанню, заявіла арганізацыя Human Rights Watch.
Былыя затрыманыя распавядалі аб збіцці, працяглым знаходжанні ў стрэсавых позах, электрашоку, пагрозах згвалтаваннем і па меншай меры ў адным выпадку – аб згвалтаванні дубінкай. Вынікам сталі цяжкія цялесныя пашкоджанні, уключаючы пераломы, выбітыя зубы, рассяканне мяккіх тканін і апёкі ад электрашоку, а таксама чэрапна-мазгавыя траўмы рознай ступені цяжкасці. Некаторым адбілі ныркі. Шасцярых з праінтэрв'юяваных намі затрыманых шпіталізавалі тэрмінам ад аднаго да пяці дзён. Людзей трымалі ў камерах па некалькі дзён, нярэдка інкамунікада, ва ўмовах крайняй цеснаты і антысанітарыі. Усе суразмоўцы Human Rights Watch таксама былі сведкамі катаванняў і жорсткага абыходжання з іншымі затрыманымі.
"Аглушальная жорсткасць паслявыбарчых рэпрэсій паказала, наколькі далёка беларускі рэжым гатовы пайсці, каб прымусіць грамадзян замаўчаць, але дзясяткі тысяч мірных дэманстрантаў працягваюць патрабаваць сумленных выбараў і правасуддзя за самавольства сілавікоў, – кажа Х'ю Уільямсан, дырэктар Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі. – ААН і АБСЕ павінны тэрмінова ініцыяваць расследаванні, каб забяспечыць захаванне доказаў у інтарэсах адказнасці за грубыя парушэнні правоў чалавека".
Савет ААН па правах чалавека, які правядзе тэрміновае абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі ў рамках сваёй сесіі 14 верасня – 6 кастрычніка, і АБСЕ павінны аператыўна пачаць адпаведныя расследаванні.
Human Rights Watch праінтэрв'юяваў 27 былых затрыманых (21 мужчыну і 6 жанчын); амаль усіх з іх забралі ў перыяд паміж 8 і 12 жніўня. Некаторых затрымалі як удзельнікаў дэманстрацый, якія яны характарызавалі як мірныя, іншых проста хапалі на вуліцы ці выцягвалі з машыны. У многіх ёсць медыцынскія дакументы і фатаграфіі, якія пацвярджаюць атрыманыя траўмы. Па меншай меры ў пяці чалавек на момант інтэрв'ю яшчэ былі сінякі і ранкі і/або гіпс. Мы таксама праінтэрв'юявалі 14 чалавек, якія ведалі пра арышты і недазволенае абыходжанне. У ліку гэтых людзей былі відавочцы, медыкі і сваякі затрыманых. За рэдкім выключэннем інтэрв'ю праводзіліся ў перыяд паміж 20 і 29 жніўня ў Мінску, Гродне і Гомелі. У дадатак да гэтага мы вывучылі 67 відэа і пісьмовых сведчанняў былых затрыманых і іх сваякоў, узятых намі з адкрытых крыніц або атрыманых напрамую.
На падставе праведзенага даследавання мы прыйшлі да высновы, што значную частку фізічнага гвалту з боку АМАПа і іншых праваахоўных органаў, а таксама апісаныя нашымі суразмоўцамі ўмовы ўтрымання пад вартай, варта кваліфікаваць як катаванні.
З 9 па 13 жніўня на фоне беспрэцэдэнтнай хвалі масавых і пераважна мірных пратэстаў міліцыяй было затрымана амаль 7 тыс. чалавек. Людзі выходзілі на вуліцы, абураныя відавочным маніпуляваннем выбарчым працэсам, якое дазволіла пераабрацца на чарговы тэрмін дзейнаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку, які нязменна застаецца ва ўладзе ў краіне з 1994 г.
На фоне пратэстаў, якія працягваюцца ўжо амаль паўтара месяца, дзясяткі замежных журналістаў і мясцовых карэспандэнтаў замежных і беларускіх незалежных выданняў былі высланыя з краіны або пазбаўленыя акрэдытацыі альбо сутыкнуліся з затрыманнямі і тым ці іншым прыгнётам з боку ўладаў.
З пачатку верасня статыстыка затрыманняў падчас пратэстаў зноў пайшла ўверх: толькі за 6 верасня МУС паведаміла пра больш чым 600 затрыманых і больш за 300 адпраўленых у месцы дасудовага ўтрымання.
Затрыманыя распавядаюць, як міліцыя, АМАП і спецназ хапалі іх на вуліцы, часам дзейнічаючы вельмі жорстка, і набівалі ў зарашочанные адсекі аўтазакаў або ў аўтобусы так шчыльна, што тыя ледзь маглі дыхаць.
Пасля затрымання людзей развозілі па раённых падраздзяленнях унутраных спраў і ў іншыя месцы ўтрымання, дзе збівалі кулакамі, нагамі і дубінкамі, гадзінамі прымушалі стаяць, знаходзіцца на каленях або ляжаць у стрэсавых позах і суткамі трымалі ў перапоўненых звыш усякай меры камерах. Часцяком затрыманых не кармілі, не давалі вады і не выводзілі ў туалет. Усе, каго мы інтэрв'юявалі, сцвярджаюць, што былі сведкамі аналагічнага або горшага абыходжання з дзесяткамі іншых.
29-гадовы журналіст з Гродна распавёў, што прад'явіў сваю прэс-карту, але яго ўсё роўна забралі, і пры гэтым амапавец зламаў яму абодва запясці. Медыцынскі работнік распавяла, што ў яе на вачах 11 жніўня ў Мінску амапавец пры затрыманні кіроўцы, які ўжо спыніў сваю машыну, ва ўпор стрэліў у яго гумавай куляй. Паводле яе слоў, яна паспрабавала аказаць пацярпеламу дапамогу на месцы, але ў выніку яму спатрэбілася аперацыя, каб выняць кулю з лёгкіх.
Былыя затрыманыя мяркуюць, што ўся гэтая дэманстратыўная жорсткасць мела на мэце пакараць пратэстоўцаў і растаптаць іх чалавечую годнасць. Большасць распавядалі, што амапаўцы і іншыя сілавікі горш, чым з іншымі абыходзіліся з людзьмі "нетыповай" знешнасці: доўгія або фарбаваныя валасы ў мужчын, дрэды, пірсінг або татуіроўкі.
Са слоў затрыманых, у іх адбіралі лекі, нярэдка ігнаравалі просьбы выклікаць лекара і ў прынцыпе адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе. Адзін чалавек у такой сітуацыі запаў у кому; на момант пераводу ў бальніцу наступіла клінічная смерць. Тры мэдыка заявілі, што ім неаднаразова даводзілася аказваць дапамогу дэманстрантам і былым затрыманым, якія пацярпелі ад жорсткага абыходжання сілавікоў. Некаторыя з тых, хто прайшлі праз катаванні, прасілі лекараў афіцыйна не паведамляць пра факт прычынення цялесных пашкоджанняў (як таго патрабуе заканадаўства), баючыся помсты з боку ўладаў.
Усе праінтэрв'юяваныя намі былыя затрыманыя сцвярджалі, што ім не забяспечваўся доступ да адваката. Тыя, у каго адбыўся суд, распавядалі, што разгляд справы доўжыўся лічаныя хвіліны і завяршаўся прызначэннем адміністрацыйнага арышту. Некаторых выпускалі раней заканчэння тэрміну арышту: не выключана, што гэта было звязана з перапоўненасцю ізалятараў.
Без суда, як кажуць затрыманыя, адпускалі ў сярэднім праз 72 гадзіны - максімальны тэрмін затрымання паводле беларускага заканадаўства. Пры вызваленні ва ўсіх бралі падпіску аб няўдзеле ў "несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах" з папярэджаннем аб крымінальнай адказнасці за яе парушэнне.
Міліцыя і адміністрацыя ізалятараў не спраўлялася з улікам тысячаў затрыманых ці не падавала інфармацыі сваякам затрыманых; сябры сем'яў распавядалі, як часам суткамі спрабавалі высветліць лёс і месцазнаходжанне сваіх блізкіх.
Дзясяткі былых затрыманых напісалі афіцыйныя заявы аб недазволеным абыходжанні з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Human Rights Watch вядома аб некалькіх пачатых па такіх заявах даследчых праверках, аднак на момант падрыхтоўкі гэтага агляду не было ўзбуджана ніводнай крымінальнай справы.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі ў інтарэсах 47 былых затрыманых звярнуліся ў Камітэт ААН па правах чалавека з дакументаванай заявай аб жорсткім і прыніжаючым годнасць абыходжанні.
14 жніўня намеснік міністра МУС заявіў, што міліцыя нікога не збівала і катавала. 26 жніўня Генеральная пракуратура анансавала стварэнне Міжведамаснай камісіі для "аб'ектыўнай, поўнай і ўсебаковай" ацэнкі фактаў супрацьпраўных дзеянняў з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў як падчас затрыманняў, так і ў месцах утрымання затрыманых.
Задакументаваныя намі катаванні і недазволенае абыходжанне парушаюць цэлы шэраг міжнародных абавязацельстваў, якія Беларусь нясе, у прыватнасці, як удзельнік Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыі ААН супраць катаванняў, а таксама як член АБСЕ.
У панядзелак 14 верасня Савет ААН па правах чалавека прыняў рашэнне правесці на бягучай сесіі тэрміновае абмеркаванне сітуацыі ў Беларусі. Савет павінен прыняць рэзалюцыю, прапаноўваючы ў прыватнасці Упраўленню Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека арганізаваць маніторынг парушэнняў напярэдадні, падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў з прадстаўленнем публічных дакладаў, а таксама ўстанавіць факты і абставіны такіх парушэнняў, маючы на ўвазе ў далейшым прыцягненне да адказнасці датычных да іх асобаў. Рэзалюцыя павінна таксама ўтрымліваць асуджэнне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, уключаючы прымяненне залішняй сілы супраць мірных дэманстрантаў, адвольныя затрыманні, недазволенае абыходжанне і катаванні. Савет павінен запатрабаваць неадкладнага вызвалення ўсіх асобаў, якія застаюцца адвольна затрыманымі: журналістаў, дэманстрантаў, лідараў апазіцыі і іх прыхільнікаў.
Дзяржавы-члены АБСЕ павінны са свайго боку задзейнічаць "Маскоўскі механізм", які прадугледжвае прызначэнне незалежнага эксперта для ўстанаўлення фактаў і прадстаўлення арганізацыі высноў і рэкамендацый па выніках расследавання.
"Тыя, хто праўшоў праз катаванні, нягледзячы на рызыку ціску, патрабуюць правасуддзя, і ААН і АБСЕ павінны зрабіць сваю справу ў інтарэсах забеспячэння правасуддзя для ахвяраў парушэнняў у Беларусі і адказнасці для датычных з боку ўладаў", – кажа Х'ю Уільямсан.