Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Жнівень 2020
Высновы:
- 9 жніўня ў краіне прайшлі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбываліся на фоне бесперапынных рэпрэсій, у атмасферы нагнятання страху і запалохвання грамадства;
- выбарчы працэс не адпавядаў міжнародным стандартам правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў. Выбары праходзілі з шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, што не дазваляе лічыць агучаныя ЦВК вынікі рэальным адлюстраваннем волевыяўлення грамадзян Беларусі;
- недавер да афіцыйных вынікаў выбараў прывёў да масавых стыхійных мірных пратэстаў грамадзян як у сталіцы, так і іншых гарадах па ўсёй тэрыторыі краіны;
- спробы сілавога, з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі (баявой, святлошумавых гранат, гумовых куляў), спынення сіламі спецпадраздзяленняў МУС сходаў прывяло да шматлікіх раненняў удзельнікаў сходаў. Як мінімум, тры ўдзельнікі пратэстаў загінулі ў выніку прымянення да іх зброі або неаказання своечасовай медыцынскай дапамогі;
- на працягу месяца больш за 7 500 грамадзян былі затрыманыя за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Вялікая колькасць затрыманых пасля дня галасавання прывяла да перагрузкі сістэмы МУС, у выніку якой яна цягам некалькіх сутак была не ў стане даць інфармацыю пра лёс і месцазнаходжанне затрыманых іх сваякам;
- асаблівую негатыўную рэакцыю беларускай і міжнароднай грамадскасці выклікалі факты прымянення ў дачыненні да затрыманых катаванняў і іншых жорсткіх і бесчалавечных відаў абыходжання. На дадзены момант ПЦ "Вясна" зафіксавана і задакументавана не менш за 500 выпадкаў прымянення катаванняў, якія сведчаць аб масавым і сістэмным іх ужыванні;
- пераследу з боку ўлады ў сувязі са сваёй прафесійнай дзейнасцю падвергліся журналісты. Іх неаднаразова затрымлівалі, збівалі, ужывалі да іх зброю, замежных журналістаў пазбаўлялі акрэдытацыі і дэпартавалі з Беларусі. У краіне была ўведзеная цэнзура: заблакаваны доступ да шматлікіх інфармацыйных сайтаў, сайтаў грамадскіх, у тым ліку праваабарончых арганізацый; перыядычна адключаецца доступ да сеткі Інтэрнэт;
- на працягу месяца рэзка павялічылася колькасць палітвязняў. На дадзены момант у турмах знаходзіцца 41 палітвязень, якіх прызнае такімі беларуская праваабарончая супольнасць;
- ацэньваючы сітуацыю ў комплексе, прадстаўнікі ПЦ "Вясна" канстатуюць наяўнасць глыбокага крызісу правоў чалавека ў краіне, які закранае практычна ўвесь спектр грамадзянскіх і палітычных правоў, які прывёў да грубых парушэнняў правоў тысяч грамадзян і патрабуе неадкладнага ўрэгулявання у тым ліку з удзелам міжнародных арганізацый.
Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны пераслед
Крымінальны пераслед грамадзян стаў адным з асноўных відаў рэпрэсіяў, якія ўжываюцца ўладамі Беларусі ў перыяд вострага крызісу правоў чалавека ў краіне, які пачаўся ў пост-выбарчы перыяд.
У выніку спробаў гвалтоўнага падаўлення органамі міліцыі і вайскоўцамі ўнутраных войскаў МУС пераважна мірных стыхійных акцый пратэсту грамадзян у перыяд 9-12 жніўня, СК былі распачатыя крымінальныя справы па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі) у дачыненні да больш за 80 грамадзян.
Эксперты ПЦ "Вясна" адзначалі, што не згодныя з кваліфікацыяй дэманстрацый пратэсту як масавых беспарадкаў, паколькі дэманстранты не здзяйснялі дзеянняў, якія складаюць дыспазіцыю арт. 293 КК — падпалы, пагромы, знішчэнне маёмасці, не ажыццяўлялася збройнага супраціву супрацоўнікам міліцыі.
Асобныя ж выпадкі ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі і вайскоўцаў унутраных войскаў МУС, на думку экспертаў, варта кваліфікаваць ў кожным канкрэтным выпадку асобна, з улікам кантэксту прымянення такога гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны грамадзян ад загадзя непрапарцыйнага прымянення гвалту супрацоўнікамі МУС.
Крызіс з правамі чалавека прывёў да рэзкага павелічэння колькасці палітвязняў у краіне.
Калі да дня заканчэння выбараў 9 жніўня ў Беларусі былі 24 палітвязні, прызнаных такімі беларускай праваабарончай супольнасцю, то ў пост-выбарчы перыяд іх колькасць узрасла да 41.
На працягу першых дзён пасля выбараў па ўсёй тэрыторыі краіны прайшлі масавыя затрыманні грамадзян, у тым ліку і актывістаў выбарчага штаба Віктара Бабарыкі і ініцыятывы грамадзянскага назірання за выбарамі “Сумленныя людзі”. Частцы з іх пасля былі прад'яўленыя абвінавачванні па арт. 293 КК і абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Гэтыя людзі і былі пасля прызнаныя палітвязнямі беларускай праваабарончай супольнасцю.
20 жніўня стала вядома, што адзін з лідараў партыі БХД Павал Севярынец, які адбыў 75 сутак адміністрацыйнага арышту, быў пераведзены ў СІЗА ў сувязі з завядзеннем ў дачыненні да яго крымінальнай справы па арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).
Таксама 20 жніўня стала вядома, што Генеральнай пракуратурай у дачыненні да сябраў Каардынацыйнай рады, створанай з прадстаўнікоў розных палітычных сілаў і грамадзянскай супольнасці для ўдзелу ў магчымым перамоўным працэсе з прадстаўнікамі органаў улады ў мэтах вырашэння палітычнага крызісу пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў, была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Па словах Генпракурора А. Канюка, дзейнасць Рады накіраваная на захоп дзяржаўнай улады, а таксама нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны.
У рамках крымінальнай справы адбыўся шэраг допытаў у якасці сведак сябраў прэзідыума Рады, уключаючы лаўрэатку Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры, вядомую беларускую пісьменніцу Святлану Алексіевіч.
Беларуская праваабарончая супольнасць працягвае заклікаць улады Рэспублікі Беларусь да неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў у якасці першага кроку да магчымага дыялогу як на міжнародным узроўні, так і ўнутры краіны.
Да вызвалення ўсіх палітвязняў заклікаюць краіны ЕС і міжнародныя арганізацыі, сябрам якіх з'яўляецца Рэспубліка Беларусь.
Парушэнне свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў. Падаўленне мірных пратэстаў. Катаванні і іншыя віды жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання
У пачатку жніўня многія актывісты, у тым ліку назіральнікі, былі ізаляваныя: частка з іх затрыманая для адбыцця раней прызначанага арышту, частка падвергнутая арыштам па надуманых падставах.
4 жніўня ў Салігорску нечакана быў адменены агітацыйны мітынг кандыдаткі ў прэзідэнты С. Ціханоўскай; людзей, якія прыйшлі на мітынг, затрымала міліцыя; з 20 затрыманых двое былі падвергнуты арышту, астатнія аштрафаваныя.
7 жніўня ў Мінску затрымлівалі ўдзельнікаў і ўдзельніц традыцыйных роварных акцый салідарнасці; у затрыманні прымалі ўдзел супрацоўнікі АМАПу, міліцыі і салдаты ўнутраных войскаў.
У той жа дзень па ўсёй краіне прайшлі суды над актывістамі. У тым ліку над затрыманымі гукааператарамі, якія ўключылі песню «Перемен!» на мерапрыемстве «Дзень адчыненых дзвярэй устаноў дадатковай адукацыі», які праводзіўся ў Мінску: па заяве начальніка ідэалагічнага аддзела адміністрацыі Цэнтральнага раёна суддзі Юлія Густыр і Вікторыя Шабуня ўгледзелі ў дзеяннях Кірылы Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага склад правапарушэння і пакаралі іх 10 суткамі арышту кожнага. У перыяд адбыцця арышту Галанаў і Сакалоўскі падвергліся жорсткаму абыходжанню, а пасля вызвалення —ціску з боку МУС.
9 жніўня пасля закрыцця выбарчых участкаў у многіх гарадах краіны грамадзяне выйшлі на вуліцу пратэставаць супраць фальсіфікацыі выбараў з патрабаваннем сумленнага падліку галасоў. Пратэсты працягваліся і ў наступныя дні. Нягледзячы на збольшага мірны характар пратэстаў, супраць дэманстрантаў, а таксама выпадковых людзей, якія апынуліся ў месцах судакранання з сілавымі падраздзяленнямі, была прымененая непрапарцыйная фізічная сіла, спецсродкі і, упершыню ў гісторыі Беларусі — зброя: святлошумавыя гранаты, траўматычная зброя, а ў асобных выпадках — баявая зброя. Супрацоўнікі спецпадраздзяленняў ажыццяўлялі масавыя затрыманні: удзельнікаў пратэстных акцый; людзей, у якіх былі атрыбутыка прыхільнікаў дэмакратычных кандыдатаў, нацыянальная бел-чырвона-белая сімволіка, а таксама фатаграфіі бюлетэняў, пратаколаў галасавання ў памяці мабільных тэлефонаў, падпіскі на пратэстныя каналы і групы ў сацыяльных сетках. Акрамя таго, адзначана вялікая колькасць затрыманняў выпадковых мінакоў. 10 жніўня праваабаронцы заклікалі ўлады спыніць затрыманні, ужыванне сілы і спецсродкаў у дачыненні да мірных грамадзян.
Толькі за першую ноч пратэстаў, паводле звестак МУС, было затрымана больш за 3 000 чалавек; за першыя тры дні — больш за 6 000 чалавек. 12 жніўня — яшчэ 700 чалавек. У праваабаронцаў ёсць усе падставы меркаваць, што ў цэлым гэта няпоўныя дадзеныя. Затрыманні ажыццяўляліся практычна ва ўсіх гарадах краіны.
Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што ў бальніцы з раненнямі за два пратэстныя дні былі дастаўлены крыху больш за 200 чалавек, некалькім запатрабаваліся аперацыі.
Ужо 11 жніўня з'явіліся сведчанні таго, што ў дачыненні да мірных дэманстрантаў і выпадковых мінакоў былі ўчыненыя беспрэцэдэнтныя па размаху і выяўленай жорсткасці карныя мерапрыемствы: супрацоўнікі міліцыі і спецпадраздзяленняў збівалі затрыманых пасля затрымання, у спецтранспарце, у памяшканнях і на тэрыторыі аддзелаў міліцыі, у іншых памяшканнях, якія належаць МУС, якія выкарыстоўвалі для назапашвання і размяшчэння затрыманых, а таксама ў месцах утрымання затрыманых і арыштаваных — ізалятарах, турмах і следчых ізалятарах. Ахвярамі катаванняў і іншых формаў жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання ў той ці іншай ступені сталі практычна ўсе затрыманыя і арыштаваныя. Супрацоўнікі МУС і спецпадраздзяленняў здзяйснялі злачынствы ў масках і без ідэнтыфікуючых іх знакаў адрознення. Акты забароненага абыходжання насілі масавы і сістэмны характар. Службовыя асобы МУС з рознай ступенню пэўнасці пацвердзілі, што гвалт не быў эксцэсам асобных супрацоўнікаў, а планаваўся загадзя ў адказ на пратэстныя акцыі.
Міністр унутраных справаў Юрый Караеў у інтэрв'ю заявіў, што кантралюе сваіх падначаленых, а іх агрэсія стала адказам на гвалт у дачыненні да іх калегаў; таксама прыгразіў «адказаць бязмежжам» на пераслед яго падначаленых. Таксама ён заяўляў, што не ва ўсіх выпадках у дачыненні да затрыманых пачынаўся адміністрацыйны працэс, што азначае адвольны характар затрыманняў. Такім чынам, кіраўнік МУС не асудзіў факты прымянення катаванняў яго падначаленымі.
Намеснік міністра ўнутраных справаў А. Барсукоў крывадушна адмаўляў якія-небудзь здзекі з затрыманых і сцвярджаў, што пагаварыў з кожным з іх у ноч, калі з Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску пачалі выпускаць збітых людзей (14 жніўня).
У здзяйсненне злачынстваў былі ўцягнутыя таксама супрацоўнікі тэрытарыяльных органаў унутраных справаў, якія альбо актыўна садзейнічалі спецпадраздзяленням у ажыццяўленні катаванняў і актаў забароненага абыходжання, альбо сваім бяздзеяннем развязвалі ім рукі.
Суддзямі раённых судоў былі праведзены сотні «канвеерных» адміністрацыйных справаў ва ўмовах, калі затрыманыя былі пазбаўленыя ўсіх працэсуальных правоў і зведвалі катаванні і забароненае абыходжанне. Улічваючы відавочны і адкрыты характар і працэс катаванняў, у прыватнасці, на тэрыторыі ЦІП ГУУС, трэба правесці адпаведны аналіз і даць ацэнку дзеянням шэрагу суддзяў не толькі ў частцы незабеспячэння працэсуальных гарантый, але і з пункту гледжання прыкмет злачынстваў супраць правасуддзя і цалкам відавочнай ўцягнутасці ва ўчыненне злачынстваў супраць бяспекі чалавецтва.
Да канца месяца ні па адной з пададзеных у Следчы камітэт заяваў і пачатых у сувязі з выяўленнем цялесных пашкоджанняў пры звароце па медыцынскую дапамогу праверак у дачыненні да супрацоўнікаў МУС і Міністэрства абароны не ўзбуджана крымінальных справаў за катаванні. Праваабаронцы сцвярджаюць, што ў перыяд з 9 па 14 жніўня на тэрыторыі краіны паўсюдна здзяйсняліся злачынствы супраць бяспекі чалавецтва — затрыманні і выкраданні людзей, за імі ішлі катаванні і іншыя акты забароненага абыходжання ў сувязі з іх палітычнымі перакананнямі.
Генеральная пракуратура заявіла аб стварэнні міжведамаснай камісіі па расследаванні паведамленняў аб жорсткім абыходжанні з пратэстуючымі ў турмах. У склад камісіі ўвайшлі прадстаўнікі пракуратуры, Следчага камітэта, МУС, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Аднак такі фармат не адпавядае працэсуальным патрабаванням і ацэньваецца праваабаронцамі ПЦ "Вясна" як неэфектыўны.
У ходзе пратэстаў ад рук супрацоўнікаў спецпадраздзяленняў загінулі не менш як два пратэстоўцы — Аляксандр Тарайкоўскі ў Мінску і Генадзь Шутаў ў Брэсце. Непасрэдна пасля затрымання памёр Аляксандр Віхор з Гомеля. Існуюць версіі аб большай колькасці ахвяр, аднак ва ўмовах непразрыстай і прадузятай праверкі абставінаў падзеяў 9-14 жніўня на дадзеным этапе складана рабіць аб'ектыўныя высновы аб іх абгрунтаванасці.
У СМІ таксама згадваюцца выпадкі здзекаў сэксуальнага характару ў дачыненні да затрыманых, аднак Следчы камітэт абвяргае гэтую інфармацыю. Варта заўважыць, што ў Беларусі адсутнічае праграма абароны і рэабілітацыі ахвяр катаванняў, якая закліканая аднаўляць самастойнасць ахвяраў катаванняў і іх фізічных, псіхічных, сацыяльных і прафесійных здольнасцяў, а таксама іх поўнай сацыяльнай інтэграцыі і ўдзелу ў жыцці грамадства. Як абгрунтавана лічаць эксперты ПЦ "Вясна", вялікая колькасць людзей, якія падвергліся катаванням і здзекам у разгледжаны перыяд, прычым найбольш пацярпелыя ад гэтых актаў, адмовіліся ад выдавання звестак аб катаваннях і ад звароту ў дзяржаўныя органы, знаходзячыся ў падаўленым стане, з аднаго боку, і асцерагаючыся эскалацыі пераследу з боку сілавых ведамстваў — з другога.
Такім чынам, мы з'яўляемся сведкамі глыбокага крызісу прававой сістэмы ў Беларусі, негатыўныя наступствы якога відавочныя: у краіне знішчана павага да органаў унутраных справаў, калі кожны супрацоўнік МУС ўспрымаецца як саўдзельнік масавых злачынстваў; падарваны аўтарытэт органаў расследавання; дыскрэдытавана роля пракуратуры як органа, які наглядае за станам законнасці. Суд і суддзі сталі інструментам вынясення судовых актаў, якія парушаюць не толькі міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў сферы правоў чалавека, але і нацыянальны закон.
За абуральнымі парушэннямі правоў чалавека, якія маюць абсалютны характар — права не падвяргацца катаванням і іншым відам бесчалавечнага, жорсткага, зневажальнага абыходжання, якія набываюць выгляд збіцця і прычынення болю іншымі спосабамі, — сышлі ў цень іншыя, не менш грубыя парушэнні правоў чалавека і нацыянальнага заканадаўства: змяшчэнне ў месцах пазбаўлення волі з шматразовым перанасяленнем і цеснатой, што ў тым ліку пацягнула распаўсюджванне сярод затрыманых каронавірусу; пазбаўленне на працяглы час вады, ежы, сну і прытоку свежага паветра, на холадзе, пад дажджом, без рэгулярнага доступу ў туалет.
Прымяненне несмяротнай зброі, якое ў выніку відавочных парушэнняў правілаў яе прымянення, прычыніла шматлікія раненні рознай ступені цяжкасці — аж да ампутацый канечнасцяў і цягліц — павінна стаць прадметам пільнай праверкі; між тым, пракуратура г. Мінска адмовілася паведаміць звесткі пра ўжыванне зброі і колькасць ахвяр.
Выбарчаму і мэтанакіраванаму пераследу падвергліся журналісты: у дачыненні да прадстаўнікоў незалежных СМІ ажыццяўляліся арышты, ім прычыняюць асаблівыя пакуты ў выпадках затрымання, некалькі журналістаў былі збітыя супрацоўнікамі спецпадраздзяленняў і параненыя.
13 жніўня праваабарончыя арганізацыі Беларусі звярнуліся да Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, а таксама да шэрагу спецыяльных тэматычных дакладчыкаў па пытанні прыняцця тэрміновых захадаў па бягучай сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і просьбай ініцыяваць усе магчымыя мерапрыемствы для маніторынгу сітуацыі. У звароце праваабаронцаў закранаецца бягучая інфармацыя па наступных ключавых пазіцыях: прымяненне гвалту і жорсткага абыходжання; права на справядлівы суд; сітуацыя са становішчам журналістаў; сітуацыя са становішчам праваабаронцаў; доступ да інфармацыі; становішча з замежнымі грамадзянамі.
Праваабарончы цэнтр "Вясна", Беларускі Хельсінкскі камітэт (БХК), Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT) і Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) звярнуліся да Спецыяльнага дакладчыка ААН па катаваннях, каб “выказаць сваю сур'ёзную заклапочанасць і заклікаць да ўмяшання ў сувязі з жорсткім разгонам мірных дэманстрантаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, што адбыліся 9 жніўня”.
Міжнародныя і праваабарончыя арганізацыі і сеткі зрабілі заявы з асуджэннем жорсткага абыходжання з удзельнікамі мірных дэманстрацый і заклікамі правесці належнае расследаванне.
Надзвычайная сітуацыя са становішчам ахвяр самавольства, катаванняў і гвалту спарадзіла ў грамадстве магутны зваротны працэс праявы спачування і салідарнасці, а таксама шматлікія прапановы дапамогі пацярпелым.
Рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці суправаджаліся нападамі на незалежныя інфармацыйныя крыніцы, блакаваннем незалежных сайтаў, а таксама перыядычным адключэннем Інтэрнэту або рэзкім зніжэннем прапускной здольнасці аператараў. Дзяржаўнымі друкарнямі быў сарваны выпуск некалькіх накладаў газет «Народная воля», «Белгазета» і «Комсомольская правда в Беларусі».
Нягледзячы на няспынныя затрыманні дэманстрантаў і актывістаў страйкавага руху, у Мінску і іншых гарадах краіны рэгулярна праводзяцца шматтысячныя акцыі пратэсту. У апошні тыдзень жніўня было затрымана больш за 400 чалавек, частка з якіх падвергнутая адміністрацыйным спагнанням — арыштам і штрафам.