Пяцьсот чалавек затрымана ў Гомелі 10 жніўня
У Гомлі за вечар 10 жніўня затрымалі да 500 чалавек, у ізалятары няма месца. Сьведка: затрыманых зьбіваюць у РАУС
Паводле папярэдніх зьвестак, на пратэстах у Гомлі затрымалі да 500 чалавек, вынікае з аповедаў сваякоў Свабодзе.
У ізалятар усе не зьмясьціліся — там толькі каля 100 месцаў. Некаторых зьмясьцілі ў СІЗА, нехта застецца ў РАУС, на іх не пасьпяваюць складаць пратаколы. Сёньня маюць адбыцца суды над затрыманымі, над некаторымі будуць праходзіць у ізалятары, пацьвердзілі ў канцылярыі суду.
Адна дзяўчына, якую ноччу выпусьцілі з РАУС, расказала, што затрыманых клалі тварам на падлогу на 3-м паверсе РАУС, зьбівалі, лаяліся на іх. На саму дзяўчыну лаялася міліцыянтка, абражала, выцяла па шчацэ, пыталася: «Чаму ты выступаеш супраць Лукашэнкі, ён жа такі добры?»
Вечарам 10 жніўня ў Гомлі працягнуліся пратэсты на вуліцах, у тым ліку на Савецкай і на плошчы Леніна. Супраць іх кінулі супрацоўнікаў АМАП, міліцыю і ўнутраныя войскі МУС, былі разгоны. Цэнтральныя вуліцы былі ачэпленыя, вулічнае асьвятленьне адключанае.