Праваабаронцы "Вясны" патрабуюць узбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да сілавікоў
Праваабаронцы "Вясны" звярнуліся з заявай у Генеральную пракуратуру, у якой патрабуюць неадкладнага ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да сілавікоў, якія злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі пры разгоне мірных дэманстрантаў.
У перыяд з 9 па 13 жніўня 2020 года ў розных месцах г. Мінска і іншых гарадоў Беларусі супрацоўнікі Міністэрства ўнутранных спраў і Міністэрства абароны ажыццяўлялі адвольныя затрыманні грамадзянаў, за імі ішлі катаванні і акты жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання.
Звесткі аб актах жорсткага абыходжання апублікаваныя на сайтах spring96.org, tut.by, onliner.by і іншых.
Мы, сябры Праваабарончага цэнтру "Вясна", патрабуем неадкладнага ўзбуджэння крымінальнай справы па фактах гэтых інцыдэнтаў па прыкметах арт. 128, 426, 455 Крымінальнага кодэкса, правядзення расследавання і прыцягнення да адказнасці вінаватых асоб.
У адпаведнасці з артыкулам 128 КК "Злачынствы супраць бяспекі чалавецтва", злачынствам з'яўляецца незаконнае ўтрыманне ў зняволенні, выкраданне людзей, за якім ідуць катаванні ці акты жорсткасці, што здзяйсняюцца ў сувязі з палітычнымі перакананнямі грамадзянскага насельніцтва.
Пад катаваннем разумеецца любое дзеянне, якім нейкай асобе наўмысна прычыняюцца моцны боль, фізічная або псіхічная пакута ў мэтах прымусу дадзенай асобы альбо трэцяй асобы да дзеянняў, якiя супярэчаць іх волі, у тым ліку каб атрымаць ад іх звесткі або прызнанні, а таксама ў мэтах пакарання або па іншых мэтах альбо па любой падставе, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль альбо пакута прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, або па яе падбухторванні, ці з яе ведама ці маўклівай згоды. У гэта вызначэнне не ўключаюцца боль або пакуты, якія ўзнікаюць з прычыны прымянення мераў працэсуальнага ці іншага законнага прымусу.
Улічваючы адсутнасць законнай падставы для ўжывання фізічнай сілы і спецсродкаў у памяшканнях і на тэрыторыі аддзелаў унутраных спраў, а таксама ў месцах утрымання адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных, дзеянні супрацоўнікаў міліцыі не могуць быць абгрунтаваныя меркаваннямі выканання закона і парадку.
А. Бяляцкі, старшыня ПЦ "Вясна"
В. Стэфановіч, сябра Рады ПЦ "Вясна"
П. Сапелка, юрыст ПЦ "Вясна"