viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: “Можна пасадзіць усю Раду, але ці вырашыць гэта пытанне агульнапалітычнага крызісу?”

2020 2020-08-21T15:45:00+0300 2020-08-21T15:21:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prafsajyz-sud-13-08-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі каля будынку Дома правасуддзя. Фота: ПЦ "Вясна".

Алесь Бяляцкі каля будынку Дома правасуддзя. Фота: ПЦ "Вясна".

20 жніўня стала вядома, што Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу супраць Каардынацыйнай рады, створанай для забеспячэння трансферу ўлады, па артыкуле 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Старшыня Праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі, які ўвайшоў у склад Рады, падзяліўся меркаваннем, як гэтая справа будзе разгортвацца і якім чынам паўплыве на дзейнасць Рады.

“Каб узбудзіць крымінальну справу па масавых катаваннях, у пракуратуры рукі не даходзяць, а тут – раз і гатова”

Яшчэ за дзень да першага пасяджэння Каардынацыйнай Рады Лукашэнка нярвова адрэагаваў на яе стварэнне і заявіў, што “гэта спроба захопу ўлады з усімі выцякаючымі наступствамі”. Таму трэба было чакаць наступных прававых ці неправавых деянняў з боку ўладных структураў.

Затым генеральны пракурор Аляксандр Канюк фактычна паўтарыў словы Лукашэнкі: “Стварэнне і дзейнасць Каардынацыйнай рады накіраваны на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь”. Генпракуратура ўстала па стойцы: “Зважай!” і неадкладна ўзбудзіла крымінальную справу. Каб узбудзіць крымінальну справу па фактах масавых катаванняў, збіцця мірных грамадзянаў 9-13 жніўня з боку беларускіх “тантон-макутаў”, у іх рукі не даходзяць, а тут – раз і гатова. Пракуратура з органу нагляду за выкананнем законнасці пераўтварылася ў прыватны інструмент аднаго чалавека.

У нашым супольным супраціве – нашая “сіла бязсільных”

Артыкул 361 крымінальнага кодэкса, па якім узбуджаная справа, даволі экзатычны. Я не памятаю, каб каго-небудзь па ім прыцягвалі да адказнасці.

Прэзідыум Каардынацыйнай рады ўжо заявіў, што дзейнасць Рады ніяк не падпадае пад яго. Рада створаная з адной мэтай – ініцыяваць перамоўны працэс паміж шырокай грамадсткасцю і ўладамі з мэтай пераадолення палітычнага крызісу. Рада лічыць, што для гэтага неабходна спыніць палітычны пераслед, вызваліць усіх палітычных зняволеных, прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі і правесці новыя выбары.

У Радзе прадстаўлена шырокая беларуская грамадскасць: прадстаўнікі палітычных штабоў Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі, страйкамаўцы, палітычныя актывісты, прадстаўнікі бізнесу, грамадскія дзеячы, спартсмены, журналісты. Рада выступае ад імя беларускага грамадства. Можна, вядома, арыштаваць і пасадзіць усю Раду – і нобелейскую лаўрэатку, і алімпійскую чэмпіёнку, і былога дыпламата і доктара навук, і праваабаронцу. Але ж ці вырашыць гэта пытанне агульнапалітычнага крызісу? Ці пагадзіцца з такімі тэрарыстычнымі метадамі беларускі народ?

Урэшце рэшт беларускі народ пачаў голасна гаварыць і актыўна абараняць свае правы праз акцыі мірнага непадпарадкаваньня. Тое, чаго мы, праваабарнцы, дабіваліся ўсе гады нашай дзейнасьці. Гэта магутная мяккая зброя, супраць якой улады бязсільныя. У нашым супольным супраціве – нашая “сіла бязсільных”.

Таму неабходна не спыняцца і ісці наперад. Толькі так мы зможам канчаткова не скаціцца ў фашысцкі рэжым і дамагчыся справядлівасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства