viasna on patreon

Улёткі, ровары і аўтамабілі. За што судзяць сёмага жніўня? Дапоўнена

2020 2020-08-07T20:00:00+0300 2020-08-08T12:26:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2020-08-07_kastrychnicki-sud_grodna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гродна

У судзе Ленінскага раёна ў 9.30 распачаліся суды над Яўгенам Пякуцька і Сяргеем Нікуліным. Іх звінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве за роварны прабег, што прайшоў 14 ліпеня (на наступны дзень яны былі затрыманы). Абодва не прызналі віны. Суддзя Руслан Гурын вырашыў пакараць Яўгена Пякуцьку на 15 базавых велічынь штрафу (405 рублёў), а Сяргея Нікуліна — на 5 сутак арышту.

У судзе Ленінскага раёна горада Гродна. Фота: Гарадзенская Вясна
У судзе Ленінскага раёна горада Гродна. Фота: Гарадзенская Вясна

Таксама ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна разглядаюцца справы 13-ці чалавек, якіх вінавацяць у несанкцыянаваным аўтапрабегу 30 ліпеня. У той жа дзень многіх затрымалі,  паведаміў праваабаронца "Вясны" з Гродна Віктар Сазонаў:

"У іх пры затрыманні пазабіралі машыны [склалі пратаколы вопісу маёмасці на аўтамабілі — заўв.] і тэлефоны. Сёння іх вылаўліваюць па ўсім горадзе і цягнуць у суд".

Разам з затрыманым Яўгенам Урбанайцем у той дзень знаходзілася яго пяцігадовая дачка. Яна правяла ў пастарунку разам з бацькам некалькі гадзін, пакуль яго знаёмыя не забралі дзіця.

Адміністрацыйную справу Яўгена Урбанайця разглядаў суддзя Руслан Хіхол. Ён вырашыў перанесці суд на пасляабедзенны час з-за адсутнасці сведак. Аднак сведкі (супрацоўнікі міліцыі) не з'явіліся: як паведамілі на судзе, адзін з іх знаходзіцца ў камандзіроўцы, а другі на лячэнні. Суддзя вырашыў разгледзець справу без іх і пакараў Урбанайця штрафам у 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Таксама ў тым жа судзе прайшло пасяджэнне над яшчэ адным аўтамабілістам —  Артурам Кшэўскім. Ён хадайнічаў аб прыцягненні яго жонкі ў якасці сведкі. Суд хадайніцтва задаволіў і вынес рашэнне працягнуць пасяджэнне 14 жніўня ў 14.30. Аднак пры выхадзе з суда Кіеўскага зноў затрымалі. На пытанне, па якой прычыне праводзіцца затрыманне, супрацоўнік міліцыі паведаміў, што не абавязаны адказваць.

Такая ж сітуацыя адбылася із Яўгенам Урбанайцем — яго затрымалі адразу пасля таго, як ён выйшаў з будынка суда і адвезлі ў РУУС.

Пазней абодвух адпусцілі, узяўшы падпіску аб няўдзеле ў падобных мерапрыемствах.

У судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна
У судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна. Фота: Гарадзенская Вясна

Таксама ў Гродне на 7 сутак асудзілі Алега Пуцілоўскага. Яго затрымалі напярэдадні, калі Алег у якасці валанцёра перавозіў афіцыйныя агітацыйныя ўлёткі Святланы Ціханоўскай. Усе ўлёткі (100 тысяч штук), а таксама яго машына былі арыштаваныя.

На 5 сутак арышту асуджаны Павел Мількоўскі.

Баранавічы

Арыштам на 5 сутак пакараны Максім Жураўлёў.  Ён расклейваў улёткі аб тым, каб людзі збіраліся 9 жніўня ў 19 гадзін на сваіх выбарчых участках.  За гэта яго абвінавацілі ў парушэнні частцы 1 артыкула 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення несанкцыянаванага масавага мерапрыемства). Максім Жураўлёў віну прызнаў. Судовы працэс вёў суддзя Мікалай Кміта.

Мінск

У судзе Фрунзенскага раёна па артыкулах 17.1 КаАП (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне) у другой палове дня суддзя Буйноўская пакарала арыштамі: 

Уладзіслаў Клаўкін — 15 сутак арышту

Сяргей Паканечны 13 сутак арышту

Ягор Віняцкі — 15 сутак арышту. Яго вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы. 

Аляксандр Руткевіч 15 сутак арышту.

Усіх чатырох актывістаў затрымалі напярэдадні. 

Акрамя гэтага, пакаралі суткамі двух затрыманых напярэдадні актывістаў: Уладзіслаў Абазовік атрымаў 15 сутак арышту, а Мікіта Селівонік10 сутак

Таксама вядома, што за расклейку ўлетак з заклікам рэгістравацца ў ініцыятыве "Голас" асудзілі на 10 сутак Уладзіслава Селіцкага (у суддзе Маскоўскага раёна Мінска). Затрымалі яго у ноч з 4 на 5 жніўня і склалі пратакол за дробнае хуліганства (арт. 17.1 КаАП). 

Сяргея Мацкойця асудзілі на 12 сутак арышту. Пры затрыманні яму пашкодзілі нагу.

Масты

Аляксандра Мілюка асудзілі на 7 сутак. Затрымалі яго яшчэ 3 ліпеня і склалі пратакол за "дробнае хуліганства" (арт. 7.1 КаАП). У той дзень да Мілюка, які з'яўляецца сябрам ініцыяттыўнай групы Святланы Ціханоўскай, падыйшоў невядомы чалавек і пачаў правакаваць яго. Мілюк выклікаў міліцыю, але тая ў выніку затрымала яго. Пасля Мілюк трапіў у стацыянар на лячэнне, бо тэст на COVID-19 даў станоўчы вынік.

Таксама Уладзімір Байгот атрымаў 7 сутак арышту. 

Затрыманага 6 жніўня ў аграгарадку Лунна Дзяніс Белайца асудзілі на 5 сутак арышту па артыкуле 23.4 КаАП РБ.

Дзмітрыеўка (Клічаўскі раён)

Сяргей Клепча атрымаў штраф памерам у два з паловай рублі. Напярэдадні, шостага жніўня, ён ініцыяваў сустрэчу з выбаршчыкамі ў мясцовым Доме культуры для абмеркавання перадвыбарчай праграмы Святланы Ціханоўскай. Сустрэча павінна была распачацца ў 17.30. Але прыкладна за гадзіну да гэтага Сяргея затрымалі міліцыянты, таму на сустрэчу ён не трапіў. Пасля на Сяргея склалі пратакол па артыкуле 21.14 КаАП (Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў) за расклейку ўлётак з абвесткай сустрэчы, за што у РАУСе Клічаўскага раёна сёння і вынеслі рашэнне аб штрафе. 

Акцябрыскі

Блогер Андрэй Павук атрымаў 15 сутак арышту за "дробнае хуліганства" (арт. 17.1 КаАП).

Магілеў

Двум праваабаронцам  і журналістам — Аляксандру Буракову-старэйшаму і Аляксандру Буракову-малодшаму — далі па 10 сутак арышту кожнаму.

У Магілёве судзяць праваабаронцаў "Вясны": кожнаму Аляксандру Буракову - 10 сутак арышту

7 жніўня прайшлі суды на нашымі калегамі — Аляксандрам Бураковым-старэйшым і Аляксандрам Бураковым-малодшым, якіх раней затрымалі.

Таксама асудзілі на 12 сутак арышту журналіста Уладзіміра Лапцэвіча. 

Акрамя гэтага, арыштамі пакаралі трох актывістаў:

Аляксандр Хамратаў 10 сутак арышту

Андрэй Застрэлаў  — 10 сутак арышту

Алякснадр Таланкоў7 сутак арышту.

Карэлічы

Актывіст "Страны для жизни" Аляксандр Камісараў атрымаў 12 сутак арышту па артыкуле 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Гомель

Дзмітрый Івашкоў атрымаў 15 сутак арышту.

Мазыр

Руслана Парфенава и Юрыя Панфіленку асудзілі на 10 сутак кожнага. Пачалася практыка закрытых судоу. Ни родныя, ні сябры не змаглі терапиць на пасяджэнні.

Салігорск

Віталь Кот, затрыманы ў 3 ночы на працы, і Аляксандр Філютчык атрымалі па 15 сутак арышту.

Калінкавічы

Суд Калінкавіцкага раёна 7 жніўня на 6 сутак арыштаваў валанцёра каманды Святланы Ціханоўскай Дзмітрыя Кайтанава. Дзмітрый дапамагаў у арганізацыі пікетаў давераных асобаў Ціханоўскай у Калінкавічах, Мазыры, Хойніках, а таксама шматтысячнага мітынгу ў Рэчыцы.

Інфармацыя будзе дапаўняцца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства