viasna on patreon

У Беларусі чатыры жанчыны-палітзняволеныя. За што іх пераследуе дзяржава?

2020 2020-09-10T10:51:47+0300 2020-09-10T13:39:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ulasava_t.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па стане на раніцу 10 верасня ў Беларусі налічваецца 55 палітычных зняволеных. Чатыры з іх — жанчыны. Спіс увесь час дапаўняецца. Праваабаронцы прызналі палітзняволенымі каардынатарку ініцыятыўнай группы Віктара Бабарыкі па адным з раёнаў Мінска Святлану Купрэеву, даверанаю асобу Святланы Ціханоўскай у Гомелі Таццяну Канеўскую, сяброўку Прэзідыўму Каардынацыйнай Рады Лілію Уласаву, супрацоўніцу PandaDoc Юлію Шардыку. Большасць з іх абвіначваецца ў здзяйсненні эканамічных злачынстваў, але ва ўсіх выпадках, на думку беларускай праваабарончай супольнасці, пераслед носіць палітычна матываваны характар. «Вясна» сабрала гісторыі палітычных зняволеных жанчын Беларусі.

Каардынатарка ініцыятыўнай группы Віктара Бабарыкі Святлана Купрэева

Святлана Купрэева. Фота з facebook
Святлана Купрэева. Фота з facebook

Блізкую сяброўку сям'і Віктара Бабарыкі і каардынатарку яго ініцыятыўнай группы па адным з раёнаў Мінска Святлану Купрэеву затрымалі падчас выбарчай кампаніі яшчэ на этапе збору подпісаў. Раніцай 11 чэрвеня ў яе кватэру ў Мінску, дзе яна пражывае з 81-гадовай мамай, прыйшлі з ператрусам. Маці Святланы Таццяна Мікалаеўна распавяла Свабодзе пра ператрус і затрыманне дачкі:

«Дачка адчыніла дзверы, і зайшлі двое, сказалі, што будзе вобшук. Потым прыйшлі яшчэ двое. Кватэра мая, я працавала настаўніцай, і яшчэ ў 1968 годзе пабудавалі каапэратыўны дом, і я яе выплачвала некалькі гадоў, на дзвюх працах працавала.

Святлане сказалі праехаць з імі і даць паказанні як сведцы па нейкім пытанні. Яна ўзяла ў мяне грошай, каб вярнуцца на таксоўцы, у лёгкай вопратцы паехала з імі. Але яна ўжо не патэлефанавала. У мяне запатрабавалі адчыніць (прыгразілі, што інакш зламаюць дзверы) Святланін аўтамабіль, які стаяў у двары, і там зрабілі вобшук. Спыталі, ці ёсць даляры, грошы. Я кажу — вы ж бачылі, я дала свае 40 рублёў з пенсіі на таксоўку».

Увечары 11 чэрвеня стала вядома, што Святлана затрыманая і змешчаная ў СІЗА КДБ. Яе абвінвачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса — "Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры". Як паведамляецца на сайце штабу Віктара Бабарыкі, Святлану Купрэеву абвінавачваюць у прычыненні шкоды дзяржаве на суму не менш за 8 950 222,89 рублёў, што ў эквіваленце амаль 4 млн даляраў ЗША.

«Пры гэтым арыштаваная ў сувязі з удзелам у выбарчай кампаніі Святлана Купрэева пражывае з састарэлай маці, якой 81 год, у старой "хрушчоўцы" , якая належыць маці. Каштоўнай маёмасці ў сям'і няма.

Святлана Купрэева не з'яўлялася супрацоўнікам Белгазпрамбанка і не працавала ні ў адной з фірмаў, у якіх прайшлі ператрусы. Яна была проста сяброўкай сям'і Віктара Бабарыка і членам яго ініцыятыўнай групы»,гаворыцца ў паведамленні на сайце штабу.

Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Святлану палітзняволенай 19 чэрвеня. Праваабаронцы расцанілі пераслед Святланы як ціск на патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі.

«Рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі і членаў ягонай ініцыятыўнай групы з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне яго публічнай дзейнасці па вылучэнні яго ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і далейшым удзеле ў выбарах», — адзначаецца ў супольнай заяве беларускіх праваабарончых арганізацый.

Святлана Купрэева ўжо чацвёрты месяц утрымліваецца ў СІЗА КДБ.

Адрас для ліставання: Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8, г. Мінск, 220050

Давераная асоба Святланы Ціханоўскай у Гомелі Таццяна Канеўская

Таццяна Канеўская. Фота: svaboda.org
Таццяна Канеўская. Фота: svaboda.org

Таццяна Канеўская — вядомая ў гомельскім рэгіёне актывістка. Сама яна прыйшла ў актывізм праз змаганне за свабоду свайго сына, якога асудзілі па наркатычным артыкуле. Яна некалькі гадоў змагалася за змены ў антынаркатычные заканадаўства ў якасці прадстаўніцы ініцыятывы “Матчын рух 328”. Таццяна з'яўлялася ініцыятаркай галадоўкі маці асуджаных за наркотыкі. Яе называюць адной з тых жанчын, якія сталі сімваламі мацярынскага змагання за справядлівасць для сваіх дзяцей.

У парламенцкіх выбарах-2019 яна брала ўдзел у якасці кандыдаткі ў дэпутаты. Там яна прадстаўляла інтарэсы незарэгістраванай Беларускай хрысціянскай дэмакратычнай партыі, сустаршынёй якой з'яўлецца, у тым ліку, Павел Севярынец. Але на парламенцкіх выбарах ні адзін прадстаўнік апазіцыі не прайшоў у склад Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. У тым ліку Таццяна Канеўская. 

На сёлетніх прэзідэнцкіх выбарах яна вырашыла стаць даверанай асобай у Гомелі кандыдаткі Святланы Ціханоўскай. Таксама Таццяна акрэдытавалася ў якасці назіральніцы на выбарчым Савецкім участку №8 у Гомелі, але да назірання ў асноўны дзень галасавання яна так і не змагла прыступіць. Таццяну затрымалі.

Вечарам 6 жніўня ў яе доме ў Гомелі правялі вобшук, наступнай раніцай сілавікі правялі паўторны вобшук, а саму жанчыну затрымалі. Ёй прад'явілі абвінавачванне па арт. 293 Крымінальнага кодэксу – «Арганізацыя масавых беспарадкаў». Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.

28 жніўня праваабаронцы прызналі, што пераслед Таццяны Канеўскай носіць палітычна матываваны характар і прызналі яе палітычнай зняволенай. Таццяна ўтрымліваецца ў мінскім СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ўжо амаль месяц. 

Адрас для лістоў: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220050

Сябра прэзідыўма Каардынацыйнай Рады Лілія Уласава

Лілія Уласава на мірнай акцый 30 жніўня. Фота: pkritchko
Лілія Уласава на мірнай акцый 30 жніўня. Фота: pkritchko

Вядомую юрыстку і міжнародную медыятарку, партнёрку і дырэктарку юрыдычнай кампаніі “Уласава, Міхэль і партнёры”, сяброўку прэзідыўму Каардынацыйнай Рады Лілію Уласаву затрымалі 31 жніўня. Яна была затрыманая супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследванняў у межах крымінальнай справы па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (Ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры).

Муж Ліліі Уладзімір Іскарцаў распавёў kyky.org абставіны затрымання жонкі:

«Зразумела, што праца ў рамках Каардынацыйнай рады — не кабінетная. Таму мая жонка часта аказвалася ў гушчы падзей. Мы разам хадзілі на ўсе мірныя акцыі пратэсту. Апошні раз — 30 жніўня. Ліля разам з іншымі членамі КР прыйшла да Стэлы, дзе проста раздавала кветкі са свайго прыгожага букета салдатам, выбудаваным за калючым дротам.

На наступны дзень, 31 жніўня, нам патэлефанавалі з РУУС і папрасілі жонку прыйсці "на размову" па факце ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу. Яна запярэчыла, што на шэсці былі сотні тысяч людзей. І ёй адказалі: "Вы былі найбольш актыўныя".

Да міліцыі ў выніку Ліля так і не дайшла. Яе тэлефон праслухоўваўся і, калі яна праз гадзіну прыехала на сустрэчу з калегам, там ужо чакалі супрацоўнікі ДФР, якія адразу павезлі яе на Кальварыйскую. Да нас дадому ў гэты час прыехалі іх калегі для правядзення ператрусу. Праз дзень прыехалі яшчэ адны калегі — для афармлення арышту маёмасці».

Афіцыйнае абвінавачванне Ліліі Уласавай яшчэ не прад'яўлена. Як піша kyky.org са спасылкай на яе мужа Уладзіміра, крымінальная справа Ліліі звязана з бізнесам яе сына, што памер "нанесенай шкоды" — прыкладна 614 тысяч рублёў.

Лілію Уласаву праваабаронцы прызналі палітзняволенай 7 верасня. Палітычны матываваны характар пераследу Ліліі тлумачыцца яе членствам у Прэзідыўме Каардынацыйнай Рады. На дадзены момант, у Беларусі на волі з сямі членаў Прэзідыўма КР засталася толькі Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч.

«Ад моманту стварэння Каардынацыйнай Рады і абрання ёй прэзідыўма іх сябры падвяргаюцца жорсткаму ціску з боку ўладаў Беларусі. Асабіста Аляксандр Лукашэнка заўляў аб нібыта незаконным характары дзейнасці Рады, а Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь па факце яе стварэння і дзейнасці  была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь)», адзначылі праваабаронцы ў супольнай заяве.

Яна ўтрымліваецца ў мінскім СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага.

Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220050

Супрацоўніца PandaDoc Юлія Шардыка

Арыштаваныя супрацоўнікі PandaDoc
Арыштаваныя супрацоўнікі PandaDoc

Юлія Шардыка з'яўляецца галоўнай бухгалтаркай беларускай IT-кампаніі PandaDoc. Гэтая кампанія адкрыта асуджае палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Пасля сілавых разгонаў жнівеньскіх акцый пратэсту заснавальнік кампаніі Мікіта Мікада і ягоны партнёр па бізнесу Сяргей Барысюк запусцілі інцыятыву Protect Belarus для дапамогі супрацоўнікам сілавых ведамстваў, якія пазбавіліся работы з-за адмовы выконваць злачынныя загады. За гэты час ініцыятыва атрымала больш за 500 заявак на такую дапамогу, а некаторыя з такіх гісторый атрымалі шырокі грамадскі рэзанс.

2 верасня у мінскім офісе кампаніі PandaDoc, а таксама ў прыватных кватэрах некаторых яе супрацоўнікаў, адбыліся ператрусы, які праводзіліся супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследванняў КГК. Пасля гэтага былі затрыманыя чатыры супрацоўнікі кампаніі: галоўная бухгалтарка Юлія Шардыка, дырэктар Дзмітры Рабцэвіч, дырэктар па прадукту Віктар Куўшынаў, HR Уладзіслаў Міхалап. У дачыненні да іх распачата крымінальная справа па частцы 4 артыкула 210 КК — «Крадзёж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйным памеры» (пазбаўленне волі на 5-12 гадоў з канфіскацыяй). Прадстаўнікі кампаніі PandaDoc паведамляюць, што супрацоўнікаў абвінавачваюць у завалоданні прыкладна 107 тысячамі рублёў з бюджэту, што нанесла шкоду дзяржаве. 

«Мы заяўляем, што дадзенае абвінавачванне зусім не адпавядае рэчаіснасці і не мае пад сабой ніякіх падстаў. Уся дзейнасць кампаніі вялася ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам, што пацвярджаецца неаднаразовымі міжнароднымі аўдытамі і праверкамі»,гаворыцца ў адкрытым лісце PandaDoc.

Таксама кампанія заяўляе, што гэтыя чатыры чалавекі не звязаныя з ініцыятывай заснавальнікаў PandaDoc-праграмай фінансавай падтрымкі сілавікоў, якія звольняцца са службы: «мэтай гэтай ініцыятывы было спыніць гвалт, і яна ніякім чынам не была звязаная з кампаніяй».

7 верасня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Юлію Шардыку і яшчэ траіх супрацоўнікаў PandaDoc палітычнымі зняволенымі. Юлія, як і яе трое калег, заключаны як мінімум пад варту на два месяцы. На дадзены момант палітзняволеную ўтрымліваюць у СІЗА-1 на вул. Валадарскага, 2.

Адрас: СІЗА-1, вул. Валадарскага, 2, г. Мінск, 220050

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства