viasna on patreon

Патрабуем неадкладнага вызвалення Віктара Бабарыкі і затрыманых сябраў ягонай ініцыятыўнай групы

2020 2020-06-19T20:37:00+0300 2020-06-21T13:15:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/babaryka3-q32gb.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Бабарыка. Фота: "Наша Ніва"

Віктар Бабарыка. Фота: "Наша Ніва"

Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый

Мінск, 19 чэрвеня 2020 г.

18 чэрвеня 2020 г. стала вядома аб затрыманні супрацоўнікамі ДФР КГК Рэспублікі Беларусь Віктара Бабарыкі, які вылучаецца ў кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь а таксама кіраўніка ягонай ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыкі. Паводле кіраўніка КГК, В. Бабарыка быў затрыманы ў сувязі з тым, што з'яўляўся непасрэдным арганізатарам супрацьпраўнай дзейнасці, спрабаваў ўздзейнічаць на сведкаў, схаваць сляды раней учыненых злачынстваў. Пазней стала вядома, што Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь  была ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 і 3 арт. 285 КК (стварэнне злачыннай арганізацыі ці ўдзел у ёй).

Пра падставы для затрымання Эдуарда Бабарыкі афіцыйна не паведамлялася. На дадзены момант вядома, што Віктар і Эдуард Бабарыкі знаходзяцца ў СІЗА КДБ. Раней былі затрыманыя і ўзятыя пад варту сябры ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі – Святлана Купрэева і Уладзімір Дудараў.

Іх затрыманне стала працягам хвалі рэпрэсій, якія распачаліся ў краіне з моманту абвяшчэння парламентам прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. За гэты перыяд сотні грамадзян былі падвергнутыя розным відам рэпрэсій і пераследу: звальненням з працы, адміністрацыйным арыштам і штрафам. Асабліва жорсткім рэпрэсіям былі падвергнутыя члены ініцыятыўных груп па вылучэнні ў якасці кандыдатаў у Прэзідэнты Святланы Ціханоўскай і Віктара Бабарыкі. Так, кіраўнік ініцыятыўнай групы С. Ціханоўскай, блогер Сяргей Ціханоўскі і яшчэ 7 ягоных паплечнікаў былі ўзятыя пад варту ў межах узбуджанай супраць іх крымінальнай справы па арт. 342 КК Рэспублікі Беларусь (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак ці актыўны ўдзел у іх). Улічваючы ўсе акалічнасці дадзенай крымінальнай справы, праваабрончая супольнасць Беларусі прызнала ўсіх 8 чалавек, уключна з Сяргеем Ціханоўскім, палітычнымі вязнямі. Сама Святлана Ціханоўская заявіла аб паступіўшых пагрозах крымінальнага пераследу і адабрання ў яе непаўнагадовых дзяцей.

Прэзідэнцкая кампанія адбываецца ва ўмовах запалохвання грамадства, пагрозаў і ціску. Дзеючы кіраўнік дзяржавы асабіста неаднаразова пагражаў сваім палітычным апанентам, у тым ліку і Віктару Бабарыку.

Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Віктара Бабарыкі і членаў ягонай ініцыятыўнай групы з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне яго публічнай дзейнасці па вылучэнні яго ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і далейшым удзеле ў выбарах.  

Удзел у кіраванні краіны праз працэдуру перыядычных, свабодных і дэмакратычных выбараў з’яўляецца адной са свабодаў, рэалізацыя якой гарантаваная грамадзянам Беларусі, як Канстытуцый, так і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека, у прыватнасці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Дзейнасць праваахоўных, судовых ды іншых дзяржаўных органаў, скіраваная на перашкоды ў рэалізацыі гэтай свабоды, а таксама пераслед у сувязі з гэтым, з’яўляецца непрымальным для дэмакратычнага грамадства.

Прадэманстраваныя падыходы следчых органаў  да раследавання крымінальнай справы ў дачыненні патэнцыйнага кандыдата ў Прэзідэнты В. Бабарыкі і сябраў яго ініцыятыўнай групы – парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, грубае парушэнне права на абарону ды іншыя – падкрэсліваюць неправавы характар дадзеных дзеянняў.

На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 а) Кіраўніцтва аб вызначэння паняцця “палітычны зняволены”, прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабрончых арганізацыяй, заяўляем аб прызнанні Віктара Бабарыкі, Эдуарда Бабарыкі, Святланы Купрэевай, Уладзіміра Дударава палітычнымі зняволенымі і

патрабуем:

  • неадкладнага вызвалення В. Бабарыкі, Э. Бабарыкі, С. Купрэевай і У. Дударава з-пад варты;
  • забяспячэння В. Бабарыку магчымасці безперашкоднага ўдзелу ў свабодных і дэмакратычных выбарах,  заснаваных на прынцыпах роўнай, канкурэнтнай палітычнай барацьбы;
  • адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на ўдзельнікаў выбарчай кампаніі;
  • неадкладнага спынення рэпрэсій у дачыненні да грамадзян і непасрэдных удзельнікаў выбарчага працэса, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Праваабарончы цэнтр " Вясна";

РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт”;

Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;

РГА "Прававая ініцыятыва”;

Простае таварыства "Ініцыятыва Forb";

Ініцыятыўная група «Ідэнтычнасць і права»;

Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве “Хьюман Канстанта”;

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”;

Публічная ўстанова "Беларускі дакументацыйны цэнтр"

Офіс па правах людзей з інваліднасцю


Заява не мае на мэце падтрымку палітычнай пазіцыі пералічаных асоб, ці асобы якая вылучаецца кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства