viasna on patreon

Мінчука з інваліднасцю адправілі на "суткі" пасля адмены рашэння суда. Праваабаронцы звярнуліся да спецдакладчыка ААН

2020 2020-08-27T18:01:18+0300 2020-08-27T18:01:19+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kudlasevich_2729.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінчука Анатоля Кудласевіча, які мае інваліднасць другой групы, асудзілі на 10 сутак за ўдзел у законным пікеце па зборы подпісаў. Вышэйстаячы суд адмяніў рашэнне суда аб арышце мужчыны, але яго ўсё роўна прымусілі адбываць пакаранне. Пасля таго, як Анатоль адбыў «суткі», адбыўся новы суд, які асудзіў яго за ўдзел у тым жа пікеце на буйны штраф. Праваабаронцы "Вясны" звярнуліся да спецдакладчыка ААН па правах людзей з інваліднасцю, каб ён паспрыяў правядзенню праверкі ў дачыненні да службовых асоб, якія падвергнулі мінчука пазбаўленню волі пасля адмены судовай пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Анатоль Кудласевіч. Фота: spring96.org
Анатоль Кудласевіч. Фота: spring96.org

7 чэрвеня Анатоль Кудласевіч, які мае інваліднасць другой групы, прыняў удзел у пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Святланы Ціханоўскай у горадзе Мінску на пляцоўцы перад "Камароўскім рынкам". Не гледзячы на тое, што на правядзенне дадзенага мерапрыемства не патрабавалася апавяшчэння/дазволу ўладаў, суд Фрунзенскага раёна Мінска прыняў рашэнне арыштаваць Анатоля на 10 сутак арышту па арт. 23.34 КаАП. Суддзя Андрэй Млечка 19 чэрвеня вырашыў, што Анатоль Кудласевіч прыняў удзел у сходзе, кваліфікаваўшы як мітынг, на які не было атрымана дазволу Мінгарвыканкама.

Пры дапамозе Праваабарончага цэнтра "Вясна" пастанова аб арышце была абскарджаная ў вышэйстаячы суд і скасаваная, бо паводле ч. 2 арт. 6.7 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях адміністрацыйны арышт не можа прымяняцца да людзей з інваліднасцю першай і другой групы.

Аднак пазней супрацоўнікі міліцыі затрымалі Анатоля Кудласевіча для выканання пастановы суда для адбыцця адміністрацыйнага арышту. Чатыры супрацоўнікі атрада міліцыі асаблівага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама затрымалі Анатоля Кудласевіча ў момант, калі ён выгульваў свайго сабаку ў двары дома. Анатоль Кудласевіч казаў тады супрацоўнікам міліцыі, што пастанова аб арышце адмененая вышэйстаячым судом, што ў яго інваліднасць, у яго выдаленая правае лёгкае ў сувязі з анкалагічным захворваннем, што арышт да яго забаронена ўжываць. Аднак ніхто яго слухаць не стаў і яго забралі адбываць 10 сутак.

Першыя паўтара сутак ён знаходзіўся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Мінску, астатнія восем з паловай – у Жодзінскай турме. Увесь час адбыцця арышту Анатоль Кудласевіч быў пазбаўлены магчымасці атрымліваць неабходныя медыцынскія прэпараты, неабходныя для падтрымання нармальнага функцыянавання арганізма.

18 жніўня суддзя суда Фрунзенскага раёна горада Мінска Юлія Блізнюк вынесла новую пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні, па якім Анатоля Кудласевіча накладзена спагнанне ў выглядзе штрафу, эквівалентнага 200 далярам ЗША.

"Такім чынам, дзяржаўныя органы дапусцілі істотнае парушэнне правоў і законных інтарэсаў Анатоля Кудласевіча, а таксама гарантыі, якія прама забараняюць ужываць арышт чалавека з інваліднасцю другой групы", – адзначае юрыст "Вясны" Аляксей Лойка.

26 жніўня Анатоль Кудласевіч пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра "Вясна" звярнуўся ў пракуратуру горада Мінска з заявай аб правядзенні праверкі ў дачыненні да службовых асоб, якія падвергнулі заяўніка пазбаўленню волі пасля адмены судовай пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Праваабаронца Аляксей Лойка папрасіў спецдакладчыка ААН уступіць у камунікацыю з Урадам Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем правядзення эфектыўнага расследавання абставінаў затрымання Анатоля Кудласевіча, якое забаронена нацыянальным заканадаўствам у сувязі з наяўнасцю ў яго інваліднасці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства