Валянцін Стэфановіч: Крымінальны пераслед блогераў носіць палітычны характар
У чацвер, 25 чэрвеня, стала вядома пра ўзбуджэнне чатырох новых крымінальных справах у дачыненні да беларускіх блогераў. Так, крымінальныя справы былі заведзеныя на адміністратара тэлеграм-канала “Беларусь головного мозга” Ігара Лосіка, слуцкага блогера Уладзіміра Няронскага, блогера ютуб-канала MozgON Уладзіміра Цыгановіча і брэсцкага блогера Сяргея Пятрухіна. Пры гэтым вядома, што Уладзімір Няронскі і Сяргей Пятрухін праходзяць па "справе Ціханоўскага”, у адносінах да іх узбуджаныя справы па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Іх падазраюць у тым, што яны арганізавалі групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак падчас правядзення выбарчага пікета па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую 29 траўня ў Гродне. Акрамя гэтага, у дачыненні да блогера Уладзіміра Няронскага ўзбудзілі крымінальную справу за абразу ў ягоным роліку на ютуб-канале прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) – старшыні Слуцкага райвыканкаму. Што тычыцца Ігара Лосіка, то вядома толькі, што на яго таксама заведзеная крымінальная справа па артыкуле 342, але пакуль невядома, у межах канкрэтна якой справы ён праходзіць і ў чым падазраецца. Тое ж тычыцца і блогера Уладзіміра Цыгановіча.
Праваабаронцы "Вясны": Пятрухін і Няронскі – палітвязні
У сувязі з гэтым праваабаронцы “Вясны”, кіруючыся заявай беларускай праваабарончай супольнасці ад 9 чэрвеня аб прызнанні палітзняволенымі фігурантаў "справы Ціханоўскага”, лічаць, што і Сяргей Пятрухін, і Уладзімір Няронскі таксама з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі. Таму што 29 траўня ў Гродне адбываўся мірны сход у межах выбарчага працэсу і ніякіх дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, не было. Гэта вынікае са шматлікіх відэа, якія размешчаны ў інтэрнэце.
“Асноўная сутнасць гэтых абвінавачванняў – гэта перашкоды ў ажыццяўленні грамадзянамі сваіх правоў, гарантаваных Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Нават, калі Уладзіміру Цыгановічу і Ігару Лосіку будзе выстаўлена абвінавачванне аб тым, што яны арганізоўвалі мірныя сходы, то мы лічым, што яны мелі поўнае права на рэалізацыю сваіх канстытуцыйных правоў, у тым ліку на арганізацыю мірных сходаў, мірных акцый пратэсту. Гэта ёсць права, якое гарантавана нам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь”, – заяўляе праваабаронца, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч.
Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх абвінавачаных па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь
Крымінальная справа Няронскага па артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса
На блогера са Слуцку Няронскага завялі крымінальную справу
Валянцін Стэфановіч звяртае ўвагу на тое, што праваабаронцы ўжо неадначасова фармулявалі свае падыходы да дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі і, у прыватнасці, да артыкула 369 (абраза прадстаўніка ўлады), які ставіцца ў віну слуцкаму блогеру Уладзіміру Няронскаму.
“Паводле стандартаў АБСЕ усе дыфамацыйныя артыкулы павінны быць дэкрыміналізаваны. Такія спрэчкі павінны разглядацца ў парадку грамадзянскага судаводства. Асамблея АБСЕ заклікала беларускія ўлады адмяніць крымінальную адказнасць за дыфамацыю публічных асобаў. Трэба сказаць, што артыкул 369 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае павышаную адказнасць за абразу менавіта службовых асобаў у параўнанні са звычайнымі грамадзянамі", – адзначае праваабаронца.
Праваабаронцы: Патрабуем неадкладнага вызвалення ўсіх блогераў
"Падсумоўваючы ўсё гэта і бяручы пад увагу апошнюю заяву Міністра унутраных справаў, мы прыходзім да высновы, што крымінальны пераслед усіх пералічаных вышэй блогераў, носіць палітычны характар. Гэта значыць, што мы разглядаем іх як палітычных зняволеных”, – заяўляе Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронцы “Вясны” патрабуюць неадкладнага вызвалення ўсіх блогераў, затрыманых па крымінальных справах, і таксама спынення рэпрэсій ад уладаў Беларусі і спынення палітыкі запалохвання грамадзянаў у перыяд правядзення выбарчай кампаніі.
На сённяшні дзень праваабаронцы прызналі палітзняволеннымі 15 чалавек, і гэты спіс можа пашырыцца.