«Адна надзея на прэзідэнта», - заяўляюць удзельнікі пікету ініцыятывы «Дзеці-328» Фота
У Мінску, каля кінатэатра “Кіеў”, 14 снежня адбыўся дазволены ўладамі пікет, арганізаваны Рухам «Маці-328» сумесна ініцыятывай «Дзеці-328».
Паводле інфармацыі Цэнтра грамадзянскіх ініцыятыў “Наш Дом”, які з’яўляецца арганізатарам кампаніі «Дзеці-328», мерапрыемства накіравана на прыцягненне ўвагі да несправядлівых прысудаў па чацвёртай частцы артыкула 328 Крымінальнага кадэксу і неабходнасці іх перагляду.
Родныя асуджаных перакананыя: многія справы па ч.4 арт. 328 КК кваліфікаваныя няправільна. У прыватнасці, у іх не фігуруюць лабараторыі або лабараторнае абсталяванне, асуджаныя не з'яўляліся ўладальнікамі інтэрнэт-магазінаў па продажы наркатычных рэчываў, не мелі грашовых рахункаў і не былі знаёмыя з іншымі звёнамі ў ланцугі наркабізнесу. Як правіла, іх выкарыстоўвалі ў якасці «гарматнага мяса» - кур'ераў, якія выконвалі даручэнні ад ананімных працадаўцаў. Пры гэтым усталяваць арганізатараў злачыннага бізнэсу ў большасці выпадкаў праваахоўнікі не маглі.
Сітуацыя з непаўналетнімі асуджанымі-328 мае свае юрыдычныя аспекты. Статыстыка, якую збірае кампанія «Дзеці-328», кажа пра тое, што ў цяперашні час у Беларусі па чацвёртай частцы гэтага артыкула адбываюць пакаранне не менш за 12 непаўналетніх на момант затрымання асуджаных. Пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем волі для асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў, супярэчаць нормам міжнароднага заканадаўства ў галіне правоў дзіцяці. У прыватнасці, палажэнняў Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці, ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь.
За пікетам назіралі некалькі супрацоўнікаў АМАПу і вяляся відэафіксацыя супрацоўнікам у цывмльным. Побач дзяжурыў аўтамабіль "хуткай дапамогі".