viasna on patreon

Сям’я Шарэндаў атрымала каля 2000 долараў штрафу за перадвыбарчыя пікеты

2019 2019-11-21T14:17:35+0300 2019-11-21T14:22:42+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sharenda_family.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Паліна Шарэнда-Панасюк і Андрэй Шарэнда. Фота з Facebook

Паліна Шарэнда-Панасюк і Андрэй Шарэнда. Фота з Facebook

За перадвыбарчыя пікеты, якія міліцыя і акруговая камісія палічылі не адпавядаючымі выбарчай тэматыцы, былая кандыдатка ў дэпутаты Паліна Шарэнда-Панасюк і яе муж Андрэй Шарэнда атрымалі на дваіх велізарныя штрафы. Агулам сям’я мусіць заплаціць 3952,5 рублёў, ці амаль 2000 долараў.

Актывістка “Еўрапейскай Беларусі” Паліна Шарэнда-Панасюк была кандыдаткай у дэпутаты па Брэсцкай-Заходняй акрузе №1, яе муж Андрэй Шарэнда – яе даверанай асобай. Яны праводзілі адну з самых яркіх выбарчых кампаній да таго моманту, пакуль актывістку не пазбавілі рэгістрацыі кандыдатам.

Акруговая камісія знайшла парушэнні артыкула 47 Выбарчага кодэксу ў выступе кандыдаткі на тэлебачанні, а таксама на вулічных пікетах. Па меркаванні камісіі, Паліна Шарэнда-Панасюк праводзіла пікеты не з мэтай агітацыі за сябе як за кандыдата, а з іншымі мэтамі. Падчас пікетаў выкрыквала лозунгі “Лукашэнка мусіць сысці”, “Баста”, “Лукашэнка скраў выбары”, “Парламента ў Беларусі няма” і іншыя. У яе прамовах камісія ўбачыла і абразу дзяржаўных асобаў усіх узроўняў, і заклікі да выхаду на вуліцу для змены канстытуцыйнага ладу, і заклікі, якія распальваюць сацыяльную варожасць.

У выніку яе пазбавілі рэгістрацыі, а таксама склалі пратаколы за парушэнне выбарчага заканадаўства (артыкул 9.10 КаАП) і заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (артыкул 23.34 КаАП). Таксама такія ж пратаколы былі складзены і на яе мужа.

Першы суд адбыўся шостага лістапада над Андрэем Шарэндам. Суддзя суда Ленінскага раёна Брэста Святаслаў Каліна пакараў актывіста штрафам у 50 базавых велічынь (1275 рублёў): 40 б.в. – за парушэнне артыкула 23.34 КаАП, 10 б.в. – за няяўку па позве (24.6 КаАП). Другое судовае пасяджэнне прайшло 13 лістапада. Тады Андрэй Шарэнда атрымаў ад суддзі Дзмітрыя Шурына 55 базавых штрафу (1402,5 рублёў): 45 б.в. – за “несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы”, 10 б. – за парушэнне заканадаўства аб выбарах.

У той жа дзень пасудзілі Паліну Шарэнда-Панасюк. Суддзя Аляксандр Семянчук прысудзіў ёй 40 базавых па артыкуле 23.34 КаАП і 10 – за парушэнне артыкула 9.10 КаАП.

Такім чынам сума штрафаў на сям’ю склала 155 базавых велічынь, ці 3952,5 рублёў.

Да таго ж, праваабаронцам стала вядома, што на Андрэя Шарэнду ўсё ж склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП пасля трохгадзіннага затрымання ў Баранавічах 13 лістапада. Яго абвінавацілі ў размяшчэнні ў Facebook інфармацыі-анонса пра несанкцыянаваную акцыю “Сустрэча свабодных людзей”. Калі будзе суд па гэтай справе – пакуль невядома.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства