У Баранавічах на тры гадзіны затрымалі актывіста Шарэнду з-за паста пра будучую акцыю Дапоўнена
У Баранавічах затрыманы актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда, паведамляе іх тэлеграм-канал.
Яго міліцыянты знялі з цягніка на падставе праверкі дакументаў. Цяпер ён знаходзіцца ў апорным пункце на станцыі "Баранавічы-Палескія".
Пра гэта паведаміла яго жонка, былая кандыдатка ў дэпутаты Паліна Шарэнда-Панасюк.
Праз тры гадзіны Шарэнду вызвалілі. Як ён затым паведаміў праваабаронцу "Вясны" Аляксандру Вайцешыку, ссаджвалі з цягніка "Брэст-Мінск" яго на падставе таго, што міліцыянтам трэба было праверыць інфармацыю, ці сапраўды актывіст ўхіляецца ад ЛПП. Яго ссадзілі на станцыі "Баранавічы Цэнтральныя", а затым перавезлі на "Баранавічы-Палескія".
Там ён правёў тры гадзіны. Дзесьці паўтары гадзіны ён проста чакаў, а затым у яго сталі браць тлумачэнні наконт рэпосту ў Facebook аб акцыі 15 лістапада. Спачатку міліцыянты хацелі скласці пратакол па артыкуле 23.34 КаАП за заклік да несанкцыянаванай акцыі, аднак затым перадумалі і абмежаваліся папярэджаннем.
Адпусцілі Шарэнду ў 20.30 – менавіта тады, калі сышоў апошні цягнік на Мінск.
Пасля гэтага на аўтавакзале яго знайшоў намеснік начальніка транспартнай міліцыі Баранавічаў і ўзяў дадатковыя тлумачэнні.
Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96