Фотарэпартаж з “містычнай” школы: забарона фотаздымкі, завышаная колькасць выбаршчыкаў, загоны
Карэспандэнтка “Новага Часу” Дзіяна Пінчук наведала на другі дзень датэрміновага галасавання выбарчыя ўчасткі ў мінскай школе №159. Менавіта адтуль кампанія “Праваабаронцы за свабодныя выбары” атрымлівае больш за ўсё інфармацыі пра парушэнні выбарчага заканадаўства ад назіральніка кампаніі Аляксея Лойкі. Паглядзім, што там.
У першы дзень датэрміновага галасавання Аляксей Лойка, які назірае на ўчастку для галасавання №390, паведаміў пра завышаную колькасць выкарыстаных бюлетэняў на суседніх участках, якія размяшчаюцца ў суседнім пакоі.
На тым участку, дзе назіраў Аляксей Лойка, у пратаколе быў зафіксаваны 21 выкарыстаны бюлетэнь. Увечары 12 лістапада пратакол на стэндзе быў запоўнены не цалкам: адсутнічала інфармацыя па чацвёртай графе «колькасць нявыкарыстаных бюлетэняў». Але зранку 13 лістапада пратакол ужо вісеў цалкам запоўнены. Відавочна, што сябры камісііі зрабілі гэта не ў працоўны час, бо назіральнік прысутнічаў да самага закрыцця ўчастка ў першы дзень і з пачатку адкрыцця ў другі дзень.
Што тычыцца дзвюх суседніх участкаў для галасавання — №389 і №391, то яўку там завысілі больш, чым у 10 разоў.
Як распавядае назіральнік кампаніі Аляксей Лойка, сябры камісіі другі дзень запар арганізоўваюць пасля абеду канцэрты наўпрост у холе школы.
“Атрымліваецца, што за кошт "канцэрту" яўка на суседніх участках завышаная больш, чым у 10 разоў”, – кажа назіральнік кампаніі.
Другі дзень датэрміновага галасавання для назіральніка кампаніі пачаўся забаронай фота- і відэаздымкі. Такія рашэнні былі прынятыя на ўсіх выбарчых участках, размешчаных ў школе №159. Рашэнні датаваныя 12 лістапада. Але мы ўжо адзначылі, што назіральнік быў да самага закрыцця ўчасткаў, таму таксама відавочна што гэтыя рашэнні былі прынятыя не ў працоўны час камісіі.
Як адзначыў аналітык кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Павел Сапелка, любыя забароны, якія не абгрунтаваныя меркаваннямі дапушчальных абмежаванняў — у інтарэсах захавання таямніцы галасавання, забеспячэння парадку на участках, залішнія.
“Калі камісіі няма чаго хаваць, калі на участках не адбываецца парушэнняў выбарчага заканадаўства, то і здымка не перашкодзіць працэсу галасавання і працы камісіі. Тым больш, што здымку праўладных прапагандысцкіх фота і відэа камісіі толькі вітаюць. Але, на жаль, большай часткі камісій ёсць што хаваць — ад «накруткі» яўкі да працэсу падліку галасоў. Асноўныя задачы па «рабоце з лічбамі» камісіям яшчэ трэба будзе выканаць у асноўны дзень галасавання пры падліку галасоў 17 лістапада. Таму камісіі — ад Цэнтральнай да ўчастковых, нервова рэагуюць на фіксацыю любога кшталту парушэнняў. Вынікам становіцца нязменна нізкі ўзровень даверу да выбараў і агульнае падзенне цікавасці да іх з боку грамадзян, паколькі выбары ў Беларусі не вядуць да змяняльнасці ўлады па дэмакратычнай працэдуры”, — пракаментаваў "Новаму Часу" забароны на выбарчых участкаў у школе №159 юрыст Павел Сапелка.
“Новы Час” пісаў, што падчас знаходжання журналісткі на ўчастку №390 не прыйшло ніводнага выбаршчыка, а на суседнія — два. Але пасля абеду сітуацыя значна змянілася. Як паведаміў назіральнік кампаніі Аляксей Лойка за паўтары гадзіны на выбарчы ўчастак №390 прыйшло 78 чалавек: на аднаго выбаршчыка прыйшлося крыху больш за хвіліну. З 16 гадзін да 18:30 гэты выбарчы ўчастак паспела наведаць 106 чалавек. Самае цікавае, што да абеду прыйшлі прагаласаваць толькі чатыры чалавекі.
“Галасаванне было вельмі арганізаванае. Бачна было, что ўсе заходзяць па ланцугу. Але сябры камісіі не дазваляюць адчыняць дзверы, каб паглядзець на чаргу ў калідоры”, — распавядае назіральнік.
Напрыканцы другога дня датэрміновага галасавання, з'явілася інфармацыя, што 14 лістапада ў 17:00 адбудзецца паседжанне акруговай камісіі Заходняй выбарчай акругі №102, дзе будзе разглядацца пытанне аб вынясенні папярэджання назіральніку Аляксею Лойку.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале