Лозунгі апазіцыйных вылучэнцаў – агітацыя, а праўладных – частка біяграфіі?
Назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” адзначаюць відавочны селектыўны падыход выбарчых камісій пры вынясенні папярэджанняў за агітацыю падчас збору подпісаў.
Папярэджанні па ініцыятыве дзяржаўных органаў выносяцца прадстаўнікам апазіцыі, а датэрміновая агітацыя іншых кандыдатаў, якія таксама выкарыстоўваюць падчас збору подпісаў лозунгі агітацыйнага зместу, застаюцца па-за межамі ўвагі дзяржаўных ворганаў і камісій.
Так, 16 верасня Мінская гарадская камісія вынесла папярэджанне вылучэнцу ў кандыдаты, актывісту “Народнай Грамады” Валянціну Троцкаму, які збірае подпісы па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105 Мінску. Прычынай сталі надпісы на стэндзе, якія выкарыстоўваліся на пікетах Троцкага па збору подпісаў, “Лукашенко должен уйти” і “Моя позиция” з некалькімі пунктамі: ільготы і адтэрміноўка для студэнтаў; адмена дэкрэта аб дармаедах; бясплатная адукацыя і медыцына. Прычым выбарчая камісія ўгледзела ў гэтым не толькі парушэнне выбарчага заканадаўства (агітацыю), але і парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Аналагічныя папярэджанні за выкарыстанне лозунгу “Лукашенко должен уйти” Барысаўская АВК №62 вынесла актывісту БСДП (Грамада) Аляксандру Абрамовічу і Гомельская-Цэнтральная АВК №33 вылучэнцу ад АГП Уладзіміру Няпомняшчых.
У той жа час лозунгі на стэндах праўладных кандыдатаў застаюцца без увагі. Напрыклад, на стэндах за вылучэнне ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Мінскай-Усходняй акрузе №107 старшыні “Белай Русі” Генадзя Давыдзькі разам з біяграфічнымі звесткамі змешчаны лозунг “Если можешь – обязан!”.
А на стэндах прадстаўніка гэтай жа арганізацыі Тэнгіза Думбадзе, які хоча балатавацца па Партызанскай выбарчай акрузе Мінска №110, напісаны лозунг “Я пройду этот пусть с вами”.
Аднак акруговыя камісіі не спяшаюцца выносіць папярэджанні гэтым прэтэндэнтам у кандыдаты.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Навіны кампаніі ў фэйсбуку, твітэры і на Тэлеграм-канале.