Анаіс Марэн праінфармуе Савет па правах чалавека ААН аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Дакумент
Савет па правах чалавека Арганізацыі Аб'яднаных Нацый правядзе сваю сорак першую чарговую сесію з 24 чэрвеня па 12 ліпеня 2019 года ў Жэневе.
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет адкрые сесію ў панядзелак, 24 чэрвеня, у 9.00 і праінфармуе Савет аб становішчы ў галіне правоў чалавека ва ўсім свеце. У ходзе трохтыднёвай сесіі Савет разгледзіць больш за 100 дакладаў па шырокаму колу пытанняў, прадстаўленых 24 экспертамі, групамі і механізмамі па правах чалавека.
Сярод іншых Савет будзе праінфармаваны Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн.
«За мінулы год у Беларусі не адбылося істотнага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, але былі некаторыя пазітыўныя змены», - адзначыла спецдакладчык у сваёй першай справаздачы, якую падрыхтавала для летняй сесіі Савета.
Анаіс Марэн апісвае сістэмныя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, якія маюць месца ў заканадаўстве і на практыцы, а яе высновы сведчаць аб адсутнасці істотных паляпшэнняў і неабходнасці выразнай дэманстрацыі урадам Беларусі сваёй гатоўнасці рэагаваць на даўно выказваемую ў яго адрас крытыку шляхам ажыццяўлення канкрэтных доўгатэрміновых змяненняў.
Нагадаем, на змену Міклашу Харасці, які быў спецдакладчыкам ААН па Беларусі з 2012 па 2018 гг., была прызначаная францужанка Анаіс Марэн. Яна палітолаг, якая спецыялізуецца на міжнародных адносінах, у тым ліку цікавіцца посткамуністычнымі пераўтварэннямі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Свабодна валодае французскай, ангельскай і рускай мовамі, разумее беларускую мову і ўмее чытаць па-беларуску.
Беларускія ўлады па-ранейшаму не прызнаюць мандат спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі. Каментуючы апошнюю рэзалюцыю СПЧ, прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз назваў яе абсурднай. «Рэзалюцыя з'яўляецца абсурдам паводле задумы і па сутнасці. Мы не прымаем гэты дакумент як палітызаваны і скажаючы рэальны стан рэчаў у нашай краіне», - заявіў тады прадстаўнік МЗС.