viasna on patreon

"Ціск на незалежныя медыі і журналістаў узмацніўся". Агляд сітуацыі ў СМІ у 2018 годзе

2019 2019-06-13T12:00:00+0300 2019-06-24T13:10:25+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tsenzura-.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Беларуская асацыяцыя журналістаў падрыхтавала агляд сітуацыі ў сферы сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі ў 2018 годзе. Асноўны вынік — ціск на незалежныя медыі і журналістаў узмацніўся. Гэта адбывалася, нягледзячы на ​​дэкляраваны ўладамі курс на лібералізацыю і дыялог аб правах чалавека з Еўрасаюзам і ЗША. 

Сярод асноўных падзей і тэндэнцый 2018 г. "БАЖ" вылучае наступныя:

  • змяненне заканадаўства ў сферы СМІ ў бок узмацнення жорсткасці дзяржаўнага кантролю;
  • крымінальны пераслед, звязаны са свабодай выказвання меркавання (справа “рэгнумаўцаў”; ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць блогера Пятрухіна; справа кіраўніка інфармацыйнага агенцтва “БелаПАН” Алеся Ліпая, спыненая ў сувязі з яго смерцю; “справа БелТА”, якая скончылася асуджэннем галоўнага рэдактара папулярнага беларускага інтэрнэт-рэсурсу TUT.BY Марыны Золатавай);
  • пазасудовае блакаванне ў Беларусі папулярных інфармацыйных інтэрнэт-рэсурсаў;
  • узмацненне ціску на журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі);
  • выкарыстанне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму для абмежавання свабоды выказвання меркавання (у першую чаргу — у сетцы Інтэрнэт).

Гэтыя дзеянні ўладаў былі, хутчэй, не “новай атакай на СМІ”, а працягам мэтанакіраванай і паслядоўнай палітыкі беларускай дзяржавы, накіраванай на ўсталяванне максімальнага кантролю над інфармацыйнай прасторай краіны. У 2018 г. першачарговай мэтай стаў “беларускі сегмент Інтэрнэту”.

Узяўшы цалкам пад кантроль тэлебачанне і радыёвяшчанне (за выключэннем некалькіх замежных СМІ, што працуюць у краіне, у тым ліку польскі тэлеканал “Белсат”), выціснуўшы ў аўдыторнае гета незалежныя друкаваныя СМІ, сукупны тыднёвы наклад якіх меньш за штодзённы наклад газеты Адміністрацыі прэзідэнта “СБ. Беларусь сегодня”, улады спрабуюць узмацніць кантроль і над беларускім сегментам Інтэрнэту, у якім дзяржаўныя медыі відавочна прайграюць незалежным рэсурсам.

Між тым, па выніках апытання Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта, Інтэрнэт як крыніца інфармацыі па папулярнасці ў Беларусі даганяе тэлебачанне.

Вядучы беларускі партал TUT.BY c велізарным адрывам (у дзясяткі разоў) апярэджвае па папулярнасці дзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы, уключаючы інфармацыйнае агенцтва БелТА (што, верагодна, і стала сапраўднай прычынай “справы БелТА”, накіраванай, у першую чаргу, супраць канкурэнтаў гэтага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва).

Спробы пэўных колаў ва ўладзе вырашыць праблему Інтэрнэту ўзмацненнем жорсткасці дзяржаўнага кантролю над ім ўспрымаюцца экспертамі як стратэгічная памылка з пункту гледжання нацыянальнай бяспекі ў медыясферы.

Выцісканне з інфармацыйнай прасторы незалежных СМІ прывядзе не да росту папулярнасці дзяржаўных СМІ, а да ўзмацнення прысутнасці тут расейскіх медыяў, ступень уплыву якіх на аўдыторыю сёння і без таго вялікая: больш за 60 адсоткаў прадукцыі некаторых вядучых беларускіх тэлеканалаў, уключаных урадам у агульнадаступны абавязковы тэлепакет,  расейскай вытворчасці.

Замест спробаў заглушыць незалежныя галасы, улады, хоць бы з пачуцця самазахавання, павінныя былі б садзейнічаць развіццю недзяржаўных медыяў у Беларусі. 

Змены з заканадаўстве

У чэрвені 2018 г. Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь (беларускі парламент) прыняў закон аб унясенні зменаў у заканадаўства аб СМІ, які істотна пашырае дзяржаўны кантроль над інтэрнэт-прасторай у Беларусі. 

Закон, у прыватнасці:

  • уводзіць добраахвотную рэгістрацыю інтэрнет-рэсурсаў у якасці СМІ, аднак захоўвае неабгрунтавана складаны дазваляльны парадак гэтай рэгістрацыі;
  • пазбаўляе інтэрнэт-рэсурсы, якія не змаглі прайсці бар'ер рэгістрацыі, правоў СМІ, а іх карэспандэнтаў  журналісцкага статусу; пры гэтым распаўсюджвае на іх усе меры адказнасці, прадугледжаныя Законам аб СМІ;
  • захоўвае пазасудовы парадак блакавання інтэрнэт-рэсурсаў міністэрствам інфармацыі і ўводзіць дадатковыя падставы для гэтага (напрыклад, выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсу для ажыццяўлення забароненай у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь дзейнасці);
  • абавязвае інтэрнэт-рэсурсы ідэнтыфікаваць каментатараў на сваіх старонках і на форумах і праводзіць мадэрацыю каментароў пад пагрозай адказнасці за іх.

Папраўкі да заканадаўства аб СМІ крытыкаваліся прафесійнай супольнасцю:

Занепакоенасць што да гэтых паправак выказаў і Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзірэ“Шмат якія з палажэнняў з'яўляюцца празмернымі і непрапарцыйнымі і могуць прывесці да абмежавання свабоды выказвання меркаванняў” гаворыцца ў яго заяве.

Новыя нормы, што зацвярджаюць дадатковую адказнасць уладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, ўнесеныя таксама ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях (арт. 22.9 “Парушэнне заканадаўства аб СМІ”). За распаўсюд “забароненай” інфармацыі усталёўваецца штраф, максімальны памер якога для сайтаў, зарэгістраваных у якасці СМІ, складае 200 базавых велічынь (каля 2000 еўра), а для інтэрнэт-рэсурсаў, якія не маюць статусу СМІ  100 базавых велічынь. Між тым пералік забароненай інфармацыі і падыходы да яе вызначэння ў заканадаўстве адсутнічаюць. Кантроль за выкананнем заканадаўства аб СМІ ў гэтай сферы ускладаецца на супрацоўнікаў міліцыі.

Крымінальны пераслед, спалучаны са свабодай выказвання меркавання

"Справа рэгнумаўцаў"

2 лютага Мінскі гарадскі суд вынес абвінаваўчы прысуд па крымінальнай справе супраць трох беларускіх аўтараў, якія публікаваліся ў расейскіх СМІ: Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі (так званая “справа рэгнумаўцаў”  па назве расейскага інфармацыйнага агенцтва REGNUM, дзе публікаваліся іх артыкулы). Суд прызнаў іх вінаватымі ў наўмысных дзеяннях, накіраваных на распальванне нацыянальнай варожасці або розні, здзейсненых групай асобаў (частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса), і прызначыў пакаранне ў выглядзе пяці гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на тры гады. Асуджаныя былі вызваленыя ў залі суду. Калі цягам тэрміну адтэрміноўкі яны не парушаць грамадскі парадак і будуць выконваць загады суда, ён можа вызваліць іх ад адбыцця пакарання.

Падставай для распачынання “справы рэгнумаўцаў” стаў зварот у Следчы камітэт Міністэрства інфармацыі аб наяўнасці ў публікацыях гэтых аўтараў прыкмет праявы экстрэмізму. Абвінавачаныя знаходзіліся пад вартай 14 месяцаў  з моманту затрымання ў снежні 2016 г.

“Гэты прысуд быў бы дарэчны для небяспечных злачынцаў, каб стрымаць іх ад паўторнага здзяйснення злачынства, але не для блогераў, якія былі прыцягнутыя да адказнасці за выказванне супярэчлівых поглядаў,  заявіў Ёган Бір, кіраўнік аддзела Рэпарцёраў без межаў па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.  У адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі свабоды выказвання меркаванняў, няма падстваў для такога несуразмернага прысуду. Мы заклікаем да таго, каб гэтыя прысуды былі адмененыя па апеляцыі”.».

Ю. Паўлавец і С. Шыптэнка абскардзілі прысуд, аднак Вярхоўны суд пакінуў яго ў сіле. 

Справа кіраўніка «БелаПАН» Алеся Ліпая

12 чэрвеня 2018 г. была распачатая крымінальная справа ў дачыненні да кіраўніка вядучага беларускага незалежнага інфармацыйнага агенцтва “БелаПАН” Алеся Ліпая па факце наўмыснага ўхілення ад выплаты падаходнага падатку ў асабліва буйным памеры за 2016-2017 гады (ч. 2 арт 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь). У кватэры А. Ліпая быў зроблены вобшук, падчас якога канфіскавалі дакументы і прафесійнае абсталяванне. Беларускія праваабарончыя арганізацыі заявілі аб палітычнай падаплёцы справы і звязалі яе з агульнай тэндэнцыяй узмацнення ціску на недзяржаўныя СМІ і інтэрнэт-рэсурсы ў Беларусі.

Узбуджэнне напачатку жніўня “справы БелТА”, па якой былі абвінавачаныя і два вядучых супрацоўніка “БелаПАН”, пацвердзіла гэтую выснову.

Неўзабаве, 23 жніўня, Алесь Ліпай памёр ва ўзросце 52 гадоў. У сувязі з яго смерцю 12 верасня крымінальная справа ў дачыненні да яго была спыненая.

«Справа БелТА» і крымінальны пераслед галоўнага рэдактара партала “TUT.by” Марыны Золатавай

7-9 жніўня ў рэдакцыях інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, партала TUT.BY і realt.by, некаторых іншых СМІ, якія не пажадалі апублічваць інфармацыю, а таксама ў кватэрах шэрагу іх супрацоўнікаў прайшлі ператрусы. Падчас іх былі канфіскаваныя прафесійная тэхніка і носьбіты інфармацыі. Каля 20 журналістаў былі затрыманыя і дапытаныя следчымі, 8  адпраўленыя ў ізалятар часовага ўтрымання на тэрмін да 3-х сутак.

Нагодай для маштабнай “спецаперацыі” стала несанкцыянаванае выкарыстанне некаторымі журналістамі пароляў да падпісной стужкі сайта дзяржаўнага агенцтва БелТА. Неабходна адзначыць, што матэрыялы сайта БелТА знаходзяцца ў адкрытым бясплатным доступе і размяшчаліся СМІ, якія трапілі пад ціск, з улікам правіл, устаноўленых БелТА. 

Тым не меньш, у дачыненні да 15 журналістаў былі распачатыя крымінальныя справы па ч. 2 арт. 349 Крымінальнага кодэксу (несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, здзейснены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды).

Дзеянні следчых выклікалі пратэсты з боку праваабаронцаў, журналісцкіх арганізацый і міжнародных структур (у тым ліку Рады Еўропы, Еўрасаюза, Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ).

Напрыканцы 2018 г. крымінальныя справы ў дачыненні да 14 журналістаў былі спыненыя з прыцягненнем іх да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе буйных штрафаў і фактычным прымусам да выплаты кампенсацый дзяржаўным медыя  БелТА і газеце Адміністрацыі прэзідэнта “СБ. Беларусь сегодня”. Памеры кампенсацый вагаліся ад 3000 да 17000 руб (ад 1250 да 7000 еўра). БАЖ лічыць выплату кампенсацый вымушаным крокам з боку журналістаў у пазбяганне значна больш жорсткага пакарання па крымінальным артыкуле і іншых неспрыяльных наступстваў, звязаных з крымінальнай адказнасцю.

Адзіным абвінавачаным, прыцягнутым па справе “БелТА” да крымінальнай адказнасці, стала галоўны рэдактар ​​інтэрнэт-партала TUT.BY Марына Золатава. Прычым, яна была абвінавачаная па іншым артыкуле  бяздзейнасць службовай асобы (арт. 425 Крымінальнага кодэкса).

4 сакавіка суд Завадскога раёна Мінска прызнаў М. Золатаву вінаватай і прысудзіў яе да штрафу ў 7 650 беларускіх рублёў (больш за 3000 еўра па курсе Нацбанка), а таксама спагнаў на карысць БелТА працэсуальныя выдаткі ў памеры 6 000 рублёў (2500 еўра).

“Прысуд і штраф Марыне Золатавай, галоўнаму рэдактару TUT.BY, разам з непрапарцыйнымі мерамі праваахоўных органаў супраць БелаПАН і TUT.BY у 2018 годзе, могуць негатыўна паўплываць на незалежныя СМІ ў Беларусі” адзначыў прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Арлем Дэзір.

“Тое, як беларускія ўлады настойліва займаліся гэтай справай ад самага пачатку, паказвае іх рашучасць падарваць канкурэнтаў дзяржаўных СМІ”,  заявілі "Рэпарцёры без межаў" пасля асуджэння М.Золатавай.

Абмежаванне доступу да інтэрнет-рэсурсаў

24 студзеня 2018 г. Міністэрства інфармацыі прыняло рашэнне аб абмежаванні доступу да папулярнага інтэрнет-рэсурсу charter97.org

Гэтае рашэнне Мінінфарм абгрунтаваў размяшчэннем на сайце забароненай інфармацыі. У якасці такой міністэрства палічыла “матэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю, распаўсюд якой здольны нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь, ... артыкула з указаннем даты і месца правядзення масавага мерапрыемства, дазволу на правядзенне якога на момант размяшчэння публікацыі атрымана не было, ... распаўсюджванне праз сайт charter97.org інфармацыйнай прадукцыі рэсурсу, які рашэннем суда прызнаны экстрэмісцкім матэрыялам і ўнесены ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”.

ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” адзначыла, што блакаванне сайта charter97.org  другое цягам месяца рашэнне Міністэрства інфармацыі аб абмежаванні доступу на тэрыторыі Беларусі да папулярных інфармацыйных рэсурсаў (напрыканцы снежня 2017 г. было прынятае рашэнне аб блакаванні сайта belaruspartisan.org). У абодвух выпадках рашэнні аб абмежаванні доступу да сайтаў прымаліся непразрыста, у пазасудовым парадку, без апавяшчэння, якія менавіта матэрыялы сталі падставай для блакавання.

Выкарыстанне «антыэктрымісцкага» заканадаўства дзеля абмежавання свабоды выказвання

У 2018 годзе павялічылася колькасць выпадкаў прыцягнення журналістаў і актывістаў да адміністрацыйнай адказнасці за публікацыі ў сацыяльных сетках. Падставай для гэтага выкарыстоўваўся арт. 17.11. Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, што прадугледжвае адказнасць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую ​​дзейнасць.

Журналіст-фрылансер Аляксандр Дзянісаў быў аштрафаваны на 612,5 беларускіх рублёў за рэпост двух відэа пра ўдзел брэсцкіх анархістаў у пратэстнай акцыі 2017 г. "Марш дармаедаў".

Аляксандр Горбач і Мікалай Дзядок былі аштрафаваныя за размяшчэнне ў сацсетках сімвалаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Пры гэтым абодва яны ў сваіх матэрыялах, насупраць, крытыкавалі праявы неанацызму. Так, М. Дзядок быў аштрафаваны за допіс, у якім асуджаў фатаграфаванне вядомых у Беларусі асобаў з сябрамі групоўкі, эмблема якой прызнана ў Беларусі экстрэмісцкай (у матэрыяле ў якасці ілюстрацыі былі прыведзеныя гэтыя фатаграфіі).

Штрафы за супрацоўніцтва з замежнымі медыямі 

Ўзмацніўся пераслед журналістаў-фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў. Суды штрафавалі журналістаў на падставе часткі 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Частка 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае адказнасць за незаконны выраб і / або распаўсюд прадукцыі СМІ. На думку БАЖ, журналісты не павінныя прыцягвацца да адказнасці па гэтым артыкуле, паколькі суб'ектам адказнасці па ёй з'яўляюцца не журналісты, а рэдакцыі СМІ.

За 2018 год журналісты прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці па гэтым артыкуле не менш за 118 разоў (што больш, чым за чатыры папярэднія гады агулам). Агульная сума штрафаў перавысіла 100 тыс. беларускіх рублёў (каля 43 тыс. еўра).

У 2018 годзе ў абсалютнай большасці выпадкаў пераследваліся журналісты, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”. “Белсат” уваходзіць у структуру Польскага тэлебачання, але пазіцыянуе сябе як першы незалежны тэлеканал Беларусі.

Павелічэнне фінансавання дзяржаўных медыяў

30 снежня 2018 г. быў падпісаны закон “Аб рэспубліканскім бюджэце на 2019 год”. У адпаведнасці з ім на фінансаванне дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі у 2019 г. вылучаецца 151 211 151 руб. (каля 63 млн. еўра). Гэта амаль на траціну больш, чым у папярэднія гады. Вылучэнне сродкаў адбываецца на пазаконкурснай аснове.

Рэйтынгі, індэксы, статыстыка 

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Freedom House ў сваім рэйтынгу свабоды ў свеце 2018 аднесла Рэспубліку Беларусь да несвабодных краінаў і мінімальна ацаніла ступень свабоды СМІ і свабоды інтэрнэту ў краіне (1 бал з 4). Пры гэтым “Press Freedom Status” і “Net Freedom Status” дзяржавы вызначаныя як “Not Free”.

У чарговым рэйтынгу свабоды прэсы міжнароднай арганізацыі “Рэпарцёры без межаў”, апублікаваным у красавіку 2018 г., Беларусь заняла 155 месца сярод 180 дзяржаў, страціўшы дзве пазіцыі ў параўнанні з папярэднім рэйтынгам.


Навіны ад Spring96.org у Telegram. Падпішыся на наш канал https://t.me/viasna96

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства