viasna on patreon

Сёння - Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання

2018 2018-10-10T08:56:16+0300 2018-10-10T12:43:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/word-coalicion-logo-3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёння, 10 кастрычніка,  цывілізаваны свет адзначае Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання. У гэтым годзе тэмай 16-га Сусветнага дня былі абраныя умовы ўтрымання зняволеных у камерах смяротнікаў.

Спецыяльна для Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання ПЦ “Вясна” у межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” падрыхтавала адмысловы відэаролік.  

У гэты дзень Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання прапануе Дзесяць варыянтаў дзеянняў, якім чынам вы можаце далучыцца да барацьбы супраць смяротнага пакарання.

  1. Напісаць ліст асуджанаму да смяротнага пакарання;
  2. Адправіць лісты падтрымкі родным і блізкім зняволеных, іх адвакатам;
  3. Прытрымліваючыся парадаў Сусветнай кааліцыі, арганізаваць наведванне месцаў заключэнняў;
  4. Арганізаваць публічнае абмеркаванне або паказ фільма з удзелам сябраў сем'яў асуджаных да смяротнага пакарання, апраўданых зняволеных, а таксама адвакатаў і экспертаў;
  5. Арганізаваць выставу (напрыклад, твораў мастацтва асуджаных да смяротнага пакарання, фотаздымкаў камер смяротнікаў, малюнкаў, плакатаў на тэму) або паставіць тэатральную п'есу;
  6. Прыняць ўдзел у мерапрыемствах, арганізаваных абаліцыяністамі па ўсім свеце;
  7. Адправіць ліст вязню, асуджанаму да смяротнага пакарання;
  8. Уступіць у арганізацыю, якая змагаецца за адмену смяротнага пакарання;
  9. Стымуляваць сродкі масавай інфармацыі асвятляць тэму смяротнага пакарання;
  10. Прыняць удзел у акцыі «Гарады супраць смяротнага пакарання/Гарады за жыццё» 30 лістапада 2018 года.

У Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання  ў Амбасадзе Літоўскай рэспублікі (вул. Захарава, 68) адбудзецца прэзентацыя выставы “Кожны мае права ведаць свае правы”, а таксама мастацкі перфоманс з удзелам вядомай мастачкі і перформеркі Таццяны Тур. Пачатак у 18:00.

 

Перфоманс, прысвечаны праблеме смяротнага пакарання, распавядзе аб пакутах родных і блізкіх асуджаных. Запрашаем журналістаў, праваабаронцаў і актыўных прадстаўнікоў грамадства на падзею і гутарку!

Дзеля гэтага трэба падцвердзіць ваш удзел у мерапрыемстве на электронную скрыню viasna@spring96.org і пакінуць зваротную сувязь.


ПЦ "Вясна" і актывісты кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” прапануюць у гэты дзень ўсім жадаючым далучыцца да  Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, змясціць пост у сацыяльных сетках праз выкарыстанне хэштэгаў #DeathPenalty  #AbolitionNow  #Belarus #We4Life2018.

 * * *

Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання аб'ядноўвае больш за 150 грамадскіх арганізацый, асацыяцый адвакатаў, мясцовых органаў улады і прафсаюзаў, і дзейнічае дзеля ўмацавання міжнароднага аспекту барацьбы супраць смяротнага пакарання, прыкладаючы намаганні для падтрымання тэндэнцыі да яго адмены па ўсім свеце.

На сённяшні дзень дзве траціны ўсіх краінаў свету (141) з'яўляюцца краінамі-абаліцыяністамі як у законе, так і на практыцы. Кааліцыя заклікае да канчатковага спынення смяротных прысудаў і пакаранняў смерцю ў тых краінах, дзе яны па-ранейшаму прымяняюцца. Да дасягнення сваёй мэты Кааліцыя імкнецца праз аказанне падтрымкі арганізацыям-сябрам, мясцовым, нацыянальным і рэгіянальным абаліцыянісцкім сілам, а таксама шляхам каардынацыі міжнароднай адвакацыі ў напрамку глабальнай адмены смяротнага пакарання.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” стаў сябрам кааліцыі напрыканцы 2017 года.

Адмена і выкарыстанне смяротнага пакарання ў свеце:

  • У 107 краінах адменена смяротнае пакаранне за ўсе віды злачынстваў;
  • У 7 краінах адмененае смяротнае пакаранне за агульнакрымінальнай злачынства;
  • 28 краін адмянілі смяротнае пакаранне на практыцы;
  • У 56 краінах захоўваецца смяротнае пакаранне;
  • У 2017 г. у 23 краінах ўжывалася смяротнае пакаранне;
  • Максімальная колькасць пакаранняў смерцю за 2017 года зафіксавана ў 5 краінах: у Кітаі, Іране, Саудаўскай Аравіі, Іраку і Пакістане.

Інфаграфіка з даклада Amnesty International.

 А што ў Беларусі?

 

Таксама ў гэты дзень:

Стасбург. Выступ праваабаронцы Валянціна Стэфановіча на тэму смяротнага пакарання ў Камітэце па прававых пытаннях і правах чалавека ПАСЕ. Пачатак у 14-00 па мясцовым часе.

Магілёў. Форум-тэатр «Куля ад грамадства». Цэнтр «Кола» (зав. Чкалава, 16). Пачатак у 18:30.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства