"Вясна" ўступае ў Сусветную кааліцыю супраць смяротнага пакарання Відэа
Аб'яднанне намаганняў з актывістамі глабальнага абаліцыянісцкага руху стане чарговым крокам беларускіх праваабаронцаў на шляху да спынення смяротнага пакарання ў сваёй краіне. Разам з тым Беларусь абазначылася на мапе свету як месца, дзе расстрэльныя прысуды нярэдка выносяцца прадстаўнікам найбольш уразлівых групаў насельніцтва.
Узаемадзеянне «Вясны» з Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання наладжвалася пры пасярэдніцтве FIDH (Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека) у межах кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі". Эксперты і актывісты кампаніі тройчы прымалі ўдзел у Сусветных кангрэсах супраць смяротнага пакарання - у Жэневе ў 2010 годзе, у Мадрыдзе ў 2013 годзе і ў Осла ў 2016 годзе. У сваю чаргу, прадстаўнікі Кааліцыі неаднаразова сустракаліся з праваабаронцамі «Вясны» як на міжнародных пляцоўках, так і ў Беларусі. У кастрычніку мінулага года нашу краіну наведала першы прэзідэнт Кааліцыі Фларанс Беліўе, якая адзначыла, што ў «Вясны» і Кааліцыі вельмі падобныя падыходы ў працы, і агучыла ідэю пра ўступленне праваабарончага цэнтра ў сусветны альянс абаліцыяністаў. У хуткім часе былі зроблены неабходныя крокі ў гэтым кірунку.
Разам з тым, ужо пяты год запар ПЦ «Вясна» праводзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання, прымеркаваны да 10 кастрычніка - Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання, заснаванага Кааліцыяй.
«Беднасць» - такая тэма Дня ў гэтым годзе. Асноўная яго мэта - падняць праблему дыскрымінацыйнага падыходу пры ўжыванні смяротнага пакарання, часта - у дачыненні да бедных слаёў насельніцтва.
«Ужыванне смяротнага пакарання непарыўна звязана з праблемай галечы. Сацыяльна-эканамічнае няроўнасць непасрэдна ўплывае на доступ да правасуддзя ў дачыненні да тых, хто прыгавораны да пакарання смерцю. Абвінавачаныя могуць мець недахоп сродкаў для ўласнай абароны (не толькі ў плане сацыяльна-эканамічных рэсурсаў, але і ў плане палітычнай улады), а ў некаторых выпадках яны падвяргаюцца дыскрымінацыі з прычыны свайго сацыяльнага статусу». З прэс-рэлізу Кааліцыі з нагоды 15-га Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання.
Праваабарончаму цэнтру «Вясна» за гады працы па справах асуджаных да расстрэлаў у Беларусі не аднойчы даводзілася сутыкацца з пералічанымі сітуацыямі.
“Шмат хто з асуджаных да смерці, па чыіх справах мы працавалі, прадстаўлялі самыя нізкія сацыяльныя слаі насельніцтва. Гэта людзі, якія жылі ў нястачы, і ў іх не было сродкаў на тое, каб наняць адвакатаў, якія б маглі іх абараняць падчас папярэдняга следства, на судзе. У некалькіх выпадках смяротныя прысуды выносіліся да прадстаўнікоў нацыянальнасці рома. Адзін з такіх асуджаных увогуле быў непісьменны і нават не меў грамадзянства. І пры асвятленні гэтай справы беларускае тэлебачанне ў негатыўным рэчышчы падкрэслівала менавіта нацыянальнае паходжанне асуджанага, што падштурхнула нас звярнуцца да кіраўніка Белтэлерадыёкампаніі з заявай пра недапушчальнасць такой практыкі. Канешне, у Беларусі не так выразна бачна сацыяльнае расслаенне, як, напрыклад, у Паўднёвай Амерыцы ці ў Афрыцы, тым не менш, у кантэксце смяротнага пакарання мы назіраем гэтую з’яву”, - кажа эксперт кампаніі супраць смяротнага пакарання Валянцін Стэфановіч.
На відэа, прымеркаваным да глабальнай кампаніі Кааліцыі, пра цяжкія выпрабаванні, якія давялося прайсці, адкрыта распавядае жыхарка невялікага раённага цэнтра Вілейка Тамара Сялюн, сын якой быў расстраляны ў 2014 годзе. Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда спрабуе рабіць усё магчымае, каб маральна падтрымаць жанчыну, якая фактычна засталася сам-насам са сваім горам. "Беднасць і правасуддзе - смяротная сумесь", - абазначае праваабаронца праблему з дапамогай слогану Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання. (Каб паглядзець відэа, абярыце беларускую гісторыю на мапе ўнізе.)
Сёння ПЦ "Вясна" працягвае заклікаць улады Беларусі да ўвядзення мараторыя на выкананне смяротных прысудаў у якасці першага кроку на шляху да поўнай адмены гэтага антыгуманнага віду пакарання і выкарыстоўвае ўсе даступныя сродкі для падтрымання ўвагі да гэтага пытання як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўні.
“Уступленне Праваабарончага цэнтра "Вясна" ў Сусветную кааліцыю супраць смяротнага пакарання ўзмоцніць хор галасоў пратэсту супраць кары смерцю ў Беларусі і вынесе гэтую праблему на міжнародны ўзровень. Мы разам з міліёнамі актывістаў з усіх кантынентаў змагаемся за тое, каб свет канчаткова развітаўся са смяротным пакараннем і праз гэта стаў больш міласэрным і лепшым. Не смяротнаму пакаранню!” – кажа кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі.
Сусветная кааліцыя супраць смяротнага пакарання аб'ядноўвае больш за 150 грамадскіх арганізацый, асацыяцый адвакатаў, мясцовых органаў улады і прафсаюзаў, і дзейнічае дзеля ўмацавання міжнароднага аспекту барацьбы супраць смяротнага пакарання, прыкладаючы намаганні для падтрымання тэндэнцыі да яго адмены па ўсім свеце. На сённяшні дзень дзве траціны ўсіх краінаў свету (141) з'яўляюцца краінамі-абаліцыяністамі як у законе, так і на практыцы. Кааліцыя заклікае да канчатковага спынення смяротных прысудаў і пакаранняў смерцю ў тых краінах, дзе яны па-ранейшаму прымяняецца. Да дасягнення сваёй мэты Кааліцыя імкнецца праз аказанне падтрымкі арганізацыям-сябрам, мясцовым, нацыянальным і рэгіянальным абаліцыянісцкім сілам, а таксама шляхам каардынацыі міжнароднай адвакацыі ў напрамку глабальнай адмены смяротнага пакарання.
Каб паглядзець відэа, націскайце на здымкі на мапе.