Мадрыд: Беларускія праваабаронцы ў шэсці супраць смяротнага пакарання (фота, відэа)
15 чэрвеня арганізатары і ўдзельнікі V Сусветнага Кангрэса супраць смяротнага пакарання зладзілі шэсце па вуліцах Мадрыда, які на гэтым тыдні стаў сталіцай змагання за адмену жорсткай і бесчалавечнай меры пакарання ва ўсім свеце.
Прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” бралі ўдзел у гэтай акцыі разам са сваімі аднадумцамі з розных краінаў. Акрамя агульнага сімвалу шэсця – чырвонай рукі з надпісам “Скажы НЕ смяротнаму пакаранню”, беларусы неслі ўлёткі сваёй кампаніі, раздаючы іх як удзельнікам акцыі, так і мінакам, якія віталі шэсце.
Шэсце атрымалася вельмі заўважным і прыцягнула ўвагу вялікай колькасці жыхароў іспанскай сталіцы і турыстаў. Яго ачоліла група маладых музыкаў-барабаншчыкаў, якія задавалі тон усёй калоне маніфестантаў. Услед за музыкамі прадстаўнікі краінаў, у якіх сёння выкарыстоўваецца смяротная кара, змяняючы адзін аднаго, неслі “сімвал таго, што мы ненавідзім і супраць чаго мы змагаемся” – вялізную шматмятровую пятлю.
Шэсце распачалося і скончылася каля будынка гарадскога кінатэатра Callao City Lights. Гэте месца, дзе праводзілася цырымонія афіцыйнага закрыцця Кангрэса, таксама даволі сімвалічнае: паўстагоддзя таму тут адбыўся паказ мастацкага фільма “Кат” (El verdugo, 1963) іспанскага рэжысёра і сцэнарыста Луіса Гарсія Берланга.
Нагадаем, V Сусветны Кангрэс супраць смяротнага пакарання 12 – 15 чэрвеня праходзіў у Мадрыдзе (услед за Страсбургам (2001), Манрэалем (2004), Парыжам (2007) і Жэневай (2010)). У праграме Кангрэса 14 чэрвеня адбыўся круглы стол “Еўропа: стратэгія будучыні” – пра дачыненні Еўрапейскага Саюза, Еўрапейскага парламента, Савета Еўропы, АБСЕ і Беларусі і Расіі ў пытанні смяротнага пакарання. У прыцы круглага стала браў удзел Валянцін Стэфановіч, адзін з кіраўнікоў кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.
Калі гэтае невялікае відэа не зможа прадэманстраваць усёй маштабнасці акцыі, то эмацыйна-энэргетычны пасыл – дакладна перадасць: