viasna on patreon

"Пазбавімся ад смяротнай кары, каб з новымі сіламі звярнуцца да іншых сацыяльных праблемаў!" Фота Відэа

2016 2016-10-10T11:45:24+0300 2016-10-10T13:18:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/florence_bellivier-viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фларанс Беліўе падчас відэаздымкі ў ПЦ “Вясна”. 4 кастрычніка 2016

Фларанс Беліўе падчас відэаздымкі ў ПЦ “Вясна”. 4 кастрычніка 2016

Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка, без перабольшанняў можна назваць брэндам Сусветнай кааліцыі супраць смяротнага пакарання. Яшчэ адно вядомае мерапрыемства гэтай асацыяцыі - глабальны кангрэс абаліцыяністаў, у якім з 2010 года прымаюць удзел і беларускія праваабаронцы. У той жа час пра самую Кааліцыю і асаблівасці яе дзейнасці ў беларускім грамадстве вядома не шмат. Каб запоўніць гэты прабел, мы пагутарылі з першым Прэзідэнтам Кааліцыі Фларанс Беліўе (Florence Bellivier), якая наведала нашу краіну ў рамках Тыдня супраць смяротнага пакарання.

Распавядаючы пра перыяд зараджэння Кааліцыі, калі ў канцы 1999 - пачатку 2000 года па ініцыятыве парыжскай арганізацыі «Разам супраць смяротнага пакарання» сабраліся прадстаўнікі Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека, Міжнароднай Амністыі, Асацыяцыі хрысціянаў супраць катаванняў і іншых міжнародных НДА і вырашылі сумесна заняцца праблемай смяротнага пакарання на міжнародным узроўні, Фларанс Беліўе падкрэсліла:

- Для мяне вельмі важна, што Кааліцыя была заснаваная не ў рамках нейкага там праекта, а па ініцыятыве людзей, якія змагаюцца з пакараннем смерцю і ўсведамляюць, што гэтае аб'яднанне - важны, неабходны крок. На першы Кангрэс, які прайшоў у 2001 годзе ў Страсбургу, прыехалі многія вядомыя праваабаронцы, сярод іх Карым Лахіджы з Ірана, Сідзікі Каба з Сенегала. Гэта тыя людзі, якія і праз пятнаццаць гадоў вельмі актыўна змагаюцца супраць смяротнага пакарання. То бок, Кааліцыя - гэта рэальная ініцыятыва людзей, якія рэальна працуюць. І дата 10 кастрычніка для мяне важная тым, што гэты міжнародны Дзень заснаваны менавіта грамадзянскай супольнасцю.

Фларанс Беліўе з постэрам Кааліцыі да 10 кастрычніка 2016
Фларанс Беліўе з постэрам Кааліцыі да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які сёлета прысвечаны тэме тэрарызму.Мінск, 4 кастрычніка 2016

- Што ўяўляе з сябе Кааліцыя праз пятнаццаць гадоў пасля ўтварэння?

- Кааліцыя перажыла два перыяды, на мой погляд, досыць розныя. Да 2011 года гэта было аб'яднанне людзей, якія працуюць разам, але пры гэтым яно не было незалежным ад асацыяцыі «Разам супраць смяротнага пакарання». А пачынаючы з 2011-га, яно развілася досыць, каб стаць самастойнай структурай - са сваім прэзідэнтам, праўленнем, якое вызначае напрамкі дзейнасці, а таксама са сваім офісам і абсалютна незалежным фінансаваннем. У Кааліцыі працуюць тры супрацоўнікі, гэта даволі мала, але ім шмат чаго ўдаецца дасягнуць, бо ў асноўным яны займаюцца каардынацыйнай працай. Я была абраная першым прэзідэнтам Кааліцыі і прабыла на гэтай пасадзе два мандаты. Адносна нядаўна была абраная другая ў гісторыі Кааліцыі прэзідэнт - амерыканка Элізабэт Зітрын (Elizabeth Zitrin).
Галоўная роля Кааліцыі - парасонавая, і гэта ўсюды падкрэсліваецца. Яна не імкнецца замяніць сабою сяброўскія арганізацыі, якія займаюцца пытаннямі смяротнага пакарання ў сваіх краінах, гэта застаецца цалкам на іх рахунку. А мэта Кааліцыі - надаць вялікую агалоску іх дзейнасці, даць іх галасам міжнародную трыбуну.

- Якія асноўныя напрамкі працы Кааліцыі на міжнародным узроўні?

- Вельмі важная для нас праца - гэта лабіяванне ратыфікацыі Другога Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах ААН. Для мяне гэта нейкая супрацьлегласць кампаніі 10 кастрычніка, бо ўяўляе сабой юрыдычную працу на ўзроўні дзяржавы. Але гэтая праца вельмі важная, бо многія не адмяніўшыя смяротнае пакаранне ўрады на міжнароднай арэне любяць паўтараць, што гэты від пакарання не забаронены міжнародным правам. І адзіны дакумент, які змяшчае патрабаванне аб адмене смяротнага пакарання, гэта той самы Другі Факультатыўны пратакол да Пакта. Мы абралі менавіта гэты механізм як галоўны інструмент у сваёй працы, таму што нашая праца накіравана ў асноўным на краіны, якія альбо дэ-факта не выконваюць смяротныя прысуды, альбо не выносяць такіх прысудаў наогул, пры тым што смяротнае пакаранне ўсё яшчэ застаецца ў іх заканадаўствах. То бок, гэта не краіны, якія актыўна забіваюць, бо ў працы з імі, вядома, патрэбныя іншыя аргументы. Гэта краіны, якім засталося прайсці яшчэ адну прыступку - заканадаўча замацаваць практыку, якая ўстанавілася, без магчымасці вяртання да смяротнага пакарання, паколькі ратыфікацыя цягне за сабой строгія абавязальніцтвы.

Хачу адзначыць, што толькі нядаўна колькасць краінаў, якія ратыфікавалі Другі Факультатыўны пратакол, перавысіла 80. Улічваючы, што сам Пакт падпісалі звыш 140 краінаў, то гэты важны крок зрабілі крыху больш за палову краінаў-удзельніц. І мы адзначаем паступовыя поспехі - Тога, Мадагаскар, Манголія нядаўна падпісалі гэты Пратакол.

- Атрымліваецца, Беларусь, якая не выяўляе імкнення да ратыфікацыі Другога Факультатыўнага пратакола да МПГПП, застаецца па-за фокусам Кааліцыі...

- Так, Беларусь, сапраўды, па-за фокусам гэтай міжнароднай кампаніі, паколькі нельга асягнуць неабсяжнае. Але ў сваёй працы мы заўважылі, і гэта для нас было нейкім сюрпрызам, што некаторыя краіны, якія не жадаюць падпісваць Другі Факультатыўны пратакол, больш спакойна ставяцца да рэгіянальных пратаколаў. Напрыклад, ёсць два пратаколы да Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека... На жаль, Беларусь не з'яўляецца ўдзельніцай і гэтай Канвенцыі, таму яе гэта пакуль не тычыцца, але, улічваючы, што гэта еўрапейская краіна, можна спадзявацца, што рана ці позна неабходны зрух адбудзецца. Прывяду іншы прыклад, трохі далёкі ад Беларусі. Дзякуючы працы Кааліцыі і яе сябраў, ужо падрыхтаваны Афрыканскі пратакол супраць смяротнага пакарання і ў хуткім часе пачнуцца ўзгадненні з гэтай нагоды. Гэта рэгіянальны дакумент, які многія афрыканскія краіны ўжо гатовыя падпісаць, іншыя, магчыма, захочуць да іх далучыцца. Для іх рэгіянальны інструмент такога роду уяўляецца больш цікавым за міжнародныя інструменты.

Акрамя ўсяго іншага, Генеральнай Асамблеяй ААН у Нью-Ёрку рэгулярна прымаюцца рэзалюцыі за адмену смяротнага пакарання, і зноў-такі мы, сябры Кааліцыі, сустракаемся і вырашаем, хто якія краіны будзе лабіяваць. Гэта значыць, тых, каго магчыма, угаварыць галасаваць "за", а тых, каго немагчыма, угаварыць хоць бы не галасаваць "супраць", устрымацца, паколькі нават гэта вельмі шмат азначае ў раскладзе рэзалюцый на ўзроўні менавіта Генасамблеі ААН. І такая праца вядзецца ў тым ліку з Беларуссю - каб дзяржава не галасавала супраць такіх рэзалюцыяў. Пачынаючы з 2007 года, 117 краін прагаласавалі за адмену смяротнага пакарання, што даволі шмат.

Прадстаўнікі FIDH і “Вясны” разам супраць смяротнай кары
Прадстаўнікі місіі FIDH Фларанс Беліўе і Саша Кулаева з праваабаронцамі і прыхільнікамі “Вясны” – разам супраць смяротнай кары.Мінск, 4 кастрычніка 2016

- Чаго, на Ваш погляд, сёння не хапае ў працы супраць смяротнага пакарання ўнутры Беларусі?

- Нам уяўляецца вельмі важнай і нас вельмі ўражвае праца, якую праводзіць "Вясна" ў межах кампаніі супраць смяротнага пакарання. І нам здаецца, што ў "Вясны" і Кааліцыі вельмі падобныя падыходы ў працы. Вядома, усё, што звязана са смяротнай карай, у любым выпадку, адлюстроўвае палітычную сітуацыю ў асобна ўзятай краіне. Але ёсць і агульныя рысы - парушэнне права на справядлівы суд, магчымасць судовай памылкі, парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, «сіндром калідора смерці». Таму для нас не менш важнае за ўсе астатнія напрамкі дзейнасці наладжванне гарызантальных сувязяў паміж сябрамі Кааліцыі. Мы імкнемся, каб абаліцыяністы былі знаёмыя адзін з адным і дзяліліся практычным вопытам, перадавалі адзін аднаму аргументы і веды. Хачу прывесці прыклад. У Мінску мы прысутнічалі на працэсе ў Вярхоўным судзе, які скончыўся пацвярджэннем смяротнага прысуду. Вядома, гэта быў момант эмацыйна вельмі напружаны: у некалькіх метрах адзін ад аднаго знаходзіліся забойца, які сам хутка будзе забіты, і маці забітай жанчыны, якую калаціла так моцна, што гэта было заўважна няўзброеным вокам. Калі судовы працэс скончыўся, то маці ахвяры сышла зусім адна, як з нейкага звычайнага дзейства, ніхто яе не суправаджаў. І ў мяне нарадзіўся пытанне, якое я задала Андрэю [Андрэй Палуда - каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі" - рэд.]: як вы працуеце не толькі з сем'ямі асуджаных да смяротнага пакарання, але і з сем'ямі ахвяраў, якія часта патрабуюць смяротнай кары? І Андрэй распавёў мне, як цяжка выйсці на гэтых людзей і як цяжка наладзіць з імі кантакт, што ён спрабуе наладзіць такую працу, паколькі дзяржава не аказвае гэтым людзям ніякай сацыяльнай або псіхалагічнай дапамогі і лічыцца, што смяротны прысуд таму, хто забіў іх блізкага, вырашае ўсе праблемы. Што, вядома, не так. Гэтыя людзі застаюцца сам-насам са сваім горам. І я адразу ўзгадала амерыканскую сяброўскую арганізацыю нашай Кааліцыі - Асацыяцыю сем'яў ахвяраў забойстваў, якая асноўнай сваёй мэтай ставіць адмену смяротнай кары. Гэта значыць, сваякі забітых аб'ядналіся для працы з грамадствам, кажучы, што «вока за вока» - састарэлы прынцып. І мне здаецца, што было б вельмі добра пазнаёміць «Вясну» з гэтай асацыяцыяй, устанавіць такую сувязь. Заснавальнік гэтай амерыканскай асацыяцыі, бацька ахвяры, дапамог стварыць аналагічныя арганізацыі ў Карэі, Японіі, чаму б і не ў Беларусі ў будучыні. На мой погляд, гэта адна з асноўных задачаў Кааліцыі - зводзіць людзей, дапамагаць ім працаваць разам.

Акрамя таго, Кааліцыя вырабляе інструменты, якія могуць быць выкарыстаныя ў практычнай барацьбе супраць смяротнага пакарання. Адзін з іх, які я хацела б згадаць, гэта дапаможнік для адвакатаў, якія абараняюць тых, хто рызыкуе быць асуджаны да смерці. Ён быў ініцыяваны адной амерыканскай адвакаткай і напісаны ў прывязцы да крымінальнага заканадаўства усходнеафрыканскай рэспублікі Малаві, але затым пераведзены і адаптаваны пад іншыя юрыдычныя сістэмы. Я не змагла 4 кастрычніка ў Мінску прысутнічаць на той частцы судовага працэсу, дзе выступала абарона, паколькі працэс быў закрыты, але магу дапусціць, што ў адваката не было ўсіх інструментаў, каб кваліфікавана і з веданнем усіх элементаў абараняць чалавека, якому пагражае смяротнае пакаранне. І мне здаецца, што такое кіраўніцтва, адаптаванае да беларускай рэчаіснасці і Крымінальнага кодэксу, было б вельмі карысным для беларускіх адвакатаў.

- Што б Вы хацелі сказаць беларускаму грамадству з нагоды Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання?

- Я б хацела звярнуцца з дзвюма думкамі, якія толькі на першы погляд супярэчлівыя, але такімі не з'яўляюцца... [Працяг глядзіце на відэа]

- Давайце пазбавімся ад гэтага страшнага віду пакарання, якім з'яўляецца смяротнае пакаранне, каб з новымі сіламі звярнуцца да іншых сацыяльных праблемаў у нашых грамадствах! - заклікала напрыканцы праваабаронца.

Дададзім, што прафесар права Фларанс Беліўе з'яўляецца намеснікам Генеральнага сакратара FIDH і прыязджала ў Беларусь для прэзентацыі справаздачы "Смяротнае пакаранне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах", падрыхтаванага FIDH і ПЦ "Вясна".

Дзякуем за пераклад з французскай Сашы Кулаевай, кіраўніку аддзела Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі FIDH.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства