У Беларусі існуюць "ЛГБТ-картатэкі"? Дапоўнена
У ноч з пятніцы на суботу, 21 ліпеня 2018 года, у клуб "Бурлеск", дзе збіраюцца прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці, уварвалася міліцыя з чарговай “праверкай”. Гэта ужо другі падобны выпадак за апошні месяц. У ноч з 29 на 30 чэрвеня гэта ўжо мела месца. Тады супрацоўнікі міліцыі перапісалі асабістыя дадзеныя наведвальнікаў клуба, уключна з месцам працы. Адзін са сведкаў міліцэйскай праверкі выказаў меркаванне, што гэта помста за «ЛГБТ-клумбу» каля помніка мінскага гарадавога. За гэтую акцыю 29 чэрвеня суды г. Мінска пакаралі студэнтаў тэатральнай лабараторыі Fortinbras штрафамі ў памеры 3 базавых велічыняў.
Як мяркуе юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Алег Пашкевіч, праблема ў такіх рэйдах, акрамя непасрэднага ціску на супольнасць, у тым, што асабістыя дадзеныя прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці збіраюцца для прафілявання ў структурах МУС. Супрацоўнікі міліцыі на падставе сабраных дадзеных фармуюць базу. У выпадку здзяйснення злачынства, звязанага з палавой недатыкальнасцю, людзей, пачынаюць выклікаць на допыты і размовы толькі на падставе таго, што яны ёсць у гэтай базе.
Андрэй Завалей, каардынатар кампаніі «Справа Пі» памяці Міхаіла Пішчэўскага, каментуючы гэтую сітуацыю, адзначае:
“Відавочна, што для беларускай дзяржавы ЛГБТ-супольнасць да гэтага з'яўляецца «непажаданай» сацыяльнай групай, для іх мы «асацыяльныя элементы». Як і ў савецкія часы, яны для нейкіх сваіх унутраных мэтаў вядуць «ЛГБТ-картатэку». Сам факт таго, што яны перапісваюць пашпартныя дадзеныя наведвальнікаў і наведвальніц гей-клубаў — гэта парушэнне самой працэдуры праверкі і грубае парушэнне права на недатыкальнасць прыватнага жыцця.
А калі ўлічыць, што такія рэйды (праверкай іх назваць проста немагчыма) суправаджаюцца прымяненнем грубай фізічнай сілы ў адносінах да наведвальнікаў установы (працуе абсалютна легальна на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, дарэчы кажучы), зневажаюць чалавечую годнасць гамафобнымі выказваннямі з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў, то сітуацыя проста выходзіць за рамкі нават беларускай «прававой» дзяржавы».
У афіцыйным паведамленні ГУУС Мінгарвыканкама гаворыцца, што «21 ліпеня 2018 года супрацоўнікамі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі, упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, інспекцыі па справах непаўналетніх ГУУС Мінгарвыканкама правяраліся месцы масавага адпачынку грамадзян на прадмет выяўлення правапарушэнняў».
Падчас кожнай міліцэйскай "праверкі" ў наведвальнікаў перапісваюць пашпартныя дадзеныя, нумары тэлефонаў, месцы працы. Пры гэтым, як правіла, нікога не затрымліваюць і не складаюць пратаколаў.
23 ліпеня "Радыё Свабода" стала вядома, што адзін з наведнікаў клубу "Бурлеск" быў затрыманы падчас праверкі і атрымаў 5 базавых штрафу. Затрыманы распавядае:
«Пачалася аблава. Сталі ва ўсіх правяраць пашпарты, ці ёсьць васямнаццаць. Я даў свой пашпарт, але мае дадзеныя сталі перапісваць. Я проста спытаў, чаму ў мяне просяць пашпартныя дадзеныя. Мне нічога не адказалі, АМАП скруціў, ледзьве руку не паламалі, і адвёз у міліцыю, у апорны пункт».
Па словах затрыманага, у апорным пункце ў пратаколе яму запісалі правапарушэнне па двух артыкулах КаАП — «за тое, што нібыта быў у алькагольным ап’яненні ў публічным месцы, і за непадпарадкаванне міліцыі». Адвозілі на экспэртызу. З апорнага пункту яго перавялі ў ІЧУ, а ў панядзелак даставілі ў суд. Як паведамляе "Радыё Свабода", за што канкрэтна затрыманы атрымаў штраф, ён ня ведае. Ніякіх дакументаў, апроч квітанцыі на аплату штрафу, яму ў судзе ня выдалі.
“Гэтыя рэйды праходзяць рэгулярна. У тым ліку гэты ціск ужо прывёў да таго, што на двухмільённы Мінск застаўся толькі адзін клуб, дзе праходзяць ЛГБТ-вечарыны. Аблава 21 ліпеня - ўжо трэцяя за апошнія паўгода, і відавочна, што гэта звязана з гамафобнымі выказваннямі МУС і рэакцыяй на гэтыя выказванні грамадзянскай супольнасці. Гэты скандал не сціхае, Віку Біран судзяць за апублікаванае ў Фэйсбуку фота, а тым часам гамафобная банда ў Гомелі, якая ладзіла сафары на маладых гомасэксуальных хлопцаў, засталася практычна непакаранай. Відавочна, што дзяржава аказвае ціск на тых, хто спрабуе заяўляць аб несправядлівасці і адначасова ставіцца лаяльна да злачынцаў, нават сваёй рукой выяўляючы грэбаванне, здзяйсняючы гвалт і беззаконне ў адносінах да ЛГБТ-людзей”, — дадае Андрэй Завалей.
У кастрычніку 2017 года міліцэйская "праверка" праходзіла, акрамя "Бурлеска", яшчэ і ў мінскім клубе "Каста Дзіва". У ёй удзельнічаў АМАП, а таксама супрацоўнікі АБЭЗ і ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі. Некаторых наведвальнікаў клуба даставілі ў пастарунак, праверылі дакументы. Усіх затрыманых адпусцілі без складання пратаколаў.