viasna on patreon

Міклаш Харасці прадставіць свой апошні даклад па Беларусі Дакумент

2018 2018-06-18T13:52:22+0300 2018-06-26T12:38:59+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/haraszti-31-01-2018a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міклаш Харасці. ДПЧ у Вільні, 31 студзеня 2018 г.

Міклаш Харасці. ДПЧ у Вільні, 31 студзеня 2018 г.

Спецыяльны дакладчык ААН Міклаш Харасці прадставіць свой чарговы даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на 38-й сесіі Савета па правах чалавека 25 чэрвеня ў Жэневе (Швейцарыя).

Даклад ахоплівае перыяд з 1 красавіка 2017 года да 30 красавіка 2018 года, але як адзначае спецдакладчык, у яго ўключаецца агляд усяго шасцігадовага перыяду дзеяння мандату з доказамі цыклічнасці праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі.

Як і ў папярэднія гады ў сілу немагчымасці ажыццявіць паездку ў краіну для азнаямлення з сітуацыяй на месцы, спецыяльны дакладчык выкарыстоўваў у якасці асновы для сваёй ацэнкі заявы і справаздачы ўрада і шматлікія паведамленні, якія ён атрымаў ад суб'ектаў грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, сваякоў палітычных зняволеных і зніклых без вестак асобаў, дыпламатаў і структураў ААН.

Міклаш Харасці адзначыў, што з таго моманту, як Савет па правах чалавека заснаваў мандат Спецдакладчыка, жыццё ў Беларусі рэгламентавалася мэтанакіраванай рэпрэсіўнай прававой базай, што пагаршалася рэпрэсіямі з прымяненнем гвалту ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, няўрадавых арганізацый, палітычных апанентаў, праваабаронцаў і супрацоўнікаў незалежных СМІ, якія рэгулярна паўтараюцца і цэнтралізавана плануюцца.

Больш за тое, працягваліся парушэнні права на жыццё ў выглядзе рэгулярнага ўжывання смяротнага пакарання.

“Урад не спрабаваў выправіць наступныя укаранелыя сістэмныя недахопы ў галіне правоў чалавека: адсутнасць вяршэнства права, падаўленне выказвання любой нязгоды, адсутнасць плюралізму сродкаў масавай інфармацыі і неабходнасць атрымання дазволаў для ажыццяўлення права на свабоду асацыяцыі і мірных сходаў. Практыка пазбаўлення грамадзян іх грамадзянскіх і палітычных правоў працягвае аказваць згубны ўплыў на ажыццяўленне эканамічных, сацыяльных і культурных правоў”, - гаворыцца ў дакладзе.

У ім адлюстроўваюцца праблемы, звязаныя са свабодай меркавання і сродкаў масавай інфармацыі, свабодай асацыяцыяў і свабодай мірных сходаў, становішчам грамадзянскай супольнасці, катаваннямі і іншымі відамі жорсткага абыходжання, адвольнымі затрыманнямі і арыштамі, гвалтоўнымі знікненнямі і наяўнасцю палітычных зняволеных у краіне, а таксама праблемы смяротнага пакарання, непразрыстасці і фальсіфікацыі выбараў, залежнасці суддзяў і адвакатаў ад органаў улады, гендэрнай і іншых відаў дыскрымінацыі.

Акрамя таго, асобна Спецдакладчык падкрэслівае становішча праваабаронцаў, і адзначае, што хоць Беларусь і не адзіная краіна, якая пераследуе праваабаронцаў, а іх становішча ўвесь час пагаршаецца, аднак, такі пераслед ажыццяўляецца па ініцыятыве ўрада і носіць сістэмны характар.

Паколькі ніякага адчувальнага прагрэсу ў вырашэнні сістэмных праблемаў не было дасягнута, Спецыяльны дакладчык лічыць, што няма ніякіх прычын для спынення міжнароднага кантролю за становішчам у галіне правоў чалавека ў Беларусі, тым больш што механізмы рэгіянальнага кантролю адсутнічаюць з-за выключэння Беларусі са складу членаў Савета Еўропы з-за захавання ў Крымінальным кодэксе смяротнага пакарання і яе рэгулярнага ўжывання”, —  прыходзіць да высновы Міклаш Харасці і лічыць, што захаванне яго мандату мае ключавое значэнне для выжывання ядра арганізацый грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца пытаннямі правоў чалавека.

Паўнамоцтвы Міклаша Харасці на пасадзе Спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі скончваюцца напрыканцы кастрычніка бягучага года. Да гэтага часу, акрамя прадстаўлення даклада на сесіі Савета па правах чалавека ААН, ён прадставіць яго і на Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку.

Нагадаем, мандат Спецыяльнага дакладчыка па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Савет па правах чалавека ААН увёў у 2012 годзе ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Урад Беларусі не прызнае мандат спецдакладчыка і адмаўляецца ад узаемадзеяння з ім. За ўсе гады на пасадзе спецдакладчыка Міклаш Харасці не меў магчымасці наведаць Беларусь, паколькі для гэтага неабходна афіцыйнае запрашэнне ўладаў. Але на пачатку ліпеня 2017 года Харасці прыехаў у Мінск па запрашэнні АБСЕ да ўдзелу ў мерапрыемствах 26-й сесіі ПА АБСЕ і таксама стаў госцем Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці. Тады ён выказаў спадзяванне, што візіт у Беларусь стане першым крокам на шляху да афіцыйнага прызнання мандата краінавага спецдакладчыка ААН, аднак МЗС Беларусі заявіў, што пазіцыя афіцыйнага Мінска не зменіцца.

Міклаш Харасці прадставіць свой апошні даклад па Беларусі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства