viasna on patreon

Удзельнікі адзначылі ўнікальны характар Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці ў Мінску

2017 2017-07-04T20:19:48+0300 2017-07-05T11:32:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/forum_04.07.2017_0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Брыфінг беларускіх і міжнародных праваабаронцаў падчас Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці

Брыфінг беларускіх і міжнародных праваабаронцаў падчас Паралельнага форуму грамадзянскай супольнасці

На Паралельным форуме грамадзянскай супольнасці, які праходзіў 4 ліпеня ў Мінску пад назвай “Шэсць гадоў пасля дакладу ў рамках Маскоўскага механізму АБСЕ аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі: што змянілася?”, адбыўся брыфінг міжнародных і беларускіх праваабаронцаў з удзелам спецыяльнага дакладчыка ААН па Беларусі Міклаша Харасці, які прыехаў у Беларусь у якасці запрошанага АБСЕ эксперта. Перад журналістамі выступілі кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі, прадстаўнік Платформы грамадзянскай супольнасці і Цэнтра развіцця дэмакратыі і правоў чалавека Юры Джыбладзэ (Расійская Федэрацыя), Марыя Дале з Фонда Дамоў правоў чалавека (Нарвегія), Айша Юнг з Amnesty International (Вялікабрытанія) і кіраўніца аддзела FIDH па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Саша Кулаева (Францыя).

Міклаш Харасці адзначыў, што вельмі рады прыехаць ў Беларусь нават у якасці эксперта сайд-івента АБСЕ, аднак, ён падкрэсліў няветлівасць беларускіх уладаў да яго асобы:

“Я толькі што атрымаў паведамленне пра тое, што прадстаўнікі МЗС сцвярджаюць, што спадар Харасці прыбыў у Беларусь для ўдзелу ў адным з непраграмных мерапрыемстваў 26-й сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, і падкрэсліваюць, што іх пазіцыя застаецца нязменнай, Беларусь не прызнае краінавы мандат спецыяльнага дакладчыка, і яны не маюць намеру супрацоўнічаць са мной”.

Міклаш Харасці выказаў падзяку грамадзянскай супольнасці і спадзяванне на паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне пасля візіту АБСЕ.

Прадстаўніца Фонда Дамоў правоў чалавека Марыя Дале адзначыла падчас свайго выступу, што грамадзянская супольнасць і праваабарончыя арганізацыі з'яўляюцца ключавымі ў прасоўванні правоў чалавека.

“Праваабаронцы ўсё часцей апынаюцца пад пагрозай у гэтай частцы свету, але і не толькі тут – ідзе глабальнае пагаршэнне правоў і свабодаў. Рэпрэсіі працягваюцца на працягу многіх гадоў у такіх краінах, як Расія, Азербайджан і Беларусь. Яны становяцца ўсё больш частымі і больш сур'ёзнымі. Улады ўдасканальваюць метады, якія выкарыстоўваюць супраць грамадзянскай супольнасці.

Мы бачым, што аўтарытарныя ўрады падрываюць легітымнасьць грамадзянскай супольнасці. Мы бачым пераслед, прымяненне заканадаўства для крыміналізацыі працы праваабаронцаў: абмежаванні на паездкі, на фінансаванне, у прыватнасці, на замежнае фінансаванне і дзейнасць арганізацый. І гэта тое, што адбываецца сістэматычна ў рэгіёне АБСЕ. Найчасцей пад пераслед трапляюць праваабаронцы, якія працуюць у галіне правоў жанчын, сэксуальных меншасцяў і правоў ЛГБТ, а таксама праваабаронцы, што змагаюцца з карупцыяй. Мы бачым напады на адвакатаў, журналістаў, актывістаў”, - сказала яна.

Марыя Дале звярнула ўвагу на тое, што зараз людзі ва ўладзе не хочуць яе губляць. І тое, што яны робяць – гэта імкненне заглушыць незалежныя крытычныя галасы, якія спрабуюць павялічыць прастору правоў і свабод з грамадзянскай супольнасцю, удзельнічаць у развіцці грамадства.

“Мы бачым распаўсюд страху, мы бачым распаўсюд самацэнзуры і мы бачым звужэнне дзейнасці грамадзянскай супольнасці як следства гэтых дзеянняў з боку ўладаў.

Мы бачым скарачэнне прасторы для грамадзянскай супольнасці, мы бачым ГОНГА, якія займаюць гэту прастору – НДА, арганізаваныя афіцыйнымі ўладамі, створаныя для падтрымкі наратыву і палітыкі ўрада. Яны не паважаюць нармальны наратыў і заклік да пашырэння правоў чалавека, свабодаў, як гэта робіць незалежая грамадзянская супольнасць”, - адзначыла прадстаўніца Фонду дамоў правоў чалавека.

У наступным выступе Алесь Бяляцкі падкрэсліў, што Форум носіць унікальны характар, бо ўпершыню за апошнія 13 гадоў сабраў беларускіх праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў, з розных арганізацый.

“Напярэдадні Парламенцкай Асамблеі АБСЕ мы вырашылі выкарыстаць гэтую сітуацыю і яшчэ раз заявіць адным голасам пра тыя праблемы з правамі чалавека, якія існуюць на сёняшні дзень у беларускім грамадстве. Беларуская грамадзянская супольнасць перад нашым Форумам прыняла Пазіцыю беларускіх праваабаронцаў, дзе мы пазначылі тыя праблемы, якія існуюць на сённяшні дзень у нас: наяўнасць палітычных зняволеных, смяротнага пакарання, масавыя рэпрэсіі, якія абрынуліся на грамадзянскую супольнасць гэтай вясной і закранулі і грамадскіх актывістаў, і журналістаў, і праваабаронцаў, а таксама сістэмныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, якія адбываюцца.

І мы канстатуем, што не прымаюцца меры, накіраваныя на сістэмныя якасныя паляпшэнні ў галіне правоў чалавека. Рэспубліка Беларусь не прыклала намаганняў, накіраванных на выкананне мераў першачарговага аднаўленчага характару, да якіх неаднаразова заклікала беларуская праваабарончая супольнасць. У любы момант сітуацыя можа вярнуцца назад, стаць яшчэ горшай. Таму наш Форум фактычна з’яўляецца такім заклікам, у першую чаргу для беларускіх уладаў, выконваць міжнародныя абавязкі ў галіне правоў чалавека.

Мы звяртаемся таксама да міжнароднай супольнасці з тым, каб яна не змяншала ўвагі да праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі.  Бо наша краіна з’яўляецца суседкай еўрапейскіх краінаў, уваходзіць у калектыўныя сістэмы, чым з’яўляецца АБСЕ. Больш за тое, Беларусь узяла на сябе пэўныя абавязкі ў галіне правоў чалавека. Значыць, Беларусь мусіць іх выконваць. Гэта наш агульны пасыл і мы спадзяемся, што ён будзе пачуты.

На нашым Форуме даволі шырокае прадстаўніцтва: і дэпутаты Парламенцкай Асамблеі, віцэ-старшыня ПА АБСЕ, і спадар Харасці прысутнічае тут, і прадстаўнікі розных аўтарытэтных міжнародных праваабарончых арганізацый. На жаль, тут няма прадстаўнікоў беларускай улады. І гэта яшчэ раз падкрэслівае тое, што яны на сёняшні дзень не надта імкнуцца сесці за ўяўны ці рэальны стол перамоваў і абмеркаванняў надзённых праблемаў, якія існуюць у Беларусі”, - сказаў праваабаронца.

Юры Джыбладзэ адзначыў важнасць мерапрыемства:

“Калі б мне год назад сказалі, што мы будзем тут разам арганізоўваць міжнародную канферэнцыю – я б не паверыў. І дзякуй богу, што сёння так склалася, што беларускім уладам выгадна рабіць сімвалічныя крокі. Не змяняючы прыроду сваёй улады і палітычнай сістэмы, аднак рабіць крокі: дазволіць спецдакладчыку, няхай і з агаворкамі, прыехаць, дазволіць правесці наш Форум. Добра, што ніхто з лідараў беларускіх грамадзянскіх арганізацый зараз не знаходзіцца ў турме. Ды і я змог прыехаць у Беларусь упершыню за шэсць гадоў, а дагэтуль ў дачыненні да мяне дзейнічала забарона на наведванне краіны.

Я думаю, што наш голас будзе пачуты. Наш досвед працы ў апошнія гады сведчыць пра тое, што роля грамадзянскай супольнасці ў міжнародных дзеяннях у галіне правоў чалавека становіцца ўсё больш значнай і гучнай, чым урадаў ці нават міжнародных арганізацый. Мы сёння будзем прымаць рэзалюцыю па выніках Форуму, і думаю, што сам факт прысутнасці тут у якасці гасцей Генеральнага сакратара АБСЕ, двух віцэ-прэзідэнтаў, кіраўніка Камітэта па правах чалавека АБСЕ і шэрагу амбасадараў ужо кажа пра тое, што ўвага да нашага голасу і да нашай пазіцыі сур'ёзная”.

Прадстаўнік Платформы грамадзянскай супольнасці Юры Джыбладзе

Выступоўца адзначыў, што ў агульнай часцы рэзалюцыі па праблемах міжнароднага характару адзначаецца, што сітуацыя з выкананнем правоў чалавека і вяршэнствам права не проста пагаршаецца ўсюды, але і ўрад, і палітыкі, і нават прадстаўнікі міжнародных арганізацый усё больш ссоўваюць сваю ўвагу з пытанняў правоў чалавека на пытанні бяспекі, што ў значнай ступені звязана з рэальнымі праблемамі: пагрозай тэрарызму, міграцыйным крызісам і вайной на ўсходзе Украіны.

“Увесь комплекс праблем адцягвае ўвагу ад правоў чалавека, а з другога боку ён выкарыстоўваецца аўтарытарнымі лідарамі вельмі паспяхова ў многіх краінах нашага рэгіёну.

На гэтым фоне атрымліваецца, што голас грамадзянскай супольнасці набывае асабліва важнае значэнне. Многія сябры АБСЕ, дэлегацыі Парламенцкай Асамблеі, палітыкі ў розных краінах падзяляюць нашыя погляды і могуць абапірацца на нашыя заключэнні, рэкамендацыі, дакументы, што дазваляе ім процідзейнічаць негатыўным тэндэнцыям. Менавіта таму грамадзянская супольнасць становіцца ўсё часцей аб'ектам ціску, пераследу, нападкаў і падвышаных рызыкаў для саміх грамадзянскіх актывістаў і праваабаронцаў. Мы сапраўды маем справу з беспрэцэдэнтным ціскам, са ўсё больш звужаючайся прасторай для грамадзянскай супольнасці ва ўсім свеце і нам даводзіцца надаваць усе больш і больш увагі гэтай праблеме, падтрымцы, салідарнасці, абароне калегаў паралельна са спробамі змагацца з негатыўнымі тэндэнцыямі”, - сказаў Юры Джыбладзэ.

Кіраўніца аддзела FIDH па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Саша Кулаева адзначыла крок наперад, які зрабілі беларускія ўлады ў звязку з палітычнымі, эканамічнымі і геапалітычнымі выклікамі, якія паўстаюць перад краінай у дадзены момант, і тое, што Паралельны форум змог адбыцца. 

“Але, тым не менш, мы б хацелі разглядаць гэты момант як пераломны, які дазволіць паказаць, наколькі па сутнасці бяскрыўднае абмеркаванне правоў чалавека ў гэтай краіне і што так перашкаджаць нашай працы сапраўды не трэба. Аднак, трэба падкрэсліць, што нашая ўвага за тым, што будзе адбывацца ў Беларусі пасля таго, як раз'едуцца высокія госці, будзе яшчэ больш напружанай, паколькі вопыт паказвае цыклічнасць рэпрэсій у гэтай краіне.

Сярод шматлікіх праблем, якія ўздымае рэзалюцыя Форуму, нам уяўляецца вельмі важным тое, што ніякіх сістэмных зменаў, якія дазваляюць прадухіліць парушэнні правоў чалавека ў будучыні, не адбылося, і яскравым пацверджаннем таго былі вясновыя падзеі гэтага года, калі не толькі мірныя сходы людзей жорстка і дэманстратыўна разганяліся, але і суды, якія адбыліся ўслед за гэтым, прадэманстравалі ў чарговы раз залежнасць судовай сістэмы, судовых органаў ад выканаўчай улады. У такім кантэксце казаць пра рэальны прагрэс проста немагчыма. І нават радасць сустрэчы ўсіх замежных дэлегацый з Мінскам не можа зацямніць вось гэтага горкага пачуцця ад таго, што цалкам сфабрыкаваныя працэсы, абвінавачванні людзей на палітычных падставах, фабрыкацыя прысудаў паказваюць, што сітуацыя ніяк не змянілася”, - сказала праваабаронца.

Кіраўніца аддзела FIDH па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Саша Кулаева

Саша Кулаева адзначыла, што немагчыма не вітаць вызваленне пэўнай колькасці людзей з-за кратаў перад пачаткам сустрэчы АБСЕ, аднак само вызваленне паказвае даволі свабоднае стаўленне да судовай сістэмы:

“Не зразумела, як людзі, абвінавачаныя ў такіх сур'ёзных злачынствах, маглі так спакойна без якіх-небудзь тлумачэнняў быць адпушчаныя. Гэтак жа, як і не закрыта пытанне аб тым, як арыштаваны перад дэманстрацыяй апазіцыйны лідар Мікалай Статкевіч апынуўся ў ізалятары КДБ без якіх-небудзь тлумачэнняў і таксама без тлумачэнняў быў адтуль выкінуты, калі ўжо неабходнасць у гэтым адпала”.

Прадстаўніца Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека не пакінула без увагі і пытанне смяротнага пакарання:

“Для ўсяго рэгіёну АБСЕ гэта вельмі жорсткі выклік, паколькі толькі дзве краіны ў гэтай прасторы працягваюць практыку смяротнага пакарання. І тая залежнасць судовых інстанцый, пра якую я казала ў дачыненні да адміністрацыйных рашэнняў, таксама прасочваецца і на працягу ўсяго працэсу асуджэння чалавека да смяротнага пакарання: ад моманту затрымання да прадастаўлення адваката на ранняй стадыі, умоваў утрымання ў турме і, нарэшце, магчымасці апеляцыі, якая фактычна адсутнічае.

Гэта нешматлікія з выклікаў, якія стаяць перад тымі, хто сабраўся тут. Ёсць і іншыя не менш важныя пытанні, бо прыярытэту ў правах чалавека няма і быць не павінна, але, тым не менш, пры наяўнасці залежнасці судовай сістэмы і смяротнага пакарання як найвышэйшага парушэння права на жыццё, казаць пра прагрэс з правамі чалавека ў Беларусі яшчэ, на жаль, рана”.

Айша Юнг падкрэсліла, што Amnesty International асуджае беспрэцэдэнтную кампанію масавых арыштаў супраць пратэстоўцаў, якія мелі месца ў сакавіку і красавіку гэтага года, калі ўсе сталі сведкамі пераследу сотняў людзей па ўсё краіне, а з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў было зафіксавана празмернае ўжыванне сілы.

Прадстаўніца Amnesty International Айша Юнг

“Рэакцыя ўладаў на мірныя пратэсты была надзвычайнай нават паводле беларускіх стандартаў, калі былі парушаныя асноўныя свабоды пратэстоўцаў. Мы ведаем, што больш за 900 чалавек былі затрыманыя, у тым ліку журналісты, праваабаронцы, пратэстоўцы і нават простыя мінакі, і многія з іх былі затрыманыя папярэдне, у тым ліку праваабаронцы з “Вясны” і журналісты. Прадстаўнікі Amnesty International былі 25 сакавіка ў Беларусі і бачылі на ўласныя вочы, як пратэстуючых гвалтоўна затрымлівалі, у той час як з боку пратэстоўцаў абсалютна ніякага гвалту не было.

Шмат гадоў Amnesty International дакументуе і выказваецца супраць парушэнняў свабоды сходаў, аб'яднанняў і выказвання ў Беларусі. Гэтая апошняя хваля рэпрэсій сведчыць пра расчаравальны крок назад з боку ўладаў, у адказ на што Amnesty International узмацняе свае заклікі аб тым, што гэтыя правы павінны выконвацца і абараняцца, каб беларускія грамадзяне маглі бесперашкодна збірацца і ўдзельнічаць у мірных акцыях пратэсту”, - сказала яна.

Праваабаронца адзначыла, што у канцы гэтага года адзначаецца 40-я гадавіна кампаніі Amnesty International супраць смяротнага пакарання: 

“У гэты час мы бачылі велізарны глабальны рух да адмены смяротнага пакарання як на міжнародным узроўні, так і на пост-савецкай прасторы, і толькі Беларусь засталася адзіным выканаўцам смяротных прысудаў у Еўропе і ў былым СССР. Цытуючы міжнародную супольнасць па гэтым пытанні: «Беларусь адначасова прадэманстравала поўнае грэбаванне ў дачыненні да сваіх інстытутаў, калі ў 2016 годзе было выканана пяць смяротных прысудаў, прычым тры з гэтых справаў яшчэ знаходзіліся на разглядзе ў КПЧ». Гэта самая вялікая колькасць пакаранняў смерцю з 2008 года. Сакрэтнасць вакол смяротнага пакарання ў Беларусі з’яўляецца жорсткім абыходжаннем з сем'ямі, і Amnesty International заклікае зняць сакрэтнасць – даць магчымасць апошняй сустрэчы з асуджанымі, дакладна называць тэрміны выканання прысудаў і далей раскрываць блізкім месцы пахавання.

Пасля выканання трох прысудаў у лістападзе 2016 года  - былі расстраляныя Сяргей Хмялеўскі, Іван Кулеш, Генадзь Якавіцкі – Amnesty International распачала міжнародную кампанію, заклікаючы ўвесці неадкладны мараторый на смяротнае пакаранне. У мяне ёсць вынікі гэтай кампаніі: мы сабралі больш за 18 тысяч подпісаў з усяго свету, заклікаючы беларускія ўлады да мараторыя з мэтай далейшай поўнай адмены смяротнага пакарання. Amnesty International выступае супраць смяротных прысудаў пры любых абставінах.  

Я прыехала сюды, каб прадаставіць гэтую петыцыю беларускім уладам. Мы працягваем дамагацца адмены смяротнага пакарання ў Беларусі, і гэта будзе фокусам нашай працы ў бліжэйшыя пару гадоў”.

Нагадаем, Паралельны форум грамадзянскай супольнасці праходзіць 4 ліпеня, напярэдадні 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, і мае на мэце ўмацаваць чалавечае вымярэнне ў рэгіёне АБСЕ і пазбегнуць ігнаравання пытанняў правоў чалавека ў сітуацыі новых выклікаў у рэгіёне АБСЕ. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства