Зміцер Крэмянецкі & КДБ: слова - за судом
У судзе Маскоўскага раёна Мінска адбудзецца разгляд зыску былога фігуранта справы аб масавых беспарадках “маладафронтаўца” Змітра Крэмянецкага да Камітэта дзяржаўная бяспекі. Судовае паседжанне пачнецца ў 16-30 13 снежня.
Актывіст мае намер спагнаць з сілавога органа маральную кампенсацыю за свой незаконны арышт і ўтрыманне цягам 10 сутак у СІЗА, якое прычыніла яму маральныя пакуты. Галоўнае – каб у КДБ прызналі права Крэмянецкага на такую кампенсацыю. На думку праваабаронцаў, пытанне аб праве на кампенсацыю прычыненай маральнай альбо матэрыяльнай шкоды павінен вырашаць суд, а ніяк не орган, які ажыццяўляў крымінальны пераслед, што мела месца ў выпадку з «маладафронтаўцам”
Гісторыя з кампенсацыяй маральный шкоды пачалася яшчэ ў чэрвені, калі следчым КДБ была вынесеная пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства. У межах крымінальнай справы па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў Крэмянецкі ўтрымліваўся пад вартай у СІЗА №1 Мінска 10 сутак.
Першая скарга, якую Зміцер накіраваў у КДБ, была перанакіраваная ў Следчы камітэт. СК вынес пастанову аб прызнанні за актывістам права на кампенсацыю шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс. Але праз некаторы час там прынялі рашэнне аб неабгрунтаванасці пастановы і адмянілі яе, спаслаўшыся на тое, што не з'яўляюцца органам, які вядзе крымінальны працэс.
Затым зварот актывіста "Маладога фронту" аб кампенсацыі маёмаснага і маральнага ўрону разгледзела Генеральная пракуратура. У ходзе разгляду Генпракуратура запатрабавала і вывучыла матэрыялы крымінальнай справы, аднак, прыйшла да высновы, што прынятае 12 ліпеня 2017 года рашэнне начальнікам упраўлення СК В. Грыцам з'яўляецца законным і абгрунтаваным, а падстаў для яго адмены няма.
Разам з гэтым пракуратура спасылаецца, на тое, што разгляд пытання аб прызнанні за Дзмітрыем Крэмянецкім права на кампенсацыю маёмаснай і маральнай шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс, падлягае разгляду Камітэтам дзяржаўнай бяспекі.