СК перадумаў: Дзмітрыю Крэмянецкаму адмоўлена ў праве на кампенсацыю шкоды
Следчы камітэт адмяніў уласную пастанову аб прызнанні за актывістам Дзмітрыем Крэмянецкім права на пакрыццё шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс. Новая пастанова была вынесеная 12 ліпеня.
Пасля таго, як следчымі КДБ была вынесеная пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў ягоных дзеяннях складу злачынства, Дзмітрый Крэмянецкі звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай аб вынясенні пастановы на кампенсацыю шкоды. Актывіст перакананы, што ўтрыманне пад вартай было незаконным. Акрамя гэтага, на ўсе допыты Дзмітрыя вадзілі з апранутым на галаву чорным мяшком, што, відавочна, рабілася ў мэтах запалохвання і псіхалагічнага ціску і прычыняла яму асаблівыя пакуты, а таксама прыніжала яго чалавечую годнасць. Памер маральнай шкоды актывіст ацаніў у дзесяць тысяч рублёў.
Аднак, як вынікае з адказу начальніка ўпраўлення СК Рэспублікі Беларусь В. Грыца, які Крэмянецкі атрымаў некалькі дзён таму, следчыя прыйшлі да высновы, што ў пытанні прызнання права на кампенсацыю яны паспяшаліся:
“Вынесеная пастанова аб прызнанні за Дзмітрыем Крэмянецкім права на пакрыццё шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс, з’яўляецца неабгрунтаванай, паколькі затрыманне, заключэнне пад варту, а таксама рашэнне аб спыненні у адносінах Крэмянецкага крымінальнага пераследу здзяйснялася Камітэтам дзяржбяспекі Рэспублікі Беларусь”.
Маўляў, мы тут не прычым і з гэтым пытаннем лепей звяртацца непасрэдна ў КДБ, супрацоўнікі якога затрымлівалі актывіста. Аднак пасля перадачы КДБ вытворчасці па справе ў Следчы камітэт, менавіта апошні з’яўляецца органам крымінальнага пераследу на сенняшні дзень.
“Тут важна адзначыць, што і сама працэдура атрымання кампенсацыі шкоды, якая была нанесеная грамадзяніну органамі следства, замацаваная ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, выглядае вельмі дзіўнай: для атрымання такога права грамадзянін найперш ў дасудовым парадку павінен звяртацца ў следчы орган, які непасрэдна і ажыццяўляў ягоны крымінальны пераслед, каб апошні прызнаў такое права за грамадзянінам. Без пастановы следчага органа аб прызнанні такога права грамадзянін не можа звяртацца з іскам у суд. Трэба адзначыць, што па іншых абставінах прычынення маральнай і матэрыяльнай шкоды прадугледжаны наўпроставы судовы парадак разгляду пазову”, – каментуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.
Патрэбна дадаць, што раней Дзмітрый Крэмянецкі звяртаўся і ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі з заявай аб вынясенні пастановы на кампенсацыю шкоды, аднак безпаспяхова.
Дзмітрый Крэмянецкі разам з некаторымі іншымі “маладафронтаўцамі” быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 23 сакавіка 2017 года па падазрэнні ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». 2 чэрвеня старэйшым следчым па асабліва важных справах 1 аддзела следчага ўпраўлення КДБ А.В. Грыбам вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства.