viasna on patreon

Генадзю Фядынічу не дазволілі выехаць у Жэнэву на сустрэчу прафсаюзных лідэраў

2017 2017-11-13T08:08:59+0300 2017-11-13T08:09:08+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fiadynich-7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Генадзь Фядыніч

Генадзь Фядыніч

Сьледчы камітэт Беларусі адмовіўся выпусьціць за мяжу лідэра беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзя Фядыніча. Пра гэта Фядыніч паведаміў Свабодзе 10 лістапада.

«Сёньня я быў у Сьледчым камітэце, і там мне сказалі, што прынятае рашэньне адмовіць мне ў наведваньні Жэнэвы. Прычыну адмовы мне не назвалі. Магчыма, яна ёсьць у адказе, які пайшоў на адрас міжнароднага аб’яднаньня прафсаюзаў прамысловых рабочых IndustriALL, які ахоплівае 50 мільёнаў чалавек у 140 краінах. Менавіта яно і запрашала мяне на міжнародную сустрэчу лідэраў прафсаюзаў», — паведаміў Фядыніч.

Генэральны сакратар IndustriALL Вальтэр Санчэс раней напісаў ліст-зварот у Сьледчы камітэт. З увагі на абмежаваньні ў перамяшчэньні Фядыніча, зьвязаныя з дадзенай ім падпіскай аб нявыезьдзе, міжнародная арганізацыя давала гарантыі своечасовага вяртаньня Фядыніча ў Беларусь.

Прафсаюзны лідэр спадзяецца, што адмова Сьледчага камітэту паскорыць прыезд у Беларусь дэлегацыі міжнароднага прафсаюзу. Адпаведнае запрашэньне лідэры беларускіх незалежных прафсаюзаў накіравалі напачатку лістапада.

Сьледзтва ў справе Фядыніча і Комліка працягваецца

2 жніўня дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю правёў ператрусы ў офісе РЭП, а таксама дома ў старшыні прафсаюзу Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгальтара Ігара Комліка. Затым было абвешчана, што ў дачыненьні да абодвух заведзена крымінальная справа паводле часткі 2 артыкулу 243 (ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі.

Ігар Комлік правёў за кратамі два месяцы, Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе. Абодва лічаць сябе невінаватымі і выплачваць налічаныя ім падаткі не зьбіраюцца.

«Наша справа працягваецца, — кажа Генадзь Фядыніч. — Ідуць сьледчыя захады, асабіста я бываю ў сьледчых як найменей раз на тыдзень. Аднак камэнтаваць сытуацыю не магу, бо маю падпіску аб неразгалошваньні».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства