viasna on patreon

Баранавічы: затрыманні актывістаў, канфіскацыя тэхнікі, збіццё непаўнагадовага Дапоўнена

2017 2017-08-28T09:36:43+0300 2017-08-28T17:19:28+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sutuga_zatrymanni.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Аляксей Сутуга з паплечнікам у пастарунку. Фота pramen.io

Аляксей Сутуга з паплечнікам у пастарунку. Фота pramen.io

Як паведамілі праваабаронцам “Вясны”, 27 жніўня каля 14 гадзін у Баранавічах было затрымана 15 чалавек, якія прыйшлі на сустрэчу з былым палітвязнем Расіі, анархістам Аляксеем Сутугай.

Моладзь даставілі ў ГАУС, дзе пратрымалі ад чатырох гадзін і болей. Усіх дапыталі, як яны патрапілі на месца збора і хто з’яўляецца галоўным. На трох грамадзян Расійскай Федэрацыі склалі пратаколы па арт. 17.11 КаАП – “Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці ці прапагандуе такую дзейнасць”, бо пры іх было дзесяць асобнікаў часопіса “Аўтаном”.

Сярод затрыманых былі непаўнагадовыя, аднаго з іх моцна збілі ў пастарунку. Ён распавёў:

“Мяне забраў намеснік начальніка крымінальнага росшуку Баранавічскага ГАУС Генадзь Валуй, як я потым зразумеў – таму што я адмовіўся падпісаць пратакол. Ён вывеў мяне на калідор і пачаў распытваць у грубай форме, з якога я раёна, дзе жыву, якая ў мяне мянушка і г.д. Потым пачаў піхаць мяне абедзьвума рукамі ў спіну, калі я падымаўся па прыступках на другі паверх, завёў мяне ў кабінет, зачыніў дзверы і пачаў збіваць: адкрытай далонню па твары, па шыі, кулаком у жывот, давіў каленам на жывот, біў нагамі па нагах. Увесь час сыпаліся пагрозы, што яму дастаткова зрабіць два-тры званка і я – ніхто, мяне зловяць блатныя ў горадзе і будуць збіваць”.

Пасля катаванняў, хлопца адвялі на допыт, дзе некалькі супрацоўнікаў ціснулі на яго псіхалагічна і вымусілі падпісаць пратакол.  

Юрыстка "Вясны" Наста Лойка адзначае: 

"Нажаль, мы рэгулярна назіраем міліцэйскія "аблавы" падчас асветніцкіх мерапрыемстваў, як, да прыкладу, затрыманне на офісе "Вясны" 25 сакавіка.

Звычайна міліцыя ня можа патлумачыць неабходнасць такіх грубых дзеянняў, а вызваленне ўсіх затрыманых сведчыць пра адсутнасць дакладных прэтэнзій, таму іх можна ацэньваць толькі як міліцэйскае свавольства, пераслед за іншадумства і непрафесіяналізм з боку міліцыі".

Каля 21-й гадзіны ўсіх затрыманых выпусцілі. Аляксея Сутугу і двух яго паплечнікаў з Расіі спрабавалі пасадзіць на цягнік да Мінска, але ў выніку таксама адпусцілі. У іх адабралі аўтамабіль, усе тэлефоны, відэакамеру і нават паўэр-банк. Анархісты сцвярджаюць, што ні на што не былі аформленыя пратаколы канфіскацыі. З гэтай нагоды яны пакінулі заявы ў кнізе скаргаў ГАУС.

З офісу, дзе адбывалася сустрэча, без складання пратаколаў вымання былі канфіскаваныя праектар, прынтар і кнігі.

Як высветлілася, на актывістаў з Баранавічаў пратаколы не складаліся, грамадзяне Расіі ўжо вярнуліся на радзіму, але аўтамабіль ім не вярнулі. Аднак скаргу, якую яны пакінулі, ГАУС будзе разглядаць. Па факту канфіскацыі маёмасці ў офісе - складзены пратакол. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства