Генпракуратура: прызнаць прычыненне шкоды Дзмітрыю Крэмянецкаму павінен КДБ
Генеральная пракуратура разгледзела зварот актывіста "Маладога фронту" Дзмітрыя Крэмянецкага аб кампенсацыі маёмаснага і маральнага ўрону за ўтрыманне яго пад вартай па падазрэнні ў арганізацыі масавых беспарадкаў.
У ходзе разгляду Генеральная пракуратура запатрабавала і вывучыла матэрыялы крымінальнай справы, аднак, прыйшла да высновы, што прынятае 12 ліпеня 2017 года рашэнне начальнікам упраўлення СК В. Грыцам з'яўляецца законным і абгрунтаваным, а падстаў для яго адмены няма.
У сваім адказе дзяржорган спасылаецца, на тое, што разгляд пытання аб прызнанні за Дзмітрыем Крэмянецкім права на кампенсацыю маёмаснай і маральнай шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс, падлягае разгляду Камітэтам дзяржаўнай бяспекі, так як затрыманне, заключэнне пад варту, а таксама спыненне крымінальнага пераследу здзяйснялася супрацоўнікамі КДБ.
«Генеральная пракуратура прыняла палавіністае рашэнне, бо з аднаго боку вызначыла, што разгляд пытання аб кампенсацыі шкоды адносіцца да кампетэнцыі КДБ, але з іншага боку - не прыняла акт пракурорскага рэагавання, які б ускладаў на КДБ абавязкі па кампенсацыі шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс.
Па гэтым факце ўжо рыхтуецца адпаведная скарга», - распавёў юрыст ПЦ "Вясна" Аляксей Лойка.
Нагадаем, першапачаткова Дзмітрый Крэмянецкі накіроўваў скаргу ў КДБ, аднак яна была перанакіраваная ў Следчы камітэт. СК у сваю чаргу вынес пастанову аб прызнанні за актывістам права на кампенсацыю шкоды, прычыненай незаконнымі дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс. Аднак, затым у СК вельмі хутка прыйшлі да высновы аб неабгрунтаванасці вынесенай пастановы і адмянілі яе, спаслаўшыся на тое, што не з'яўляюцца органам, які вядзе крымінальны працэс.
Дзмітрый Крэмянецкі разам з некаторымі іншымі “маладафронтаўцамі” быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 23 сакавіка 2017 года па падазрэнні ў «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». 2 чэрвеня старэйшым следчым па асабліва важных справах 1 аддзела следчага ўпраўлення КДБ А.В. Грыбам вынесена пастанова аб спыненні крымінальнага пераследу ў дачыненні да «маладафронтаўца» за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства.