viasna on patreon

Гарадзенскі абласны суд змяніў гнеў на міласць да Наталлі Буданавай

2017 2017-06-09T10:53:03+0300 2017-06-09T11:24:48+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/budanava.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Наталля Буданава

Наталля Буданава

Суддзя Гарадзенскага абласнога суда Ігар Собалеў разгледзеў скаргу Наталлі Буданавай на пастанову суда Ваўкавыскага раёна, згодна з якой жанчына была прыцягнута да штрафу ў 13 базавых велічынь за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Вывучыўшы матэрыялы справы, довады скаргі суддзя палічыў, што пастанова падлягае змяненню, аднак не поўнай адмене.

Так суд адзначыў, што ўдзел Буданавай ў несанкцыянаваным мерапрыемстве падцвердзілі сведкі-міліцыянты, іх паказанні судом Ваўкавыскага раёна былі правільна прызнанымі дакладнымі, дапушчальнымі доказамі. Адсутнасць дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства 25 і 26 сакавіка 2017 года падцверджана паведамленнем з Ваўкавыскага райвыканкама.

Суддзя Ігар Собалеў вырашыў, што спасылкі Буданавай на парушэнне яе канстытуцыйных правоў і міжнародных нормаў з’яўляюцца безпадстаўнымі, паколькі жанчына парушыла парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, замацаваны ў адпаведным законе – “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Такім чынам, суд ацаніў сукупнасць ўсіх доказаў і прыйшоў да высновы пра даказанасць віны Наталлі Буданавай у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння па ч.1. арт. 23.34 КаАП.

Разам з тым, Ігар Собалеў палічыў, што пры вызначэнні спагнання не ў поўнай меры былі ўлічаныя дадзеныя пра асобу абвінавачанай, а менавіта, што жанчына раней не прыцягвалася да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.

“Аднак судом не абмяркоўвалася пытанне пра магчымасць назначэння спагнання ў выглядзе папярэджання і без дастатковых на тое падставаў прызначана спагнанне ў выглядзе штрафа, якое не можа быць прызнанае справядлівым у сілу сваёй празмернай строгасці”, - адзначыў суддзя ў сваём рашэнні.

І пастанавіў змяніць рашэнне суда Ваўкавыскага раёна ў адносінах да Наталлі Буданавай, замяніўшы прызначанае спагнанне ў выглядзе штрафа на папярэджанне. У астатняй частцы пастанову пакінуць без зменаў, а скаргу – без задавальнення.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства