viasna on patreon

“Убачымся на вуліцах”. Майна Кіяі завяршыў працу на пасадзе спецдакладчыка ААН

2017 2017-05-30T13:56:00+0300 2017-05-30T14:51:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/maina_kiai-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Апошні даклад, падрыхтаваны Майна Кіяі ў якасці спецдакладчыка па свабодзе мірных сходаў і асацыяцыі, на 35-й сесіі Савета па правах чалавека ААН у чэрвені будзе прадстаўляць яго пераемніца Аналіза Чампі (Італія). Даклад прысвечаны ролі грамадзянскай супольнасці ў змене грамадства да лепшага.

Ці зрабіла грамадзянская супольнасць свет лепшым? Дзе і калі грамадзянская супольнасць мела канкрэтныя і бачныя дасягненні? Якім бы выглядаў свет без грамадзянскай супольнасці? Гэта асноўныя пытанні, да якіх Спецыяльны дакладчык па правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі, Майна Кіяі, звяртаецца ў сваім апошнім тэматычным дакладзе Савету па правах чалавека ААН. “Уявіце сабе свет без грамадзянскай супольнасці”, - піша ён. “Гэты свет змрочны”.

Апошні даклад Майна Кіаі для СПЧ ААН
Апошні даклад Майна Кіяі для Савета па правах чалавека ААН

За шэсць гадоў на пасадзе спецдакладчыка сп. Кіяі падрыхтаваў шэсць дакладаў Савету па правах чалавека і чатыры - Генеральнай Асамблеі ААН. У іх разглядаюцца эфектыўныя метады прасоўвання права на мірныя сходы і асацыяцыю, права грамадзянскай супольнасці на доступ да фінансавання, пагрозы ў дачыненні да ўразлівых групаў, права на сходы і асацыяцыю ў кантэксце прыродных рэсурсаў, пытанні фундаменталізму, пазітыўнага ўнёску грамадзянскай супольнасці, а таксама праблемы, датычныя выбараў і працоўных правоў. Таксама ён, разам з былым Спецыяльным дакладчыкам па пытанні аб пазасудовых і адвольных пакараннях смерцю Крыстафам Хэйнзам, з'яўляецца сааўтарам даклада, у якім даюцца практычныя рэкамендацыі па кіраванні сходамі.

У межах свайго мандата спецдакладчык таксама апублікаваў шэраг дадатковых матэрыялаў, у тым ліку інфармацыйныя бюлетэніштогадовыя справаздачы, плакаты, а таксама анлайн зборнік прававых аргументаў для выкарыстання ў судовых справах, звязаных з свабодай сходаў і асацыяцыі. Зборнік з’яўляецца працягам праекта, у межах якога сп. Кіяі выступаў у шэрагу працэсаў, звязаных з правамі на сходы і асацыяцыю ва ўсім свеце.

Падчас сваёй працы Майна Кіяі наведаў з афіцыйным візітам восем краінаў: Грузію, Вялікабрытанію (двойчы), Руанду, Аман, Казахстан, Чылі, Рэспубліку Карэю і Злучаныя Штаты Амерыкі. Па стане на 30 красавіка яшчэ 10 запрашэнняў знаходзіліся на разглядзе спецдакладчыка. Сярод краінаў, якія яго запрасілі, ёсць Азербайджан, Кыргызстан, Венгрыя, Туніс.

Беларусь жа значыцца ў групе тых краінаў, якім спецдакладчык накіроўваў запыт на наведванне. Да афіцыйнага Мінска сп. Кіяі з такім запытам звяртаўся двойчы - у 2011 і 2013 гадах, аднак не атрымаў запрашэння ў краіну. Тым часам камунікацыю са спецдакладчыкам актыўна падтрымлівалі праваабарончыя арганізацыі, інфармуючы пра факты парушэнняў свабоды мірных сходаў і асацыяцый у краіне. Апошняе такое паведамленне Праваабарончы цэнтр “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіроўвалі спецдакладчыку напрыканцы сакавіка і датычылася яно затрымання назіральнікаў, праваабаронцаў і журналістаў у офісе “Вясны” ў Дзень Волі. Майна Кіяі тады падтрымаў заяву спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харасці з нагоды ўзнаўлення ўладамі масавых рэпрэсій супраць мірных дэманстрантаў, няўрадавых арганізацый, журналістаў і палітычных апанентаў.

Развітальны постэр Майна Кіяі
Развітальны постэр Майна Кіяі: "Нарэшце, скончылася - цяпер я магу выходзіць і пратэставаць?"

Працу ў якасці спецдакладчыка ААН па свабодзе мірных сходаў і асацыяцыі сп. Кіяі завяршыў 30 красавіка, паўнамоцтвы яго пераемніцы спн. Чампі ўступілі ў сілу 1 траўня.

У адкрытым лісце, апублікаваным 1 траўня, былы спецдакладчык падзякаваў усім, хто спрычыніўся да працы мандата.

“Менавіта вашая праца, дапамога і адданасць дазволілі зрабіць так шмат у першыя шэсць гадоў існавання мандата”, — напісаў ён у сваім лісце. “Вашыя намаганні сапраўды зрабілі мандат пасрэднікам народа, які ён павінен прадстаўляць”.

“Я вельмі добра ведаю, што цяпер прыйшлі асабліва цяжкія часы для тых з нас, хто працуе ў галіне правоў чалавека. Калі гэта можа быць суцяшэннем, ведайце, што вы не самотныя. І ведайце, што, хаця я больш і не з’яўляюся спецдакладчыкам, я не пакідаю наша змагання. Наадварот, я буду разам з вамі — на нашых акцыях пратэсту, у нашым грамадстве, у калідорах улады. Убачымся на вуліцах”.

Нагадаем, мандат гэтага тэматычнага спецдакладчыка быў створаны Саветам па правах чалавека ў верасні 2010 года і двойчы падаўжаўся - у 2013 і 2016 гадах. Пры стварэнні мандата ў 2010 годзе Савет прызнаў, што права на свабоду сходаў і асацыяцыі з'яўляецца важным кампанентам дэмакратыі, і заклікаў дзяржавы выконваць і ў поўнай меры абараняць права ўсіх людзей збірацца мірна і свабодна ўтвараць асацыяцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства