Спецдакладчыка ААН па свабодзе мірных сходаў праінфармавалі аб затрыманні назіральнікаў за акцыяй да Дня Волі
Беларускі Хельсінкскі Камітэт і Праваабарончы цэнтр "Вясна" 28 сакавіка накіравалі Спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытаннях аб свабодзе мірных сходаў і свабодзе асацыяцый Майна Кіяі сумеснае паведамленне, у якім праінфармавалі аб затрыманні 25 сакавіка ў офісе "Вясны" назіральнікаў, праваабаронцаў і журналістаў, якія збіраліся для каардынацыі дзеянняў па назіранні за масавай акцыяй да Дня волі.
Гаворка ідзе пра 57 затрыманых, сярод якіх было 40 назіральнікаў грамадзянскага кантролю, акрэдытаваных ад БХК, а таксама праваабаронцы і журналісты, у тым ліку замежныя грамадзяне.
У паведамленні спецдакладчыку праваабаронцы апісваюць падрабязнасці затрымання - агрэсіўныя паводзіны супрацоўнікаў АМАПу пры пранікненні ў офіс, ужыванне фізічнай сілы ў дачыненні да некаторых затрыманых.
Таксама праваабаронцы тлумачаць, як атрымалася, што акцыя ў Дзень Волі была несанкцыянаваная сталічнымі ўладамі, і апісваюць падзеі, якія разгортваліся падчас шэсця па праспекце Незалежнасці на адрэзку ад Акадэміі навук да плошчы Якуба Коласа. Пры гэтым праваабаронцы адзначаюць, што акцыя насіла мірны характар, колькасць яе ўдзельнікаў вызначыць было складана, паколькі было шмат мінакоў, якіх праваахоўныя органы таксама затрымлівалі, і затрыманні былі адвольнымі і беспарадкавымі. У выніку было затрымана каля 700 чалавек, у тым ліку выпадковыя людзі, большасць з іх былі адпушчаныя ў той жа дзень, а над астатнімі 27 сакавіка адбыліся адміністрацыйныя суды. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, раённымі судамі Мінска за дзень было асуджана больш за 140 чалавек.
Нагадаем, напярэдадні спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаш Харасці асудзіў аднаўленне масавага гвалту супраць мірных дэманстрантаў і запатрабаваў ад уладаў Беларусі вызваліць усіх затрыманых. Яго заяву падтрымалі іншыя спецдакладчыкі ААН - па пытанні аб становішчы праваабаронцаў Мішэль Форст, па пытанні свабоды меркаванняў і іх выказвання Дэвід Кей і па пытанні свабоды мірных сходаў і асацыяцый Майна Кіяі.