viasna on patreon

Забарона патрапіць у прыбіральню - новы від катаванняў для арыштаваных?

2017 2017-05-30T13:38:37+0300 2017-05-30T13:43:21+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kulakou-nuob7.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Кулакоў. Фота: "Наша ніва".

Леанід Кулакоў. Фота: "Наша ніва".

Фактамі жорсткіх і прыніжаючых годнасць відаў абыходжання з адміністрацыйна арыштаванымі ў апошні час нікога ў Беларусі не здзівіш. Асабліва пасля масавых сакавіцкіх акцый пратэсту, калі іх удзельнікаў каралі арыштамі і змяшчалі ў ізалятары часовага ўтрымання і цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Інфармацыя арыштаваных аб умовах утрымання была пакладзеная ў аснову “Аналітычнага агляду па ўмовах утрымання адміністрацыйна арыштаваных за мірныя акцыі ў сакавіку 2017 года” ў Мінску".

Аднак гісторыя, пра якую праваабаронцам распавёў актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Леанід Кулакоў уражвае сваім цынізмам і бесчалавечнасцю.

Леаніда Кулакова затрымалі пад час святкавання ў Мінску Дня Волі і да суда змясцілі ў ЦІП на Акрэсціна. Раніцай 27 сакавіка некалькі затрыманых адканваявалі ў суд Савецкага раёна. Разгляд адміністратыўных спраў расцягнуўся на цэлы дзень і толькі ў 18 гадзін тых, каго суд пакараў арыштамі, прывезлі назад у ЦІП. Але з аўтазака па нейкай тэхнічнай прычыне некаторы час не выпускалі.

Атрымалася, што ад самага ранку і да вечара ў Леаніда Кулакова не было аніякай магчымасці скарыстацца прыбіральняй. Зразумела, што ўрэшце з’явілася пільная неабходнасць справіць малую патрэбу.

– Я стаў прасіць канваіраў, якія знаходзіліся непасрэдна ў аўтазаку, каб мне дазволілі патрапіць у прыбіральню. Але нягледзячы на настойлівыя і неаднаразовыя просьбы, мне некалькі разоў адмаўлялі і нават папярэдзілі, што калі я спраўлю патрэбу проста ў стакане аўтазака, дык яны прыбяруць лужыну маім целам, – распавядае актывіст.

– Такое катаванне працягвалася працяглы час. Урэшце рэшт канвойныя прапанавалі вызваліць пластыкавую бутэльку з-пад вады і справіць у яе натуральную патрэбу. У мяне не было іншага выйсця, як на вачах у супрацоўнікаў міліцыі, у тым ліку двух жанчын, а таксама іншых арыштаваных, прычым знаёмых, зрабіць гэта ў нязручных і непрыстасаваных умовах.

На дзеянні, ці хутчэй бяздзеянне, супрацоўнікаў сталічнай міліцыі, актывіст падаў скаргу на імя начальніка ГУУС Менгарвыканкама.

Ён справядліва лічыць, што такія нялюдскія адносіны супрацоўнікаў міліцыі нанеслі яму маральныя і фізічныя пакуты, зняважылі яго як чалавека, прымусіўшы спраўляць натуральную патрэбу пры непасрэднай блізкасці іншых людзей.

Леанід Кулакоў просіць начальніка мінскай міліцыі правесці праверку па факце бесчалавечных і прыніжаючых годнасць адносінаў, устанавіць асоб, вінаватых у прычыненні яму фізічных і маральных пакутаў, а таксама выправіць падобныя недахопы, каб такія сітуацыі больш не ўзнікалі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства