viasna on patreon

Аналітычны агляд па ўмовах утрымання адміністрацыйна арыштаваных за мірныя акцыі ў сакавіку 2017 года ў Мінску (інфаграфіка)

2017 2017-05-26T11:55:22+0300 2017-08-31T13:37:27+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/umovy_utrymannia-tytul.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

I. ВЫСНОВЫ

Адміністрацыйна арыштаваныя ўдзельнікі мірных дэманстрацый у Мінску ўтрымліваліся ва ўмовах, процілеглых абавязкам дзяржавы, замацаваным у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародных дакументах.

Такія ўмовы ўтрымання мелі форму жорсткага, бесчалавечнага, прыніжальнага абыходжання, што забаронена Міжнародным Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання.

II. МЕТАДАЛОГІЯ

Апісанне ўмоваў утрымання і статыстычная інфармацыя прыводзяцца паводле вынікаў апытання асобаў, якія звярнуліся ў грамадскую прыёмную Праваабарончага цэнтра “Вясна”. Звесткі сабраныя ад 130 чалавек, якія адбывалі адміністрацыйны арышт у перыяд з 15 сакавіка па 19 красавіка. Адміністрацыйна затрыманыя і арыштаваныя ўтрымліваліся ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама (надалей — ЦІП), у суседнім будынку ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама, а таксама 60 арыштаваных перад 25 сакавіка былі перавезеныя ў ІЧУ ГАУС г. Жодзіна.

Апытанне праводзілася па загадзя падрыхтаванай метадалогіі — анкеце, распрацаванай для комплекснага даследавання заканадаўчых і правапрымяняльных аспектаў адміністратыўнага працэсу.

Аб’ектам аналізу былі:

  • магчымасць азнаямлення адміністрацыйна арыштаваных са сваімі правамі і абавязкамі;
  • працэдура медыцынскага агляду і аказання медыцынскай дапамогі;
  • паведамленне блізкім пра месцазнаходжанне затрыманых і прыём перадач;
  • санітарны стан месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту;
  • магчымасць рэалізацыі свайго права на абскарджванне судовай пастановы.

III. АПІСАННЕ ВЫНІКАЎ

У 83% выпадкаў адміністрацыйна арыштаваныя не былі азнаёмленыя са сваімі правамі і абавязкамі, рэжымам утрымання, парадкам падачы хадайніцтваў, прапаноў, заяваў і скаргаў. Тым самым адміністрацыйныя органы парушалі правілы ўнутранага распарадку. У іншых выпадках правілы выконваліся фармальна, у выніку чаго ў затрыманых былі складанасці з разуменнем іх правоў і абавязкаў (такіх 9%). Пры паступленні ў ІЧУ ГАУС г. Жодзіна правы не тлумачыліся ў 60% выпадкаў; пры паступленні няпоўнымі і незразумелымі правы былі для 10% апытаных.

Выклікае сур’ёзныя пытанні фармальнае стаўленне супрацоўнікаў месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту да працэдуры медыцынскага агляду грамадзян, якія да іх паступілі.

33% увогуле не праходзілі працэдуру медыцынскага агляду, 23% былі апытаныя медыцынскім работнікам. У сувязі з канвеерным характарам паступлення ўдзельнікаў мірных сходаў, супрацоўнікі месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту з парушэннем выконвалі працэдуру медыцынскага агляду альбо не выконвалі яе зусім. Пры паступленні ў ІЧУ ГАУС г. Жодзіна медыцынскі агляд не праводзіўся ў 35% выпадкаў. На наяўнасць скаргаў па стане здароўя былі апытаныя 30%.

Парушаліся правы затрыманых і адміністрацыйна арыштаваных, калі яны звярталіся да супрацоўнікаў месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту са скрагамі на стан здароўя. Зафіксаваныя факты, калі адміністрацыя месцаў адбывання арышту ігнаравала просьбы выклікаць брыгаду хуткай медыцынскай дапамогі (17%). У ІЧУ ГАУС г. Жодзіна было адмоўлена ў медыцынскай дапамозе 13% рэспандэнтаў.

Таксама супрацоўнікі месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту, парушаючы працэсуальнае заканадаўства, у 79% выпадкаў не паведамлялі блізкім і родным затрыманых пра іх затрыманне, у той час як адпаведна з працэсуальнымі нормамі яны абавязаныя зрабіць гэта цягам трох гадзінаў. 75% апытаных адзначылі, што падчас транспартавання адміністрацыйна затрыманых ў Жодзінскі ізалятар службовыя асобы органаў унутраных спраў не паведамілі іх родным і блізкім пра змену месца адбыцця адміністрацыйнага арышту.

Падчас апытання 72% рэспандэнтаў паказалі, што не былі забяспечаныя своечасовым харчаваннем да пачатку адбыцця арышту. 87% грамадзян засведчылі недастатковасць і нездавальняльную якасць ежы. Грубым парушэннем правілаў унутранага распарадку з’яўляюцца факты раздачы ежы самімі адміністрацыйна арыштаванымі. Праваабаронцы зафіксавалі 5 такіх фактаў.

60 адміністрацыйна арыштаваных напярэдадні Дня волі, 24 сакавіка, і пасля судоў 25 сакавіка былі транспартаваныя ў ІЧУ ГАУС г. Жодзіна, дзе ўтрымліваліся да сканчэння тэрміну арышту. Самое транспартаванне ў ІЧУ ГАУС г. Жодзіна заняло некалькі гадзін, цягам якіх адміністрацыйна арыштаваныя ўтрымліваліся ў надзвычай сцесненых умовах, без доступу да свежага паветра, без пітной вады, ежы і магчымасці наведаць туалет. У ІЧУ ГАУС г. Жодзіна адміністрацыйна арыштаваныя пад уціскам і без тлумачэнняў падвяргаліся працэдуры аналіза ДНК. Таксама асаблівасцю камер у ІЧУ ГАУС г. Жодзіна з’яўляецца немагчымасць захаваць інтымнасць падчас наведвання туалета: санвузел праглядаўся як з камеры, так і супрацоўнікамі ІЧУ. Адміністрацыйна арыштаваныя скардзіліся на антысанітарныя ўмовы ўтрымання: сырыя брудныя камеры, адсутнасць вентыляцыі, жудасны пах каналізацыі ў камерах, немагчымасць адчыніць вакно, цвіль на сценах, брудная бялізна з падцёкамі і паразітамі, а таксама паразіты і мышы ў саміх камерах.

Адміністрацыйна арыштаваныя выказалі вялікую колькасць скаргаў датычна працы вентыляцыі (66%), санітарнага стану камер (52%). Пры адбыцці арышту ў ІЧУ ГАУС г. Жодзіна на санітарны стан паскардзілася 63% апытаных.

Правы адміністрацыйна арыштаваных парушаліся таксама датычна перадач ад блізкіх сваякоў. У шэрагу выпадкаў перадача не супадала са спісам (11%) альбо яе не атрымлівалі ўвогуле (10%). Пры адбыцці адміністрацыйнага арышту ў Жодзінскім ізалятары не атрымалі перадачу 5% апытаных.

Толькі 21% апытаных маглі без перашкодаў рэалізаваць сваё права на тое, каб судовае рашэнне датычна яго было перагледжанае вышэйстаячай інстанцыяй адпаведна з законам. Пры адбыцці арышту ў ІЧУ ГАУС г. Жодзіна 56% апытаных не мелі магчымасці скарыстацца сваім правам на зварот у суд са скаргай на пастанову суда альбо на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. 27% рэспандэнтаў не мелі доступу да адваката. Таксама адсутнасць доступу да адваката паслужыла прычынай таго, што некаторыя не абскардзілі пастанову аб прыцягненні іх да адміністрацыйнай адказнасці, тым самым застаўшыся без магчымасці скарыстаць сваё права на абскарджванне судовай пастановы.

IV. НАРМАТЫЎНАЕ РЭГУЛЯВАННЕ

Артыкул 5 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, артыкул 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных альбо прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання пастанаўляюць, што ніхто не павінны падвяргацца катаванням альбо жорсткім, бесчалавечным ці прыніжаючым яго годнасць абыходжанню ці пакаранню.

Артыкулам 21 Канстытуцыі ўстаноўлена, што забеспячэнне правоў і свабодаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Кожны мае права на годны ўзровень жыцця і дастатковае харчаванне, адзенне, жытло, а таксама пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоваў.

У артыкуле 25 Канстытуцыі замацавана, што дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. Ніхто не павінны падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму альбо прыніжаючаму яго годнасць абыходжанню ці пакаранню.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе права на ахову здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзянаў медыцынскага абслугоўвання (артыкул 45); дзяржава абавязаная прымаць усе дасяжныя ёй захады для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабодаў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверанае выкананне дзяржаўных функцый, абавязаныя ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя захады для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў асобы (артыкул 59).

У артыкуле 62 Канстытуцыі замацаванае права грамадзянаў на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны сваіх правоў і свабодаў.

V. РЭКАМЕНДАЦЫІ

1. Міністэрству ўнутраных справаў: ініцыяваць змяненні правілаў унутранага распарадку месцаў адбывання адміністрацыйнага арышту, зрабіць іх больш адаптаванымі да чалавечых патрэбаў з тым, каб кожны мог рэалізаваць свае правы, а таксама з тым, каб выключыць у далейшым факты жорсткага і прыніжаючага чалавечую годнасць стаўлення.

2. Галоўнаму дзяржаўнаму санітарнаму ўрачу Міністэрства аховы здроўя: правесці праверку санітарных умоваў у месцах адбыцця адміністрацыйнага арышту.

3. Пракуратуры: правесці праверку месцаў адбыцця адміністрацыйнага арышту з указаннем нормаў іх напаўняльнасці, праверыць магчымасць і даступнасць для адміністрацыйна арыштаваных абскарджвання дзеянняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і судовых пастановаў, ліквідаваць перашкоды для доступу адваката да адміністрацыйна арыштаваных.

Інфаграфіка - дызайнерка Надзея Шымбалёва, збор і апрацоўка іфармацыі - Валанцёрская служба "Вясны".


Маніторынг і падрыхтоўка аналітычнага агляду ажыццяўляліся ў межах сумеснай ініцыятывы “Грамадскі ўдзел”. Партнёрства аб’ядноўвае намаганні грамадскіх арганізацый і ініцыятываў для павелічэння ўдзелу насельніцтва ў грамадскай дзейнасці і кшталтавання грамадзянскай супольнасці. 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства