Чарговыя касацыйныя суды па скаргах Андрэя Бандарэнкі на спагнанні
На 22 сакавіка на 10.00 прызначаны касацыйны разгляд у Магілёўскім абласным судзе скаргі Андрэя Бандарэнкі на вынесенае спагнанне, якое тычылася таго, што ён не трымаў рукі за спіной, за што яго пазбавілі адзінага спаткання.
А 27 сакавіка ў 10.00 той жа суд разглядзіць ў касацыйным парадку скаргу зняволенага на пастаноўку яго на прафілактычны ўлік як асобы, «схільнай да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў», на які ён быў пастаўлены яшчэ ў Шклоўскай калоніі.
Раней Андрэй Бандарэнка спрабаваў абскардзіць рашэнне калоніі праз Дэпартамент выканання пакаранняў і абласную пракуратуру, аднак абедзве інстанцыі яму адмовілі. Пасля гэтага ён звярнуўся ў Генеральную пракуратуру, але і там рашэнне адміністрацыі Шклоўскай ПК №17 пакінулі ў сіле.
16 студзеня скаргу разглядаў суд Шклоўскага раёна, аднак і гэта не дало плёну: суддзя Святлана Баранцава пастанавіла адмовіць у задавальненні скаргі, бо, на яе думку, быў прапушчаны тэрмін абскарджвання.
Нагадаем, папярэдняе расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Андрэя Бандарэнкі па абвінавачванні яго па ч.2 арт. 411 КК (“Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”) завершана.
9 лютага ў судзе Ленінскага раёна Магілёва прайшло папярэдняе паседжанне, па выніках якога справу вярнулі на дапрацоўку ў пракуратуру.
У выпадку асуджэння А. Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.
Андрэй Бандарэнка – былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.