viasna on patreon

Гвалт у Гомельскім СІЗА: ці прыме суд да ўвагі рашэнні пракуратур?

2017 2017-03-03T11:13:58+0300 2017-03-03T11:31:13+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/siza-5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прыёмная маці непаўналетняга Віталя Г., які мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця і знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачванні ў гвалтоўных дзеяннях у дачынені да малалетняга, атрымала адказы на свае скаргі з пракуратуры г. Гомеля і пракуратуры Цэнтральнага раёна г. Мінска.

Так, пракуратура г. Гомеля палічыла, што праверка па фактах гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да Віталя Г. у СІЗА была няпоўнай, і адмяніла пастанову Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а саму праверку аднавіла.

Пракуратура Цэнтральнага раёна г. Мінска, у сваю чаргу, палічыла, што вынесенае УУС адміністрацыі Цэнтральнага раёна г. Мінска пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце прычынення цялесных пашкоджанняў Віталю Г. у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя падлягае адмене ў сувязі з непаўнатой праведзенай праверкі. І накіравала матэрыялы праверкі з пісьмовымі ўказаннямі начальніку УУС для арганізацыі правядзення дадатковай праверкі.

Аднак, нягледзячы на незавершанасць праверак, што праводзяцца, 29 снежня 2016 года адбыўся суд у г. Гомелі, які вынес Віталю Г. прысуд у 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі для непаўналетніх і там жа прызначыў яму лячэнне.

«Я была відавочцам супрацьпраўных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманні Віталя, але я ні разу не была дапытаная ў судзе, таксама мне не далі выступіць з апошнім словам.

Асноўныя доказы віны майго прыёмнага сына былі атрыманы ў выніку гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да яго, і мы вельмі спадзяемся, што правядзенне дадатковых праверак і, як следства, ўзбуджэнне крымінальных спраў памяняе сітуацыю», - распавяла Марына К.

Жанчына адзначае, што суд палічыў, што праверкі, якія праводзяцца, па яе скаргах, не маюць дачынення да справы, аднак, асноўнымі сведкамі па справе праходзяць тыя, хто здзяйсняў гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да яе прыёмнага сына, якія ў сваю чаргу знаходзяцца ў прамой залежнасці ад той жа структуру СІЗА, ад пракурора.

«Сведак-відавочцаў злачынства няма, доказаў па справе таксама няма, усе камісіі і экспертызы, якія праводзіліся над пацярпелым па справе паказалі, што ён чысты: няма рубцоў, якія былі б пры разрывах такога роду. Практолаг ў судзе не раз заяўляў, што павінны былі застацца сляды гвалтоўных дзеянняў, але іх няма.

А па фактах гвалту ў адносінах да майго сына ніякіх экспертыз за ўвесь час праведзена не было, хоць мы прасілі шмат разоў аб прызначэнні камісіі для такой экспертызы. Калі Віталя адправілі ў Навінках, пры прыёме - былі знойдзеныя сляды збіцця тыднёвай даўнасці, але суд і іх адхіляе, як тыя, што не маюць значэння», - падкрэслівае Марына К.

3 сакавіка адбудзецца пасяджэнне суда Гомельскай вобласці ў касацыйным парадку. Жанчына плануе заявіць хадайніцтва аб прызначэнні паўторнай экспертызы па вызначэнні фактычнага ўзросту Віталя Г., каб зразумець ці адпавядае ўзрост яго развіцця таму, які пазначаны ў пашпарце.

Аднак, незразумела ці ўлічыць суд рашэнні аб аднаўленні пракуратурай г. Гомеля і пракуратурай Цэнтральнага раёна г. Мінска праверак па фактах гвалтоўных дзеянняў у СІЗА г. Гомеля і ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя адпаведна.

«Хацелася б спадзявацца, што суд прыме да ўвагі ўсе гэтыя факты, якія ў нас у справе існуюць, - гвалту над Віталём і прычыненых яму цялесных пашкоджанняў, задаволіць нашы хадайніцтвы», - кажа Марына К.

Прыёмная маці таксама перажывае і за фізічны стан свайго сына. Віталь Г. ўжо год знаходзіцца без адпаведнага лячэння, ён страціў больш за палову масы цела, акрамя таго пры пагаршэннi умоў пагаршаецца і псіхічнае засмучэнне непаўналетняга. Цяпер ён можа страціць і працаздольнасць.

Нагадаем, сямнаццацігадовы Віталь, які мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця (дэменцыя, якая развілася ў выніку чэрапна-мазгавой траўмы), знаходзіцца пад вартай у якасці абвінавачанага ў сэксуальным дамаганні, якое нібыта мела месца ў канцы 2015 года. Гэтая гісторыя падрабязна была апісана ў матэрыяле "Гомель: сэксуальны гвалт над хворым падлеткам у СІЗА".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства