viasna on patreon

Гомель: Сэксуальны гвалт над хворым падлеткам у СІЗА

2016 2016-05-30T10:55:52+0300 2016-05-30T10:56:49+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/siza-gomel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
СІЗА ў Гомелі. Фота gomel.today

СІЗА ў Гомелі. Фота gomel.today

У Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнулася жыхарка Гомеля Марына К. Гісторыя, пра якую не хаваючы сваёй трывогі і адчаю распавяла жанчына, закранае праблему сэксуальнага гвалту ў месцах прымусовага ўтрымання і патрабуе тэрміновага ўмяшальніцтва праваабаронцаў.

17-гадовы прыёмны сын гамяльчанкі Марыны Віталь з-за асаблівасцей свайго здароўя (дэменцыя, альбо ўстойлівае збядненне і спрашчэнне псіхічнай дзейнасці,) патрапіў напрыканцы 2015 года ў Цэнтр рэабілітацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. І вось там, ягоны сусед па палаце паскардзіўся доктару на нібыта сэксуальнае дамагальніцтва і прыставанне з боку Віталя. Бацькі абодвух падлеткаў, паразважаўшы, спісалі гэты канфлікт на фантазіі сваіх дзяцей.

Аднак гісторыя атрымала нечаканы працяг праз некалькі месяцаў. У лютым, позна вечарам на кватэру да Марыны прыехалі супрацоўнікі міліцыі і, зневажаючы жанчыну, загадалі збірацца хвораму сыну. Маці паехала следам за імі ў Гомельскі раённы аддзел следчага камітэта,  пры гэтым папярэджвала следчых, што ў сына могуць быць сутаргі, што яму патрэбныя лекі, што ён хворы. Аднак яе словы былі праігнараваныя, а жанчыне параілі ня лезці не ў сваю справу. У Следчым камітэце Віталя апыталі следчыя, і, карыстаючыся яго бездапаможным станам з-за псіхічнай хваробы, запалохваннем прымусілі падпісаць нейкія паперы. Як пазней аказалася, гэта была яўка з павіннай.

Наступным днём допыт працягнуўся ў прысутнасці адваката. Сына ізноў пры гэтым запалохвалі.

15 лютага пракурор вынес пастанову аб прад’яўленні абвінавачання і Віталя змясцілі пад варту. Марына пісала скаргі, каб сына змясцілі ў псіхіятрычную клініку з-за дэменцыі, якая развілася ў выніку чэрапна-мазгавой траўмы. Аднак безвынікова. За гэты час паспела змяніцца некалькі следчых.

Хворы падлетак правёў у СІЗА 3 тыдні, пакуль ягоная маці дамагалася атрымаць дазвол на спатканне. Тое, што яна пабачыла і пачула 27 лютага пад час спаткання зрынула яе ў жах. Сын выглядаў змучаным, былі заўважныя гематомы і сінякі, галава апухлая, ён стаў заікацца. Віталь паведаміў, што яго ў камеры гвалцяць і яшчэ пагражаюць пры гэтым:

“Ты ж яўку з павіннай падпісаў! Глядзі, не адмаўляйся, бо зусім скалечым”.

Калі маці стала пісаць скаргі ў Следчы камітэт і пракуратуру – невядомыя асобы сталі пагражаць і ёй.

Урэшце 9 сакавіка Віталя накіравалі на экспертызу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя ў Навінкі. Марына, калі ў чарговы раз змагла спаткацца з сынам, заўважыла, што ён яшчэ болей схуднеў, ледзьве перасоўваецца, у яго пачала развівацца дыстрафія.  Па словах сына, дактары распавядалі яму пра палавыя акты і мастурбацыю.  Марына мяркуе, што такім чынам Віталя псіхалагічна рыхтавалі на ролю дасведчанага гвалтаўніка.

15 красавіка Віталя вярнулі ў Гомельскае СІЗА. Неўзабаве следства павінна было скончыцца, але яго працягнулі яшчэ на 1 месяц. У гэты час следчыя дзеянні працягваюцца.

Каментуючы гэтую шакіруючую сітуацыю юрыст-праваабаронца Павел Сапелка адзначае:

“Расследаванне крымінальнай справы такой ступені цяжкасці патрабуе асаблівых высілкаў следчых з тым, каб былі максімальна захаваны працэсуальныя гарантыі абвінавачанага. Безумоўна, тая акалічнасць, што абвінавачаны мае асаблівасці псіхафізічнага развіцця, накладае ў гэтым сэнсе павышаную адказнасць на орган, які вядзе крымінальны працэс.

Асаблівую заклапочанасць праваабаронцаў выклікае нерасследаваны выпадак прымянення гвалту да абвінавачанага, тым больш, што не расследавана і не выключана дачыненне супрацоўнікаў міліцыі да арганізацыі прымянення гвалту, як сродку схіліць абвінавачанага да прызнання сваёй віны. У любым выпадку, гвалт ўжыты да зняволенага следчага ізалятара, які павінен быў знаходзіцца там не толькі пад наглядам, але і пад абаронай персаналу. Са шкадаваннем вымушаны выказаць здагадку, што за працяглы час многія доказы і магчымасць іх фіксацыі ўжо могуць быць згубленыя".

Дата суду над Віталём пакуль не прызначаная, аднак складваецца ўражанне, што не зважаючы на ягоную псіхічную хваробу, а таксама вынікі экспертыз, следчыя шляхам пагроз і запалохвання, намагаюцца давесці крымінальную справу да завяршэння.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства