Адвакат перадаў суддзі словы Андрэя Бандарэнкі аб тым, што ён падвяргаецца правакацыям
Суд Ленінскага раёна Магілёва 8 лютага разгледзеў скаргу былога кіраўніка праваабарончай арганізацыі «Платформ Іннавэйшн» Андрэя Бандарэнкі на спагнанне, вынесенае яму адміністрацыяй турмы №4 г. Магілёва.
Праваабаронца спрабаваў абскардзіць чарговае дысцыплінарнае спагнанне, якое было накладзена 11 студзеня нібыта за тое, што ён не трымаў рукі за спіной. У выніку гэтага спагнання асуджаны быў пазбаўлены чарговага кароткатэрміновага спаткання.
Па інфармацыі “Магілёўскай Вясны”, скаргу разглядала суддзя Галіна Тарасава. На паседжанні прысутнічалі прадстаўнік Андрэя Бандарэнкі – адвакат Вадзім Мушынскі і прадстаўнік турмы Міхаіл Кірыенка. Мушынскі хадайнічаў аб дастаўцы зняволенага на працэс, аднак суддзя адхіліла хадайніцтва.
З матэрыялаў справы вынікае, што 4 студзеня Бандарэнку вывелі пад канвоем у душ. Аднак з-за ўзнятай трывогі канвой пакінуў яго ў калідоры ў становішчы тварам да сцяны і рукамі за спіной пад наглядам дзяжурнага паставога Куракова. Недалёка у тым жа калідоры знаходзіўся іншы вязень. Ён пачаў запытвацца ў Бандарэнкі, як таго завуць і ў якой камеры ён сядзіць. У адказ Бандарэнка моўчкі сігналізаваў рукой, што не збіраецца размаўляць. Паставы Куракоў загадаў спыніць перамовы.
Міхаіл Кірыенка заявіў, што Бандарэнка павінен быў выконваць патрабаванні канваіра, стаяць да сцяны тварам і трымаць рукі за спіной. Аднак падчас размовы Бандарэнка дазволіў сабе зрабіць жэст рукой. За гэтага 11 студзеня было вынесена дысцыплінарнае спагнанне, з-за чаго зняволенага пазбавілі адзінага ў годзе кароткатэрміновага спаткання.
Вадзім Мушынскі перадаў суду словы Бандарэнкі аб тым, што ён увесь час падвяргаецца правакацыям і размова з іншым зняволеным цалкам можа быць адной з іх:
– Трэба мець на ўвазе, што Бандарэнка адбывае свой тэрмін у адзіночнай камэры, на чым настаяў сам. Нягледзячы на гэта, адміністрацыя не агароджвае яго ад іншых вязняў. Гэта меркаванне самога Бандарэнкі.
Падчас спрэчак адвакат звярнуў увагу суда на нестыкоўкі ў матэрыялах справы:
– У рапарце Куракова пазначана, што «Бандарэнка парушыў меры ізаляцыі, а менавіта перамаўляўся з асуджаным Латышавым. Мае законныя патрабаванні спыніць перамовы не выканаў, працягваў перагаворвацца, чым парушыў правілы ўнутранага распарадку». Аналагічныя паказанні ён дае ў сваіх тлумачэннях.
А ў пастанове аб накладанні дысцыплінарнага спагнання сказана, што Бандарэнка не выканаў патрабаванні прадстаўніка адміністрацыі стаць тварам да сцяны і трымаць рукі за спіной. Але гэтых патрабаванняў да Бандарэнкі не паступала! Не рабіў такіх заўваг Куракоў. За што пакараны Бандарэнка? Вялікае пытанне. Ужо на гэтай падставе спагнанне павінна быць адменена, – сказаў Мушынскі.
Прадстаўнік турмы заявіў у адказ, што заўвагу пра рукі за спіной Бандарэнку зрабілі іншыя канваіры. На гэта адвакат працытаваў вытрымкі з дакладу прадстаўніка адміністрацыі турмы Падрабінкіна, які праводзіў праверку па інцыдэнце. Згодна з ім, Бандарэнка атрымаў спагнанне менавіта за невыкананне патрабаванняў Куракова.
– Іншых асоб у рапарце не пазначана. А Куракоў, мяркуючы па яго рапарту, ніякіх патрабаванняў пра рукі за спіной не прад’яўляў.
Суддзя Галіна Тарасава выносіла рашэнне больш за паўтары гадзіны і ў выніку адмовіла ў задавальненні скаргі.
У той жа дзень, раніцай 8 лютага, калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда разгледзела касацыйную скаргу Бандарэнкі на рашэнне Ленінскага раённага суда. Нагадаем, 19 снежня суддзя Тарасава пакінула ў сіле дысцыплінарнае спагнанне за адсутнасць дакладу падчас наведвання камеры супрацоўнікам турмы, а таксама за няякасна зробленыя канверты. Скарга пакінутая без задавальнення.
А сёння ў судзе Ленінскага раёна Магілёва адбудзецца папярэдняе паседжанне па крымінальнай справе Андрэя Бандарэнкі, які абвінавачваецца ў парушэнні арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.
Справа была ўзбуджана Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта па ініцыятыве адміністрацыі турмы, у аснову абвінавачвання пакладзеныя тры парушэнні, па якіх Андрэю Бандарэнку былі вынесеныя дысцыплінарныя спагнанні.