Андрэй Бандарэнка абскарджвае спагнанні ў судзе
8 лютага ў Магілёве ідуць адразу два працэсы ў сувязі з дысцыплінарнымі спагнаннямі з боку магілёўскай турмы №4 у дачыненні да Андрэя Бандарэнкі.
У дзесяць гадзін раніцы калегія па грамадзянскіх справах Магілёўскага абласнога суда разгледзела касацыйную скаргу Бандарэнкі на рашэнне Ленінскага раённага суда. Нагадаем, 19 снежня суддзя Тарасава пакінула ў сіле дысцыплінарнае спагнанне за адсутнасць дакладу падчас наведвання камеры супрацоўнікам турмы, а таксама за няякасна зробленыя канверты. Старшынствавала ў калегіі суддзя Ірына Маймусава, інтарэсы Бандарэнкі прадстаўляў адвакат Вадзім Мушынскі, паведамляе магілёўскі праваабарончы сайт mspring.online.
- Я хачу звярнуць увагу на тое, што ў рашэнні раённага суда не ўтрымліваецца ніякіх высноў адносна довадаў, якія былі ўказаны ў скарзе Бандарэнкі. Толькі прадубляваны нейкія нормы Крымінальна-выканаўчага кодэкса, прыведзены правілы распарадку турмы, пералічаны матэрыялы справы - і ўсё, - заявіў абаронца.
Мушынскі сказаў, што адміністрацыі турмы нічога не перашкаджала павесіць графік дзяжурства, як гэта зроблена ва ўсіх іншых камерах, перш чым ставіць у віну Бандарэнку адсутнасць дакладу.
- Акрамя таго, звычайна кантакт паміж зняволеным і кантралёрам адбываецца праз вакенца ў дзвярах, а тут супрацоўнік турмы ўвайшоў прама ў камеру, з-за чаго Бандарэнка разгубіўся. Звяртаю ўвагу на тое, што сам кантралёр нічога пра адсутнасць дакладу не сказаў. Толькі другі супрацоўнік, калі ўвайшоў у камеру, абвінаваціў зняволенага ў гэтым. Што тычыцца няякасных канвертаў, то там была сітуацыя, калі некалькі канвертаў проста трохі склеіліся паміж сабой. Гэта лёгка выправілі. Я лічу, у абодвух выпадках можна было абмежавацца прафілактычнай гутаркай, - выказаў свой пункт гледжання Вадзім Мушынскі.
Адвакат яшчэ раз папрасіў адмяніць рашэнне суда Ленінскага раёна, прызнаць правату Андрэя Бандарэнкі і зняць дысцыплінарнае спагнанне. Нягледзячы на довады, калегія адмовіла ў задавальненні скаргі.
Па словах Мушынскага, ён разам з падабаронным абскардзіць гэтае рашэнне ў старшыні Магілёўскага абласнога суда.
У 14:40 ў судзе Ленінскага раёна Магілёва пачынаецца разгляд іншай скаргі зняволенага.