viasna on patreon

Палуда да Андрэйчанкі: Пакажыце дэпутатам асабістым прыкладам належную працу са зваротамі грамадзян

2017 2017-01-27T15:36:40+0300 2017-01-27T16:55:31+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/paslanni_parlamentu.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда паўторна звярнуўся да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі, каб заклікаць яго паказваць асабістым прыкладам іншым дэпутатам належную працу са зваротамі грамадзян.

Яшчэ 12 снежня праваабаронца накіраваў пісьмовыя звароты ў адрас усіх 110-ці новаабраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, у якіх заклікаў правесці парламенцкія слуханні па праблеме смяротнага пакарання ў Беларусі, а яго звароты разгледзіць і даць пісьмовыя адказы.

13 снежня Андрэй Палуда атрымаў паштовыя паведамленні аб дастаўцы зваротаў кожнаму з дэпутатаў, але за ўвесь час пісьмовыя адказы паступілі толькі ад трох дэпутатаў – Наўмовіча А.М., Папко В.М., Гуйвік Н.В. І толькі дэпутатам Аленай Анісім падчас правядзення паседжання Палаты прадстаўнікоў было прапанавана правядзенне парламенцкіх слуханняў па пытанні смяротнага пакарання.

Цяпер ў звароце праваабонца нагадвае старшыні Палаты прадстаўнікоў, што дэпутаты абавязаныя разглядаць атрыманыя імі звароты грамадзян, прымаць меры для іх поўнага, аб’ектыўнага, усебаковага і сваечасовага разгляду ў адпаведнасці з заканадаўствам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. Пры гэтым, пісьмовыя звароты павінны быць разгледжаныя не пазней пятнаццаці дзён, а звароты, якія патрабуюць дадатковага вывучэння і праверкі,  - не пазней аднаго месяца.

Адзіным выключэннем з гэтых правілаў з’яўляюцца абставіны, калі дэпутат Палаты прадстаўнікоў адсутнічае ў сувязі з адпачынкам, часовай непрацаздольнасцю, службовай камандзіроўкай, згодна з чым тэрмін разгляду зваротаў вылічваецца са дня, які наступае за днём заканчэння такіх абставінаў.  

“Я вельмі моцна сумняюся, што амаль абсалютная большасць дэпутацкага корпусу не здолела пісьмова адказаць на мой зварот у вызначаныя дзеючым заканадаўствам тэрміны па вышэй указаных прычынах”, - піша Андрэй Палуда.

Для яго асабліва дзіўнай выглядае адсутнасць рэакцыі дэпутатаў на яго звароты на фоне нядаўніх заяваў старшыні Пастаяннай камісіі, кіраўніка рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, дэпутата Навумовіча А.М. аб магчымасці правядзення парламенцкіх слуханняў па тэме смяротнага пакарання ў 2018 годзе.

“Лічу, што Вы як старшыня Палаты прадстаўнікоў і дасведчаны дэпутат, які з 2008 года абіраецца на гэтую пасаду, павінны паказваць асабісты прыклад іншым дэпутатам, у тым ліку прыклад належнай працы са зваротамі грамадзян”, – падкрэслівае праваабаронца ў звароце да Уладзіміра Андрэйчанкі.

І просіць яго ўсё ж такі даць пісьмовы адказ на зварот ад 13 снежня 2016 года і заклікаць іншых дэпутатаў да гэтага. А таксама давесці дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь нормы дзеючага заканадаўства, якія рэгулююць парадак працы дэпутатаў са зваротамі грамадзян і неабходнасць іх няўхільнага выканання, каб пазбегнуць такіх выпадкаў у будучыні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства