viasna on patreon

Глыбоцкая калонія: Да жыцця чалавека тут ставяцца лёгка: сышоў - туды табе і дарога

2017 2017-01-24T09:45:06+0300 2017-01-24T10:18:34+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/glybokae-kalonia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Папраўчая калонія асобага рэжыму № 13 у горадзе Глыбокае. Фота ПЦ "Вясна".

Папраўчая калонія асобага рэжыму № 13 у горадзе Глыбокае. Фота ПЦ "Вясна".

Інфармацыя пра выпадкі смерці зняволеных, якая часам прасочваецца з-за муроў папраўчай калоніі асобага рэжыму № 13 у Глыбокім, усё больш і больш непакоіць праваабаронцаў. Літаральна дзень таму паведамлялася пра факт смерці 4 студзеня асуджанага жыхара Жлобіна Валянціна Пішчалава ў машыне «хуткай дапамогі», якая была выкліканая ў калонію. Па словах ягонай маці, сын захварэў яшчэ 23 снежня 2016 года. У яго была тэмпература 39 градусаў, але яму не толькі не аказвалі медыцынскай дапамогі, але і адпраўлялі хворага на працу на пілараму.

А за некалькі дзён да гэтага трагічнага выпадку яшчэ адзін вязень глыбоцкай калоніі скочыў з вакна бараку і разбіўся.

“Перад навагоднімі святамі, - паведамляе праваабаронцам ананімная крыніца, адзін са зняволеных ПК №13 Н., - у камеру №3 ШЫЗА прывялі асуджанага жыхара г. Салігорска Юрчыка. Было чуваць, што ён просіць выклікаць намесніка начальніка па РОР (вышуковая аператыўная праца), паколькі яму тэрмінова патрабуецца медыцынская дапамога, але яго з прымяненнем сілы запіхнулі назад у камеру. Потым стала вядома, што ён абвясціў сухую галадоўку па прычыне адмовы ў лячэнні. З ім у камеры сядзела яшчэ двое чалавек (прозвішчы па вядомых прычынах не называем), якія спрабавалі адгаварыць яго ад галадоўкі, але Юрчык паведаміў, што хоча пакончыць з жыццём”.

2 студзеня, пасля 5 сутак ШЫЗА, Юрчыка адпусцілі ў жылую зону. Той адразу адкрыў вакно на 3 паверсе жылой секцыі, крыкнуў зняволеным у “лакалцы”, якія выйшлі на прагулку, каб расступіліся і галавой уніз кінуўся з вакна на бетоннае пакрыццё дворыка. У гэты ж дзен ён памёр у бальніцы горада Глыбокае.

Яшчэ выходзячы з ШЫЗА Юрчык папрасіў сукамернікаў паведаміць журналістам, як кіраўніцтва Глыбоцкай калоніі давяло яго да самагубства.

Тэрмін зняволення загінулага, у параўнанні з іншымі асуджанымі па арт. 328 КК, быў адносна невялікі - 2,5 года. Юрчык, па інфармацыі, якая стала вядома праваабаронцам, пакутаваў на гемарой. З-за моцных боляў не мог працаваць, прасіў, каб яму зрабілі аперацыю, дапамаглі. Але ніхто яго не пачуў, і ён, не вытрымаўшы такога стаўлення да сябе, пакончыў жыццё самагубствам.

Адрасат Н. таксама паведаміў, што за час адбыцця пакарання ў папраўчай калоніі асобага рэжыму № 13 у горадзе Глыбокае, ён застаў тут 5 смяротных выпадкаў асуджаных па прычыне суіцыду, альбо з-за адсутнасці належнай медыцынскай дапамогі, альбо ў выніку няшчаснага выпадку на вытворчасці.

У пачатку чэрвеня 2016 года ў ПК-13 памёр Сяргей Ішчук, асуджаны па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса. Ягоная жонка лічыць, што стан здароўя мужа пагоршыўся з-за затрымкі лячэння і несвоечасовага аказання належнай медыцынскай дапамогі.

У групе “Беларуская турма”  ў суполцы “УКантакце” Валянціна Л. паведамляе:

«Брат расказваў, што ў іх [ПК-13- Рэд.] смерці здараюцца рэгулярна. Да жыцця чалавека там ставяцца вельмі лёгка: сышоў - туды табе і дарога. Летам на дрэваапрацоўчай вытворчасці загінуў хлопец - у яго літаральна ўваткнуўся востры кавалак дошкі, які адляцеў ад станка. Памёр на вачах іншых зняволеных. Супрацоўнік адміністрацыі толькі памяняў яму абутак на казённы - каб для правяраючых выглядала, што ён працаваў без парушэнняў формы адзення. А як год пачаўся, другі зняволены выскачыў праз акно і разбіўся - таксама спісалі на няшчасны выпадак. Да гэтага часу ў адной камеры чалавек ляжыць з апошняй стадыяй рака, памірае, але рэальнай дапамогі ніякай не атрымлівае”.

Папраўчая калонія асобага рэжыму № 13 у горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці лічыцца адным з самых суровых месцаў зняволення ў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства