viasna on patreon

Віцебскі абласны суд не задаволіў касацыйную скаргу звольненага актывіста СПБ Міколы Шараха

2016 2016-08-08T21:50:40+0300 2016-08-08T21:51:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sharah-mikola-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікола Шарах у судовай зале.

Мікола Шарах у судовай зале.

Намеснік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага, сябра Рады пры Міністэрстве працы па ўдасканаленні працоўнага заканадаўства, намеснік кіраўніка “пярвічкі” СПБ на “Шкловалакне” спадар Шарах спрабаваў дамагчыся адмены рашэння Полацкага суду, які пацвердзіў законнасць ягонага звальнення.

Мікалай Шарах звяртаўся ў абласны суд, працягваючы змаганне за сваё аднаўленне на працы. Больш за 30 гадоў ён адпрацаваў на “Шкловалакне”, апошнія некалькі год – памочнікам майстра ў цэху №7. Мае дзве вышэйшыя адукацыі – профільную і юрыдычную. Сёлета адміністрацыя адмовілася працягнуць з ім працоўны кантракт, перад тым змяніўшы калектыўную дамову. Раней з работнікам перадпенсійнага ўзросту - а Міколу Шараху ў траўні споўнілася 58 – працягвалі кантракт, калі ён не меў спагнанняў на працягу апошняга году. Паволе апошняй рэдакцыі, кантракт працягваюць толькі з “добрасумленнымі работнікамі, якія не мелі спагнанняў за ўвесь час дзеяння апошняга кантракту. У выпадку Міколы — гэта 5 гадоў. І за гэты тэрмін яму прыгадалі ажно тры парушэнні дысцыпліны: спазненне на працу на 10 хвілін у 2014 годзе, парушэнне інструкцыі па ахове працы ў 2012 годзе і нават прагул у 2012 годзе — калі Мікола ездзіў на семінар у замежжа. 

Па скарзе Мікалая Шараха, незадаволенага судовым рашэннем, прынятым у Полацку 24 чэрвеня, з аглядам выступіла суддзя Таццяна Матушайкес. Прадстаўнік прадпрыемства Васіль Зацірахін, загадчык аддзелу прававога забеспячэння на ААТ “Полацак-Шкловалакно”, падтрымаў рашэнне суду першай інстанцыі. І пасля кароткага выступу спадара Шараха, які казаў пра тое, што ягонае звальненне наўпроста звязана з дыскрымінацыяй работнікаў па прафсаюзнай прыкмеце, судовая калегія вырашыла пакінуць рашэнне Полацкага суду без зменаў, а скаргу заяўніка – без задавальнення.

“У нашай дзяржаве немагчыма перамагчы, калі ты пратэстуеш на дзяржаўным прадпрыемстве. А суд мусіць быць спаборным – каб бакі спаборнічалі, у каго болей аргументаў. Не ў каго кувалда цяжэйшая, як у нас атрымліваецца, а ў каго больш пераканаўчыя аргументы. У маім выпадку мае аргументы да ўвагі не прымаліся, суд быў вельмі кароткі, падрабязна справа не разглядалася. Магчымасцяў перамагчы ў такім судзе няма”, -- адкаментаваў вынік Мікалай Шарах.

Ён пэўны, што сапраўдная прычына непрацягнення з ім кантракту – гэта не барацьба за працоўную дысцыпліну, а змаганне супраць незалежнага прафсаюзу. Тым болей, што выпадак з непрацягненнем кантракту, калі гэта тычыцца актывіста СПБ  – не першы  на “Полацк-Шкловалакно”. Некалькі гадоў таму быў звольнены калега спадара Шараха, кіраўнік мясцовай суполкі СПБ Віктар Стукаў. Аднавіцца праз суд яму не ўдалося, хаця кіраўнік “пярвічкі” меў шмат доказаў здзейсненых пра ягоным звальненні парушэнняў.  На думку прафсаюзных актывістаў, адміністрацыя прадпрыемства імкнецца “ізаляваць” іх ад супрацоўнікаў, каб тыя не даносілі да Свабоднага прафсаюза свае праблемы і скаргі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства