viasna on patreon

Суд не дапамог звольненаму актывісту СПБ Мікалаю Шараху аднавіцца на працы

2016 2016-06-24T11:16:57+0300 2016-06-24T11:17:26+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sharah-mikola-polackk-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спадар Шарах, работнік з больш як 30-гадовым стажам, быў звольнены з ААТ “Полацк-Шкловалакно”, калі яму заставалася менш як 3 гады да пенсіі. Полацкі суд падрымаў рашэнне наймальніка, не ўбачыўшы ні парушэнняў заканадаўства, ні праяваў дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце.

На судовым працэсе, які распачаўся 21 чэрвеня  на “Шкловалакне”,  найбольш актыўна абмяркоўвалася, ці быў актывіст незалежнага прафсаюзу “добрасумленным работнікам”.  Суддзя Зузана Плакса акцэнтавала ўвагу на фармулёўку ў працоўным заканадаўстве пра тое, што кантракт заключаюць  з тым, хто “працуе добрасумленна”. Але нідзе не акрэслена, у чым вымяраецца гэтая якасць.

На  ААТ “Полацк-Шкловалакно” прапанавалі ўласную трактоўку, прычым свядома пагоршыўшы гэтым становішча працаўнікоў, лічыць кіраўнік пярвічкі СПБ Віктар Стукаў:

“Мікалаю абвясцілі пра непрацягненне кантракта неўзабаве пасля таго, як змянілі адно з важных палажэнняў калектыўнай дамовы. Дарэчы, прадстаўніка нашага СПБ у камісію, якая прыняла змены, не ўключылі. Змены такія:  раней  з работнікам перадпенсійнага ўзросту заключалі працоўныя кантракты, калі ён не меў спагнанняў на працягу апошняга году. Гэта лагічна: любая вымова праз год анулюецца, і чалавек больш не лічыцца парушальнікам. Аднак цяпер у калектыўную дамову запісалі, што работнік не павенен мець спагнанняў за ўвесь час апошняга кантракту. У выпадку Міколы – гэта дзве вымовы ў 2012 годзе – за парушэнне бяспекі працы і за ад’езд на навучальны семінар, калі ён не ведаў, што яго не адпусцілі ў адпачынак. Зразумела, што год з тае пары даўно прайшоў. Прамінуў год і пасля вымовы за 10-хвіліннае спазненне ў 2014 годзе. Аднак цяпер пакаранні на  “Шкловалакне” не маюць  “тэрміна даўніны”. Пад гэты ўдар трапіў не толькі Мікалай Шарах, але і ўсе іншыя працаўнікі, якія апынуліся перад пагрозай непрацягнення кантракту”.

Актывісты СПБ звярнуліся ў інспекыю працы, і там пацвердзілі:  унесеныя змены ў калектыўную дамову пагоршылі становішча працаўнікоў. Аднак начальнік прававога забеспячэння Васіль Зацірахін пераконваў суд, што становішча работнікаў палепшылася: цяпер, маўляў, усе ведаюць, што “кантрольны перыяд” – гэта тэрмін усяго кантракта, а не адзін год пасля спагнання.

Другі сведка, Аляксандр Сапега, начальнік цэха №7, дзе працаваў памочнікам майстра Мікола Шарах, дык і ўвогуле  падчас працэса абражаў актывістаў – назваў Віктара Стукава “падонкам”, а Мікалая Шараха ахарактэрызаваў як лайдака і прагульшчыка. Хоць апрача пералічаных трох вымоваў аніякіх аргументаў прывесці не мог, адзначае спадар Шарах:

“Што да апошняй вымовы за спазненне, то я атрымаў яе выключна па ініцыятыве начальніка цэха. Ён быў у адпачынку, калі гэта здарылася, і ягоны намеснік аддаў распараджэнне, каб мяне пакаралі пазбаўленнем прэміі. Аднак спадар Сапега, вярнуўшыся, гэтае пакаранне  адмяніў, і вынес мне вымову. Хачу адзначыць, што і гэта прыкмета дыскрымінацыі: нават на прахадной спазненні такога маштабу не заўжды ўлічваюцца, але сябры СПБ – пад асаблівай увагай. І таму я атрымаў спагнанне як злосны парушальнік працоўнай дысцыпліны… Да ўсяго, цягам апошніх год  спадар Сапега неаднаразова пагражаў звальненнем і мне асабіста, і казаў іншым работнікам: “Пачакайце, я выганю вашага заступніка, і не будзе тут ніякага СПБ”.

Мікалай Шарах неаднаразова падкрэсліваў: калі яго адновяць на працы, адмяніўшы новаўвядзенне ў калектыўнай дамове  і вярнуўшы ў адпаведнасць заканадаўствам, то гэта будзе прызнаннем роўнасці абодвух прафсаюзаў. Адно з патрабаванняў да наймальніка ён так і сфармуляваў - каб адміністрацыя зрабіла ўсе захады дзеля ліквідавання дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце.  Таксама ён патрабаваў ад ААТ «Полацак-Шкловалакно» аднаўлення на ранейшай пасадзе і на ранейшых працоўных умовах, грашовай кампенсацыі за вымушаны прагул, кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў і матэрыяльнай кампенсацыі за тое, што яму амаль два месяцы не вярталі працоўную кніжку.

Ніводнае з патрабаванняў суд не задаваліў. Нават апошняе, хаця Мікола Шарах праз нядбайнасць супрацоўнікаў адміністрацыі рэальна не мог уладкавацца на іншую працу, не маючы на руках працоўнай кніжкі.

Намеснік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага, былы работнік  ААТ «Полацак-Шкловалакно» Мікалай Шарах  збіраецца абскарджваць рашэнне полацкага суду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства