viasna on patreon

Пачаўся суд па іску актывіста СПБ Мікалая Шараха да ААТ “Полацк-Шкловалакно” за аднаўленне на працы

2016 2016-06-22T22:14:33+0300 2016-06-22T23:01:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sharah-mikola-polackk-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Шарах

Мікалай Шарах

Першае пасяджэнне адбылося 21 чэрвеня непасрдна на прадпрыемстве.  Прадстаўнік адказніка Васіль Зацірахін заявіў, што Мікала Шарах “мае сталы ўзрост і не дужа добрае здароўе”, і гэта нібыта стала адной з прычын, каб не працягнуць з ім кантракт.

Намеснік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага Мікалай Шарах перакананы, што непрацягненне кантракту – гэта дыскрымінацыя па прафсаюзнай прыкмеце – за сяброўства і актыўную дзейнасць у незалежным  СПБ. Але прадстаўнік адказніка, начальнік аддзела прававога забеспячэння прывёў не менш абуральныя тлумачэнні, кажа спадар Шарах:

“Адкуль, мне цікава, прадстаўнік адказніка Васіль Зацірахін ведае пра стан майго здароўя? Гэта ўмяшанне ў асабістае жыццё – даведвацца пра такое, а потым публічна пераказваць у судзе. Напэўна, спадар Зацірахін гэта ўцяміў і пачаў апраўдвацца, што нічога не ведае. Потым заявіў, што ў мяне “сталы ўзрост”, што мне цяжка працаваць на вытворчасці. І што адміністрацыя зрабіла мне паслугу, не працягнуўшы кантракт, хоць я пісаў заяву, што маю жаданне працаваць да дасягнення пенсійнага ўзросту – 60 год. Атрымліваецца, у нас яшчэ і дыскрымінацыя па ўзросце? Чаму ж тады адміністрацыя не паклапацілася пра сталых работнікаў, змяніўшы калектыўную дамову такім чынам, што яны апынуліся перад рызыкай не дапрацаваць да пенсіі, як у маім выпадку?”

Якраз перад тым, як скончыўся тэрмін кантракту з Мікалаем Шарахам, на  ААТ “Полацк-Шкловалакно”  змянілі калектыўную дамову, прычым змены зацвердзілі без удзелу прадстаўнікоў СПБ. Раней з чалавекам, якому менш як тры гады да пенсіі, працягвалі кантракт пры ўмове, што ён не мае працоўных спагнанняў. За які тэрмін – не вызначалася, але глядзелі – каб вымоваў не было за апошні год.  Цяпер гэты пункт змянілі, запісаўшы, што спагнанняў нельга мець за ўвесь тэрмін апошняга кантракту. Такім чынам пагоршылася становішча працаўнікоў, у якіх кантракты былі заключаны да прыняцця зменаў.

“Але спадар Зацірахін цвердзіў у судзе, што ўмовы работнікаў палепшыліся – раз цяпер з’явілася палажэнне, што практычна любое працоўнае спагнанне падчас дзеяння ранейшага кантракту можа стацца падставай для звальнення. Логіка неспасцігальнае, тым болей, што і інспекцыя працы заўважыла пагаршэнне і рэкамендавала адміністрацыі прывесці калектыўную дамову ў адпаведнасць з заканадаўствам, дзе тэрмін не акрэслены. На практыцы гэта – год, бо, напраклад, вымова аўтаматычна “здымаецца”, праз год пасля спагнання. У выпадку ж Мікалая Шараха згадалі парушэнні 2012 года, якія даўно скасаваліся!”- тлумачыць кіраўнік “пярвічкі” СПБ на прадпрыемстве Віктар Стукаў.

Усго парушэнняў за час пяцігадовага кантракту было тры. Пра апошняе Мікалай Шарах распавёў у судзе:

“Справа была ў 2014 годзе. Я спазніўся на працу на 10 хвілін. Праспаў. Ехаў на таксоўцы. Такія спазненні ў нас нават на вахце не фіксуюцца, але начальнік цэха вырашыў мяне пакараць: пастанавіў пазбавіць 25 адсоткаў прэміі. Ну, што зробіш – вінаваты! Аднак праз два дні гэтае распараджэнне  адмяняюць і прымаць іншае – абвясціць мне вымову.  Гэта ўжо спагнанне. Хоць з тае пары я анічога не парушыў”.

Начальнік аддзела прававога забеспячэння Васіль Зацірахін тлумачыў суду, што кантракты заключаюцца толькі з добрасумленнымі работнікамі. У чым вымяраецца добрасумленнасць, і колькі  спагнанняў з’яўляецца паказнікам нядобрасумленнасці, ён патлумачыць не змог.

Сітуацыю са звальненнем 58-гадовага прафсаюзнага лідэра, з якім не працягнулі кантракт, ён спрабаваў прад ставіць суду як “ардынарную”. І таму выступіў супраць вядзення фота- і відэаздымак у судзе. Гэты пратэст падтрымала і пракурор Таццяна Коцур.

Суддзя Зузанна Плакса абвясціла перапынак у судзе да 23 чэрвеня. Працэс, які распачаўся непасрэдна на прадпрыемстве “Полацк-Шкловалакно”, там жа будзе і працягнуты.  Мікалай Шарах мае наступныя патрабаванні: аднавіць яго на ранейшай пасадзе з ранейшымі працоўнымі ўмовамі,  сплаціць грашовую кампенсацыю за вымушаны прагул, а таксама кампенсацыю маральнай шкоды памерам 10 мільёнаў рублёў. І захадаў з боку адміністрацыі, каб на прадпрыемстве не было дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце, да праяваў якой ён адносіць і ўласнае звальненне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства