viasna on patreon

На ААТ “Полацк-Шкловалакно” пройдзе суд паводле зыску актывіста Свабоднага прафсаюза

2016 2016-06-16T01:34:09+0300 2016-06-16T01:34:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sharah-mikola-polackk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Шарах.

Мікалай Шарах.

Мікола Шарах, намеснік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу Беларускага, сябра Рады пры Міністэрстве працы па ўдасканаленні працоўнага заканадаўства, намеснік кіраўніка “пярвічкі” СПБ на “Шкловалакне”, хоча аднавіцца на працы.

З 30 красавіка 2016 года ён беспрацоўны, бо адміністрацыя не працягнула з ім працоўны кантракт. Спадар Шарах кажа, што падставы для гэтага былі прыдуманы штучныя, а сапраўдная – адна: незадавальненне актыўнасцю чальцоў СПБ  на прадпрыемстве. Прафсаюзны лідар згадвае, што некалькі апошніх месяцаў перад сканчэннем кантракта прадстаўнікі адміністрацыі пагражалі яму звальненнем, а таксама запалохвалі рабочых – маўляў, звольнім Шараха, і не будзе каму за вас заступацца…

Непасрэдна перад тым, як завяршыўся тэрмн кантракту з Мікалаем Шарахам, на  ААТ “Полацк-Шкловалакно”  змянілі калектыўную дамову, прычым змены зацвердзілі без удзелу прадстаўнікоў СПБ. Раней з чалавекам, якому менш як тры гады да пенсіі, — а Міколу Шараху ў траўні споўнілася 58, было неабходна працягваць кантракт. Галоўнае, каб  ён не меў працоўных спагнанняў цягам апошняга году. Але цяпер у калектыўную дамову запісалі, што спагнанняў нельга мець за ўвесь тэрмін апошняга кантракту. У выпадку Міколы — гэта 5 гадоў. І за гэты тэрмін адміністрацыя знайшла пару зачэпак — спазненне на працу на 10 хвілін у 2014 годзе, парушэнне інструкцыі па ахове працы ў 2012 годзе і нават прагул у 2012 годзе — калі Мікола ездзіў на семінар у замежжа.  Новаўвядзенні пагаршаюць становішча рабочых, таму яны несправядлівыя, - падкрэслівае Мікола Шарах. Аднак дамагчыся, каб змены адмянілі, пакуль не ўдаецца.

Таму актывіст СПБ звярнуўся ў суд з зыскам супраць ААТ “Полацк-Шкловалакно”. Падчас папярэдняй гутаркі кансэнсусу знайсці не ўдалося, і суддзя Зузана Плакса прызначыла пачатак судувага разбіральніцтва на 21 чэрвеня. Прычым  вырашыла, што працэс будзе адбывацца непасрэдна на прадпрыемстве, а не ў судзе.

“З аднаго боку, гэта зразумела: суд можаў любы момант запатрабаваць нейкія дакументы, і іх не трэба будзе дасылаць па пошце. Або тут жа выклікаць неабходных сведак. Аднак у такім выпадку адміністрацыя мусіць забяспечыць усім ахвотным магчымасць трапіць на працэс. Ён адкрыты, і таму пабываць на судзе маюць права і журналісты, і проста цікаўныя. Я папярэдзіў, што буду патрабаваць вольнага ўваходу на мой суд”, --  сказаў Мікола Шарах.

Гэта будзе ўжо другі судовы працэс, звязаны з ягоным звальненнем. У траўні Полацкі суд аштрафаваў спадара Шараха, а таксама кіраўніка “пярвічкі” СПБ Віктара Стукава за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.  Паводле спадара Стукава, гэта яшчэ адзін факт дыскрымінацыі па прафсаюзнай прыкмеце:  згодна з 87-й Канвенцыяй Міжнароднай арганізацыі працы, дзяржава не мае права ўмешвацца ў прафсаюзную дзейнасць, а пікет якраз і быў праявай такой дзейнасці. Бо праводзіўся  з мэтай распавесці гараджанам  пра парушэнні правоў работнікаў  ААТ.

Мікола Шарах быў аштрафаваны і за непадпарадкаванне міліцыянтам у цывільным, якія гвалтам затрымалі яго пасля акцыі, не назваўшы ні іменаў, ні пасадаў. 

Актывіст СПБ кажа, што вельмі даражыць сваёй працай, якую страціў. Ён аддаў прадпрыемству больш за 30 год свайго жыцця, мае дзве вышэйшыя адукацыі – дна з іх прафесійная, а другая – юрыдычная. Таксама ён мае вялікі працоўны досвед, апошнія гады быў памочнікам майстра ў цэху вытворчасці шкловалакна №7.

Выпадак з непрацягненнем кантракту – не першы падобны на ААТ “Полацк-Шкловалакно”. Некалькі гадоў таму быў звольнены калега спадара Шараха, кіраўнік мясцовай суполкі СПБ Віктар Стукаў. Аднавіцца праз суд яму не ўдалося, хаця кіраўнік “пярвічкі” меў шмат доказаў здзейсненых пра ягоным звальненні парушэнняў.  Прафсаюзным лідарам ён застаўся, але цяпер мае вялікія праблемы з тым, каб трапіць на вытворчасць і паразмаўляць з рабочымі. Такім чынам, на думку прафсаюзных актывістаў, адміністрацыя прадпрыемства імкнецца “ізаляваць” іх ад супрацоўнікаў, каб тыя не даносілі да Свабоднага прафсаюза свае праблемы і скаргі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства