Кіраўнік суполкі СПБ Віктар Стукаў будзе судзіцца з "Полацк-Шкловалакном"
Віктар Стукаў, актывіст Свабоднага Прафсаюзу беларускага, звольнены нібыта за прарушэнне правілаў аховы працы, падаў заяву ў суд. Ён лічыць, што адміністрацыя ініцыявала ягонае звальненне па надуманых прычынах, а сапраўдная прычына іншая – актывізацыя дзейнасці незалежнага прафсаюзу.
Спадар Стукаў быў звольнены 11 сакавіка. На 19 сакавіка прызначана разбіральніцтва па ягонай скарзе ў Полацкім гарсудзе.
" Я звяртаўся і ў пракуратуру, і ў гарвыканкам, і ў полацкую міжраённую інспекцыю працы. Але нідзе не ўзялі на сябе адказнасць за маё аднаўленьне на "Полацак-Шкловалакне". Таму і іду ў суд, бо лічу, што парушана і маё права на працу, і норма міжнароднага права "Аб свабодзе аб'яднаньняў". Бо я кіраўнік суполкі СПБ, і маё звальненне – гэта запалохванне маіх аднадумцаў", -- гаворыць Віктар Стукаў.
Актывіст перакананы, што яго звольнілі, каб мець паменей клопату: на працягу 2012 году суполка СПБ змагалася за тое, каб заробкі рабочых адпавядалі зробленаму, каб адміністрацыя не забывалася пра нормы аховы працы. За парушэнні гэтых нормаў Віктара Стукава і звольнілі. Ён лічыць, што знайсці прычыну для дысцыпллінарных спагнанняў зусім не цяжка:
"Да прыкладу, кожны рабочы ў нашым цэху №7 мусіць працаваць у акулярах. Але яны нязручныя для працы, і мы іх то апранаем, то перасоўваем на лоб – а гэта ўжо парушэнне! Толькі звальняюць за пэўную колькасць такіх парушэнняў менавіта прафсаюзных актывістаў… тым болей, што наша дзейнасць ужо не абмяжоўваецца "родным" прадпрыемствам. Мы кансультавалі, напрыклад, рабочых вінзаводу, якія абураліся ўзроўнем заробкаў і хацелі стварыць сваю суполку СПБ".
СПБ прыняў заяву з нагоды звальнення Віктара Стукава, дзе гаворыцца, што "Дзеянні дырэктара прадпрыемства парушаюць Закон аб прафесійных саюзах РБ і з'яўляюцца перашкодай для дзейнасці Свабоднага прафсаюза".
Напрыканцы мінулага году адміністрацыя "Полацк-Шкловалакно" ўжо спрабавала звольніць спадара Стукава, а таксама Мікалая Шараха, намесніка кіраўніка СПБ па Віцебскай вобласці. Але зрабіць гэта не атрымалася: паводле тагачаснай калектыўнай дамовы, адміністрацыя мусіла ўзгадняць звальненне з двума прафсаюзамі – і з іфіцыйным, і з СПБ. Сябры СПБ выказаліся супраць. Але пасля таго адміністрацыя прадпрыемства дамаглася зменаў у калектыўнай дамове, і цяпер згоды на звальненне пытаюцца толькі ў галіновага прафсаюзу, а ў СПБ толькі паведамляюць пра прынятае рашэньне за два тыдні да звальнення.
Віктар Стукаў гаворыць, што не будзе спыняць сваю дзейнасць у СПБ. Зараз ён працуе на грамадскіх пачатках.
Актывіст спадзяецца аспрэчыць звальненне ў судовым парадку. І для яго гэта ўжо не першае звальненне з "Полацк-Шкловалакна": у 2009 годзе яму пагражалі непрацягненнем кантракту, а ў 2004 годзе ён амаль паўтара месяцы быў беспрацоўным. Пасля яго зноў узялі на працу на тое самае прадпрыемства нібыта "з вуліцы". Бо за актывіста ўступілася "Міжнародная арганізацыя працы".